Четверг, 23 апреля, 2026

Радио

“Аўцюкі” зноў смяшылі ўсю краіну

Пра тое, што смех падаўжае жыццё і з’яўляецца выдатным антыдэпрэсантам, у нашай краіне лепш за ўсіх ведаюць жыхары вёсак Малыя і Вялікія Аўцюкі. Жартуюць яны так, што вы жываты надарвеце, а калі  адведаеце“рагатухі”– аўцюкоўскай “таблеткі ад усіх хвароб”, то і кантроль над нагамі страціце – яны самі пойдуць ў скокі. А яшчэ аўцюкоўцы вельмі гасцінныя. Так добра сустракалі ў 1995 годзе на першым рэспубліканскім фестывалі народнага гумару “Аўцюкі” заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, майстра пародый і гумару Уладзіміра Радзівілава, што ён з той пары не прапусціў ніводнага аўцюкоўскага фэсту.  
– Я быў на ўсіх фестывалях і магу з упэўненасцю сказаць, што з кожным разам ён набірае абароты, – адзначыў Уладзімір Генадзевіч у размове з журналістамі падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю “Аўцюкі-2025”, які 18 - 19 ліпеня ў дванаццаты раз сабраў гасцей.
– “Аўцюкі” – самы пазітыўны форум Беларусi, які 30 гадоў прыемна здзіўляе сваёй стабільнасцю. Госці і ўдзельнікі – а гэта гумарысты з усіх куткоў нашай краіны – ведаюць, што, прыехаўшы сюды, стабільна атрымаюць вялікую порцыю пазітыву, добрага настрою і цудоўнага народнага гумару, – дадала начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Інга Заўгародняя. Яна таксама выканала прыемную місію – перадала прывітальны адрас ад старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко кіраўніку раёна Паўлу Сілівончыку. Ён у сваю чаргу падзякаваў Міністэрству культуры і кіраўніцтву вобласці за падтрымку фестывалю і дапамогу ў яго правядзенні, удзельнікам – за прапаганду і развіццё народнага гумарыстычнага жанру, гасцям, а сярод іх было шмат сем’яў з дзецьмі і моладзі, – за тое, што вырашылі правесці выхадны дзень запамінальна і зазірнулі на дванаццаты аўцюкоўскі фэст, тэма якога – савецкія кінакамедыі, удасканаленыя на кінастудыі “Аўцюкіфільм”.
Як паведамілі нязменныя вядучыя свята Каласок і Калінка, на Палессі эпоха замежных блокбастараў завершана, бо новы “Галівуд” з’явіўся ў Вялікіх Аўцюках – сталіцы народнага гумару-2025. Журы і гледачы насмяяліся да слёз з жартоўных пастановак “Вяселле ў Аўцюках”, “Аўцюкі слязам не вераць”, “Каласок мяняе прафесію”, “Аперацыя “Суседзі”, “Аўцюкоўская палонная і іншыя прыгоды Каласка”, “Д’Артаньян і тры мушкецёры ў Аўцюках” і іншых. Удзельнікі прадстаўлялі праграмы ў пяці намінацыях: гумарыстычныя гісторыі “Брашы ды меру знай”, інструментальны конкурс “Я дрынчу на чым хачу”, прыпеўка “Што я бачу, тое спяваю…”, “Размоўны жанр. Анекдот. Байка”, гумарыстычны касцюм “Модныя аўцюкоўцы”, а таксама конкурсе тэматычных падворкаў.
Дарэчы, “мушкецёры” – удзельнікі народнага тэатра “Авантура” Светлагорскага цэнтра культуры – на фестывалі ўпершыню. Яны ў захапленні ад гасціннасці жыхароў Калінкавіцкага раёна, а таксама ад самабытнага аўцюкоўскага гумару:
– Усё вельмі падабаецца, арганізацыя на супер узроўні, гледачы вельмі цёпла прымаюць. Учора на нашым выступленні ў Сыродзе быў аншлаг.
– Як і на нашым ў Малых Аўцюках, – падкрэсліваюць артысты з Гродзен-шчыны.
Дарэчы, творчыя калектывы-ўдзельнікі вечарам 18 ліпеня таксама далі канцэрты ў Вялікіх Аўцюках, Каплічах, Бабровічах і Юравічах. А ўжо наступнай раніцай песнямі і ўсмешкамі да вушэй аўцюкоўцы сустракалі дарагіх гасцей на… мытні. Хочаш прайсці на фестываль – жартуй, спявай або, на худы канец, танцуй ці адціскайся. Старшыня журы Уладзімір Радзівілаў таксама прыпас анекдот:
– Аўцюковец прыходзіць у бальніцу і кажа: “Доктар, у мяне ўсё баліць. І галава, і рукі, і ногі, і печань”. Доктар паглядзеў яго і пытаецца:“Вы, напэўна, адэкалон п’яце?”. “Пью, доктар, не дапамагае”.
“Строгія” мытнікі задаволены, праход адкрыты, а за ім – разнастайныя лакацыі. Тут можна было паўдзельнічаць у аўцюкоўскіх спартыўных гульнях, падзівіцца на аўцюкоўскія драндулеты, зазірнуць у гіпермаркет “Стравы Каласка”, падсілкавацца ў кафэ “Лёганькі перакусік”, набыць сувеніры на выставе-продажы вырабаў народных майстроў і рамеснікаў, падурэць на дзіцячай пляцоўцы “Аўцючаняты”, пракаціцца на незвычайным аўцюкоўскім таксі, пашвэндацца па тэматычных падворках. Апошніх было прадстаўлена восем. Швэндаючыся па іх, можна было надарваць жывот ад рогату, прадэгуставаць беларускія прысмакі, забіць тэлефон інстаграмнымі фота, пазнаёміцца з каларытнімі аўцюкамі. Сярод іх – Марыя Багдановіч. Жанчына расказала, што прымала ўдзел ва ўсіх 12 фестывалях “Аўцюкі”. Яна лічыць, што гэта свята павінна праходзіць на полі паміж Малымі і Вялікімі Аўцюкамі, дзе адбыліся два першыя фэсты, каб “нам з суседзямі не было крыўдна”. А яшчэ, на думку Марыі Іванаўны, менавіта Вялікія Аўцюкі з’яўляюцца сталіцай народнага гумару ў Беларусі:
– Права так называцца мы заваявалі, калі на адным з першых фестываляў перамаглі ўдзельнікаў з балгарскага Габрава – сусветнай сталіцы гумару.  
Уладзімір Радзівілаў прызваў не спрачацца і адзначыў наступнае:
– Беларусы – гэта нацыя, якая любіць і шануе гумар, умее ад душы смяяцца і самааддана працаваць на карысць нашай краіны. А гумар патрэбен нашаму народу, бо  ў ім аддушына. Нашы людзі добра працуюць і з душой адпачываць. Паглядзіце навокал – якая атмасфера: песні, жарты, падворкі, горад майстроў… Усё для людзей. Адчуваецца атмасфера адзінства, дабрыні, сяброўства. Людзі сустракаюць адзін аднаго ўсмешкамі. Цудоўны фестываль. Няхай ён расце і развіваецца!
Таксама на “Аўцюках-2025” выступілі Рэтра Вумен Трыо “Ружовыя ружы”, “Варанішча-Шоу”, удзельнікі і пераможцы чацвёртага сезона народнага праекта “КаверХорШоу”. А ў адзінаццаць гадзін ночы неба над вёскай расквеціў “феерверк грандыёзны – для Аўцюкоў сур’ёзны”.                                                                                         Таццяна ЗУБЕЦ.

Баннер Telegram канала