Суббота, 13 июня, 2026

Радио

Іван Курчонак з вёскі Дудзічы

У 1980-я гады ў нашай газеце быў надрукаваны нарыс Уладзіміра Жураўлёва аб ветэране Вялікай Айчыннай вайны Іване Данілавічы Курчонку з Дудзіч. З невялікімі скарачэннямі і дапаўненнямі мы вырашылі падаць яго зноў. Салдат Перамогі заслужыў, каб памяць пра яго жыла.

*

Не спалася. Ноч выдалася душная. Праз ваконныя шыбы, прыглушаны адлегласцю, даносіўся далёкі грукат грому. Здавалася, што там, за гарызонтам, дзе раз-пораз успыхвае бліскавіца, ідзе жорсткі бой. Снарады перакопваюць лінію абароны, знішчаючы ўсё жывое на ёй, вырываюць з каранямі дрэвы, узнімаюць іх у паветра, нейкі час куляюць, нібы гуляючы, і неахвотна апускаюць на параненую зямлю...

Горкім камяком у горле падступаюць успаміны. Ад іх ужо нікуды не дзецца. Колькі гадоў прайшло з той праклятай вайны, а памяць учэпіста ўтрымлівае самыя нязначныя дробязі. Яны ўрэзаліся ў мозг, нібы маршчыны на твары, бярэдзяць душу, неяк беспрычынна ўсплываюць і ўсплываюць зноў. Ніякаму часу непадуладны яны. Можа ад таго гэта, што вайна прайшлася па жыцці ўсім сваім цяжарам, патрушчыла, паламала лёс, пакінула адбітак у душы на ўсе наступныя гады...

Іван Курчонак не вельмі ахвотна дзяліўся ўспамінамі аб тым, што давялося перажыць. Нешматслоўны, ён жыў сціпла і непрыкметна. А расказаць яму было аб чым. Ордэны Славы ІІІ і ІІ ступені, медалі “За адвагу”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”, падзякі Галоўнакамандуючага і камандавання воінскіх часцей, дзе служыў гвардыі сяржант Курчонак, сведчаць аб тым, што ён добрасумленна выканаў свой грамадзянскі доўг перад Радзімай.

*

Нарадзіўся Іван Данілавіч у 1916 годзе ў вёсцы Дудзічы. Акрамя яго, у Данілы і Алены Курчонкаў былі яшчэ сыны Міхаіл і Андрэй, дачка Панасся. Рос Іван, як і ўсе вясковыя дзеці ў тыя далёкія гады. 3 маленства памагаў бацькам па гаспадарцы, пасвіў кароў, хадзіў у школу. Нялёгкім было жыццё тады, але іншага сабе і не ўяўляў, бо далей роднай вёскі нідзе не быў, нічога іншага не бачыў. Жыў, як і ўсе людзі, якія акружалі яго.

Прызыў на тэрміновую ваенную службу ў канцы 1937 года літаральна перавярнуў у свядомасці сялянскага хлопца ўяўленне аб навакольным свеце. Служыць давялося на Далёкім Усходзе. Праз усю неабсяжную краіну правезлі яго. І ўбачыў тады юнак з Палесся, якая яна вялікая і прыгожая. З першых дзён тэрміновай службы да выканання службовых абавязкаў адносіўся ён так, як і прывык з маленства адносіцца да любой работы – стараўся, па-сялянску шчыра і добрасумленна выконваў усе загады камандзіраў. На яго звярнулі ўвагу, і праз некаторы час накіравалі ў палкавую школу вучыцца на малодшага камандзіра. Іван Курчонак зноў вызначыўся стараннасцю, і праз 11 месяцаў вярнуўся ў сваю часць ужо камандзірам аддзялення. Падабалася ўсё яму ў размераным ходзе салдацкага жыцця. Служыў на самой граніцы. Неспакойнай была яна ў той час. Прадчуванне вялікіх падзей тут было найбольш вострым. Падмацоўвалася яно і частымі начнымі трывогамі.

У адну з такіх начэй і здарылася з Іванам Даніланічам няшчасце. Пасля аб'яўлення трывогі яму было даручана пагрузіць на павозку вайсковую маёмасць і вывезці ў вызначаны раён. Коні добрыя былі, адкормленыя, ды толькі спудзіліся ў дарозе і панеслі. Мясцовасць жа ўзгоркавая, лейцы запуталіся – не ўтрымаць, не ўкіраваць павозкай. Скінула яго з воза на дышаль. Учапіўся, ледзь трымаецца, зямля ў паўметры ад твару нясецца, а коні ўжо наогул узвар'яцелі, з дарогі збочылі.

На павароце зляцеў ён з дышла, а праз некалькі метраў і коні на поўным скаку ўрэзаліся ў слуп. Нічога амаль з павозкі не засталося. Не ўдалося ўцалець і Івану – з пераломам нагі даставілі яго ў ваенны шпіталь.

Доўгія месяцы лячэння, а потым заключэнне камісіі: «годны да нестраявой». Хаця і зрасліся маладыя косці, але нага не згіналася ў калене. Служыць, сказалі ўрачы, на ранейшай пасадзе нельга, але ж і зволіць з арміі таксама нельга. Таму вырашылі прызначыць яго ў гаспадарчае аддзяленне. Так да звальнення ў запас і служыў Іван у ім. Дамоў ужо ехаў з пасаду памочніка камандзіра гаспадарчага ўзвода. Прыехаў у Дудзічы, ажаніўся, пачаў абжывацца. У 1940 годзе у сям’і нарадзіўся сын. А праз год грымнула Вялікая Айчынная...

Мабілізавалі яго ў армію літаральна ў першыя дні вайны. У ваенкамаце ён быў прыпісаны да адной з часцей у Брэсце на хлебапякарню. Зразумела, што трапіць туды ён не змог. А неўзабаве разам з іншымі прызыўнікамі трапіў спачатку ў акружэнне, потым – у палон.

*

...Лагер пад Гомелем, потым у Бабруйску, затым пад Мінскам. Некалькі разоў Іван спрабаваў уцячы. Только на трэці раз яму пашанцавала. Дамоў дабіраўся дамоў па акупіраванай ворагам тэрыторыі. Прастудзіўся, ледзь не памёр. Выратавалі добрыя людзі. На ўсё жыццё застаўся ўдзячны той жанчыне, якая не пабаялася немцаў, прытуліла ў сваёй хаце...

Потым зноў дарога, сустрэча з паліцаямі, якія прымусілі працаваць на немцаў, зноў уцёкі. Нарэшце дабраўся да Дудзіч. Быў партызанскім сувязным, выконваў іх даручэнні, пакуль не прыйшлі нашы.

У сакавіку 1944 года Івана Данілавіча зноў прызвалі ў дзеючую армію. Якраз у гэты час папаўнялася 54-я гвардзейская стралковая дывізія, якую перакінулі ў сакавіку пад Чонкі з украінскага Нікалаева. У 160-ы гвардзейскі стралковы полк гэтай дывізіі ў званні гвардыі малодшага сяржанта і трапіў Іван Курчонак на пасаду начальніка пункта тэлефоннай сувязі 1-га стралковага батальёна. Неўзабаве дывізію перакінулі ў раён Палессе-Гарохавішчы. З гэтых пазіцый дывізія і пачала ўдзел у аперацыі “Баграціён”.

Іван Курчонак вызваляў населеныя пункты Акцябрскага, Глускага, Старадарожскага, Слуцкага і Клецкага раёнаў. Полк наступаў імкліва, і ў першых чыслах ліпеня 1944 года ў баях пад Клецкам Іван Курчонак атрымаў цяжкае раненне. Яго падабралі санітары суседняй дывізіі і направілі ў ваенны шпіталь № 4540. Між тым у палку яго запісалі зніклым без вестак, і 4 ліпеня 1944 года ў Дудзічы жонцы Марыі Маркаўне паляцела “пахаронка”. Але праз некаторы час усё высветлілася, і пасля лячэння Іван Курчонак вярнуўся ў свой полк. Зноў франтавыя дарогі, баі ва Ўсходняй Прусіі.

Да першай ўзнагароды – ордэна Славы ІІІ ступені – Івана Курчонка прадставілі праз тры месяцы пасля прызыву. Ён вызначыўся 25 чэрвеня ў баі за Сякірычы Даманавіцкага раёна, дзе пад шквальным агнём ворага прарабіў праход у провалачных загароджах, далажыў аб гэтым по телефоне камандаванню і да падыходу стралковай роты назіраў за дзеяннямі немцаў і дакладваў у штаб.

Ужо пасля шпіталя, у канцы кастрычніка 1944 года, Іван Курчонак атрымаў медаль “За адвагу” за тое, што забяспечыў бесперабойную сувязь на працягу наступальных баёў 21-26 кастрычніка ва Ўсходняй Прусіі, дзякуючы чаму стала магчымым неперарыўнае кіраванне камандавання баявымі падраздзяленнямі батальёна. А ў канцы лютага 1945 года на грудзях Івана Курчонка, на той час ужо гвардыі старшага сяржанта і камандзіра аддзялення сувязі палка, з’явіўся ордэн Славы ІІ ступені. Ім наш зямляк быў узнагароджаны за тое, што ў студзеньскіх баях у той жа Усходняй Прусіі падчас яраснай контратакі фашыстаў каля горада Альт-Будупенен непасрэдна ўдзельнічаў у баі, дзейнічаў адважна і мужна, асабіста з аўтамата знішчыў больш за дзесятак фрыцаў, чым садзейнічаў адбіццю контратакі і далейшаму наступленню падраздзялення.

Пасля вызвалення Варшавы і фарсіравання Одэра быў штурм Берліна. Але 3 мая 1945 года 54-ю гвардзейскую дывізію пагрузілі ў эшалон і тэрмінова перакінулі ў Чэхаславакію. Дывізія прастаяла там больш месяца, а потым яе накіравалі пад Мінск.

Толькі ў сакавіку 1946 года дэмабілізаваўся з дзеючай арміі Іван Курчонак. Краіна залечвала раны, нанесеныя бязлітасным ворагам. Уставалі з попелу гарады, аднаўлялася гаспадарка, нараджаліся і падрасталі новыя пакаленні. Не зажывалі толькі душэўныя раны ветэранаў. Не зажываюць яны і сёння.

Як выказаць іх боль тым, хто не бачыў жахаў вайны? Ці могуць словы перадаць усю глыбіню пачуццяў чалавека, які не раз глядзеў у вочы смерці, кожнай часцінкай свайго цела адчуваў яе жудасны халодны подых? Здаецца, няма такіх слоў.

Таму і не вельмі ахвотна расказваў Іван Данілавіч пра вайну. Яна ж неадступна жыла ў яго памяці. Калосіцца збажына, згінаючыся пад цяжарам буйных зярнят, і – бачыцца яму кавалак хлеба, які вынесла з хаты старая жанчына, калі прабіраўся з нямецкага палону, грыміць гром, а здаецца страляюць гарматы, рвуцца снарады...

Вайна. Як хочацца забыць пра яе ветэрану. Але яна не забываецца. Не ўправе і мы забываць пра яе, пра тых, хто не вярнуўся з яе палаючых дарог, і пра тых, хто выжыў, данёс да нас праўдзівыя ўспаміны. Гэта трэба ведаць, каб не дапусціць новых жахаў ваеннага ліхалецця.

Думалася пра гэта, калі глядзеў, з якой пяшчотай гладзілі рукі ветэрана каласы збажыны. У гэтай пяшчоце адчувалася прызначэнне селяніна. Ён жыве на зямлі, каб вырошчваць хлеб, а не знішчаць яго. Хочацца верыць, што так будзе вечна.

*

У пасляваенны час Іван Курчонак працаваў на пасадзе старшыні калгаса, потым перайшоў у кантору “Заготзерно” (цяпер гэта ААТ “Калінкавічыхлебапрадукт”), дзе быў загадыкам склада. Апошнія гады да пенсіі працаваў у лясніцтве.

Не стала Салдата Перамогі ў 2004 годзе. Цікава, што прыйшоў ён у гэты свет і адышоў з яго ў адзін дзень – 18 снежня…

Жыццё склалася так, што ў Іван Данілавіч быў жанаты тройчы. У трох шлюбах у яго нарадзілася пяцёра дзяцей (двое ад першай жонкі памерлі). Але жывуць дзеці, унукі і праўнукі. Ім захоўваць і шанаваць памяць пра свайго гераічнага продка, які неаднойчы рызыкаваў уласным жыццём дзеля таго, каб над імі і ўсімі намі было чыстае мірнае неба…

 

Аляксандр Века.

 


Баннер Telegram канала