“Куды б мяне не кінуў лёс, куды б не павярнулася сцяжынка, Я абяцаю: зноў і зноў вяртацца ў родную мясцінку...”
Гэтыя вершаваныя радкі калісьці прысвяціла сваёй роднай вёсцы выпускніца Савіцкай школы Марына Мышкавец. Верш “Мая радзіма” Марына Мікалаеўна напісала, калі была дзяўчынкай. Сёння яна медыцынская сястра, маці двух дзяцей, жыве і працуе ў Мінску, але ж сваю малую радзіму з кожным годам любіць усё мацней. Так, як любяць Савічы ўсе яе аднавяскоўцы. У гэтым можна было пераканацца ў суботу, 5 жніўня, на свяце вёскі, якое ў чарговы раз аб’яднала жыхароў і ўраджэнцаў населенага пункта.

Перад тым, як сабрацца на пляцоўцы перад сельскім клубам, вяскоўцы выйшлі ў пачатак вёскі Савічы з боку вёскі Ператрутаўскі Варатын, дзе напярэдадні ўсталявалі паклонны крыж, на цырымонію яго асвячэння. Дарэчы, яшчэ адзін такі крыж усталявалі і асвяцілі ў пачатку Ператрутаўскага Варатына. Ініцыятарамі добрай і карыснай справы выступілі кіраўнік мясцовага музея “Спадчына” Віктар Гормаш, яго аднакласнік Мікалай Перагуд, які нарадзіўся ў Дубняках, а сёння жыве ў Бранску, і іншыя неабыякавыя да гісторыі населенага пункта людзі.

– Калісьці тут, амаль на гэтым самым месцы, стаяла Ператрутаўская Троіцкая царква, побач з якой былі могілкі, на якіх хавалі вяскоўцаў пасля адпявання. А сама вёска насіла назву Ператрутавічы, – расказаў аматар гісторычнай спадчыны Віктар Гормаш. Віктар Мікалаевіч выказаў словы ўдзячнасці за дапамогу – арганізатарскую і матэрыяльную – кіраўніцтву ААТ “Радзіма”, Савіцкаму сельвыканкаму, Варатынскаму ўчастку “Камунальніка”, раённай арганізацыі добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ), індывідуальным прадпрымальнікам Максіму Машуку, Мікалаю Новіку, Анатолю Жычка, жыхарам вёскі.

Абрад асвячэння крыжоў правёў айцец Сергій Капітан.

“Добры дзень, дарагія землякі і нашы госці! Жадаем усім моцнага здароўя, шчасця, міру, дабрабыту і добрага святочнага настрою!” – зазывалі гасцей на святочную пляцоўку, дзе размясціліся выставы вырабаў народных майстроў, тэматычныя пляцоўкі і прыгожая фотазона, супрацоўнікі Савіцкага СДК. Працавала гандлёвая кропка з пачастункамі, а для маленькіх жыхароў – атракцыёны і палаткі з салодкімі прысмакамі і цацкамі.

Прысутнічалі на свяце вёскі і ганаровыя госці: старшыня райсавета дэпутатаў Наталля Мохарава, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шэкалян, старшыня раённай арганізацыі ДТСААФ Сяргей Равінскі, ураджэнец вёскі Савічы Мікалай Новік, які сёння жыве і працуе ў Мінску, але рэгулярна дапамагае сваёй малой радзіме, прымае актыўны ўдзел у жыцці і развіцці вёскі.

Свята адкрыла старшыня Савіцкага сельвыканкама Іна Блоцкая, якая адзначыла, што сёння ў Савічах налічваецца 128 падворкаў, дзе пражывае 324 жыхары. Яна выказала словы ўдзячнасці ўсім тым, хто шчыра клапоціцца пра тое, каб вёска жыла і квітнела, тым, хто працуе на роднай зямлі.

Вядучыя нагадалі ўдзельнікам свята пра мінулае вёскі, гісторыя якой пачынаецца з 18 стагоддзя, асобна спыніліся на гадах ваеннага ліхалецця. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Савічах у 276 дварах пражывала 1104 жыхары. З жніўня 1941 года па студзень 1944 года вёска была ў акупацыі. Многія жыхары Савічаў сталі вязнямі Азарыцкага лагера смерці. 115 жыхароў не вярнуліся з вайны. Савічы былі вызвалены ад фашыстаў 20 лютага 1944 года. 416 савецкіх салдат і афіцэраў розных нацыянальнасцей загінулі пры яе вызваленні і пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі.

У наступным блоку праграмы гаворка была пра мірнае жыццё. Вядучая свята Алена Драпеза адзначыла, што ў гэтым годзе Савіцкаму дому культуры споўнілася 33 гады. Як сведчаць старажылы, раней на гэтым месцы была танцавальная пляцоўка. Але ж, як вядома, галоўнае багацце любой вёскі – гэта людзі: добрыя, спагадлівыя, працавітыя. Яны чуюць, як дыхае зямля, сагрэтая сонечнай ласкай, аб чым спяваюць птушкі на досвітку.

У ліку першых на свяце вёскі выказалі словы павагі самым старэйшым жыхарам – Надзеі Пятровіч, Любові Якуш, Нэлі Буднікавай, Валянціне Якуш, Еўдакіі Кандраценка, Дар’і Касьянчык, Мікалаю Рудчанку, Клаўдзіі Цярэнцевай. Самай старэйшай жыхарцы Савічаў – Еўдакіі Кандраценка сёлета споўнілася 97 гадоў. Любові Якуш – на год менш.

Цырымонію ўзнагароджання адкрыла Наталля Мохарава, якая ўручыла Падзячныя лісты райсавета дэпутатаў за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Савіцкага сельсавета Паўлу Салавянчыку, Тэрэзе Мышкавец, Лідзіі Шкаль, Алене Драпеза.

Падзячныя лісты райвыканкама з рук Ірыны Шэкалян атрымалі Міхаіл Салаўёў, Таццяна Якуш, Віктар Гормаш, Тамара Пятровіч, Кацярына Якуш. Прывёз узнагароды ад раённай арганізацыі абароннага таварыства яе старшыня Сяргей Равінскі. Граматы за патрыятычнае выхаванне моладзі ён ўручыў Віктару Гормашу і Іне Блоцкай.

Падзячныя лісты ад аддзела адукацыі атрымалі былы дырэктар Савіцкай школы Тамара Пятровіч, а таксама Галіна Кандраценка і Надзея Ботка. Прымалі ўзнагроды і работнікі сувязі – Таццяна Якуш і Кацярына Гвоздзь. Дарэчы, Таццяна Васільеўна працавала ў Савіцкім аддзяленні сувязі 30 гадоў, а зараз шчыруе на ніве мастацкай самадзейнасці.

Ляснічы Савіцкага лясніцтва Уладзіслаў Астаповіч павіншаваў усіх вяскоўцаў са святам і ўручыў падарункі ветэранам лясной гаспадаркі – Пятру Селівончыку, Аляксандру Ботка, Міхаілу Салаўёву, Надзеі Новік. Доўгі час Савіцкі дом культуры ўзначальвала Валянціна Селівончык, якая таксама пад апладысменты адвяскоўцаў прымала словы падзякі.

Кажуць, вёска жыве, пакуль у ёй нараджаюцца дзеці. Самы маленькі жыхар Савічаў Арцём Макарэвіч з’явіўся на свет 24 мая. Яго маці Марыя Валер’еўна, ўзнагароджаная ордэнам Маці, выхоўвае шасцёра дзяцей ва ўзросце ад двух месяцаў да 16 гадоў.

Сёння ў Савічах пражывае 32 дзіцяці да 18 гадоў. 22 з іх наведваюць Крукавіцкую сярэднюю школу і дзіцячы садок. Чацвёра выпускнікоў школы сёлета паступаюць у вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы. Трое маленькіх жыхароў вёскі Савічы пойдуць у першы клас. Гэта Яўген Русакоў, Вераніка Дарафеева і Злата Кабылушка. На свяце вёскі будучым першакласнікам Наталля Мохарава і Ірына Шэкалян уручылі партфелі ад кіраўніцтва і дэпутатскага корпуса раёна. З залатым вяселлем на дні вёскі віншавалі Кацярыну і Міхаіла Якушаў. З днём нараджэння, які выпаў якурат на дзень свята, – Аляксандра Селівончыка.

Шыльдачкі “Дом узорнага парадку” уручылі Віктару і Валянціне Гормаш, а таксама Марыне Дарошка, на падворках якіх заўсёды ўтульна і прыгожа. Таксама адзначылі старанні па добраўпарадкаванню сваіх падворкаў Тэрэзы Мышкавец, Іны Блоцкай, Тамары Касьянчык.

“Трэба многа знаць, каб узоры вышываць” – гавораць у народзе. І сапраўды, разам з ведамі крочыць яшчэ адно багацце – талент заўважаць і ствараць прыгожае. З-пад рук такіх людзей выходзяць сапраўдныя творы мастацтва. Радавалі вочы выстаўленыя на свяце выставы работ Святланы Бурдзіной і Галіны Кандраценка.

Музычныя жа падарункі, якіх было шмат – душэўных, меладычных, кранальных і запальных, ад якіх ногі самі прасіліся ў скокі, для вяскоўцаў падрыхтавалі калектывы мастацкай самадзейнасці Савіцкага, Варатынскага і Казловіцкага дамоў культуры, а таксама ўраджэнка вёскі Вікторыя Каваленка.

Заключным акордам свята вёскі стаў святочны феерверк у гонар землякоў, якія ўсім сэрцам любяць сваю малую радзіму.
Таццяна КАПІТАН. Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ.