Беларускі год – святаў карагод.
- Таццяна КАПІТАН. Фота Мікалая БАРЫСЕНКІ
- 19.08.2024
-
757
Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» — праект, які дэманструе ўнікальную культуру і традыцыі палешукоў.
У мінулую субботу, 17 жніўня, самабытны край Прыпяцкага Палесся ператварыўся ў адну вялікую сцэну — VIIІ фестываль этнакультурных традыцый сабраў у аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна каля 40 тысяч гасцей.
Першым пунктам у праграме свята стала творчая сустрэча пісьменнікаў Саюза пісьменнікаў Беларусі «Палессе – мая малая Радзіма», якая адбылася ў Ляскавіцкай сярэдняй школе.
Потым удзельнікам фестывалю прапанавалі наведаць аб’екты туріндустрыі Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, у якім пазней адбылася дыя-логавая пляцоўка “Падзейны турызм як драйвер развіцця рэгіёнаў”. На фестывалі працавала выстава “Турыс-тычнае Палессе”, на якой турыстычны патэнцыял нашага раёна прэзентавалі і калінкавічане.
На галоўнай фестывальнай сцэне ў 11 гадзін раніцы стартаваў канцэрт аматарскіх калектываў Гомельскай і Брэсцкай абласцей. А ў 14 гадзін пачалася ўрачыстая цырымонія адкрыцця VIIІ Міжнароднага фестывалю.
Ганаровымі гасцямі форуму сталі віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Петрышэнка, старшыні Гомельскага і Брэсцкага аблвыканкамаў Іван Крупко і Пётр Пархомчык.
На адкрыцці свята Ігар Петрышэнка перадаў арганізатарам, удзельнікам і гасцям фестывалю прывітанне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
“За гады існавання гэты самабытны фальклорны форум стаў значнай па-дзеяй у культурным жыцці краіны, – гаворыцца ў віншаванні. – Фестываль беражліва захоўвае спадчыну продкаў, далучае да каштоўнага нацыянальнага здабытку і садзейнічае ўмацаванню добрасуседскіх сувязяў і дружбы. Яго мерапрыемствы праходзяць з нязменным поспехам і адрозніваюцца глыбокай эмацыйнасцю”.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што культурнае свята сёлета будзе такім жа яркім і незабыўным, падорыць жыхарам і гасцям Беларускага Палесся нямала новых уражанняў і цікавых сустрэч. Аляксандр Лукашэнка пажадаў арганізатарам і ўдзельнікам фестывалю выдатнага настрою, невычэрпнага натхнення і моцнага здароўя.
Віцэ-прэм’ер звярнуў увагу, што на фестывалі прадстаўлены ўнікальныя традыцыі Палесся, якія ідуць з глыбіні вякоў ад нашых продкаў і якія беражліва захоўваюць майстры.
“Важна данесці традыцыі, рамёствы да маладога пакалення. Прыемна, калі побач з вопытнымі майстрамі, убеленымі сівізной, працуе і моладзь. Гэта сведчыць аб тым, што мы будзем жыць, будзем развівацца. І тыя традыцыі, якія ёсць, мы будзем беражліва захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне”, – падкрэсліў Ігар Петрышэнка. – Ёсць і іншы важны аспект: дзякуючы такім фестывалям развіваецца турызм, інфраструктура населеных пунктаў. Нашы этнаграфічныя традыцыі, шчырыя і душэўныя, пакідаюць самыя пазітыўныя ўражанні.
Інтрыгуючым момантам фестывалю стала аб’яўленне імёнаў уладальнікаў звання “Ганаровы паляшук”. Гэты ганаровы тытул атрымалі людзі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Палескага краю. У спісе – намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Сівак. Анатоль Аляксандравіч, дарэчы, наш зямляк, нарадзіўся ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці.
Уладальнікамі ганаровага звання таксама сталі генеральны дырэктар РУВП “Граніт” Эдуард Гаўрылковіч і загадчык аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Брэсцкай вобласці Валянціна Барадзінчык.
За гады правядзення фестывалю званне “Ганаровы паляшук” прысвойвалася кіраўнікам прадпрыемстваў, дзеячам культуры, спартсменам. Першым «Ганаровым палешуком» стаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Культура – гэта тое, што робіць беларусаў беларусамі. Гэтая думка чырвонай ніткай праходзіла праз усю фестывальную праграму. Гасцей і ўдзельнікаў фестывалю, які прайшоў у казачнай атмасферы фальклору, творчасці, гісторыі і народных традыцый чакала сапраўднае падарожжа па святах і абрадах беларускага Палесся.
Фестывальныя пляцоўкі ператварыліся ў своеасаблівы гісторыка-этнаграфічны музей пад адкрытым небам. На стылізаваных падворках гасцей сустракалі палешукі з трынаццаці раёнаў Прыпяцкага Палесся – васьмі раёнаў Гомельскай і пяці раёнаў Брэсцкай абласцей. Майстры прэзентавалі аўтэнтычныя рамёствы: ганчарства, лазапляценне, выцінанку, роспіс па дрэве, ткацтва, паляванне і рыбалоўства.
Удзельнікі і госці свята наведалі млын, кузню, майстэрні ганчара, саломапляцення, ткацтва, лозапляцення, бондарства, хаткі рыбака і паляўнічага. На выставах-кірмашах рамеснікаў можна было не толькі набыць тавары, якія спадабаліся, але і навучыцца іх вырабляць самастойна на майстар-класах.
У аснову канцэпцыі сёлетняга свята арганізатары паклалі нацыянальны каляндарна-абрадавы цыкл святаў, якія традыцыйна адзначаюцца ў кожным рэгіёне. А таксама галоўны вобраз – кола жыцця, метафарычна прадстаўленае чатырма порамі года.
На святочнай сцэне свае творчыя нумары прадставілі лепшыя калектывы, а таксама прадэманстравалі самабытныя абрады розных раёнаў Гомельскай і Брэсцкай абласцей. На імправізаваных падворках, аб’яднаных тэмай “Беларускі год – святаў карагод”, гасцей сустракалі песнямі, танцамі і арыгінальнымі стравамі. Дарэчы, меню і рэпертуар адлюстроўвалі традыцыі той ці іншай мясцовасці.
Прадстаўнікі Калінкавіцкага раёна ярка, весела і каларытна прадставілі падворак театралізаванай пастаноўкай “Вяселле”, а таксама выставамі народных майстроў.
Да позняга вечара ўдзельнікі свята спявалі і танцавалі, частаваліся прысмакамі, ад якіх разбягаліся вочы на гандлёвых радах “Палескі кірмаш”, каталіся па Прыпяці на цеплаходзе, захапляліся канцэртнай праграмай, у якой прымалі ўдзел лепшыя артысты і калектывы Беларусі.
А яшчэ ў праграме міжнароднага фес-тывалю “Кліч Палесся” было шмат забаў і конкурсаў. На спартыўнай пляцоўцы выбіралі самага моцнага палешука. На конкурсе аматараў рыбалоўства “Палес-кая рыбалка” – лепшага рыбака.
Дзетак запрасілі на свята “Палеская вясёлка”. Аўтэнтычныя калектывы прымалі ўдзел у канцэртна-гульнявой праграме “ФолькФэст”.
На фестывалі працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі “Ажыўшая даўніна”, “Хлеб майго Палесся”, тэматычныя лакацыі “Палявы кінатэатр” і інтэрактыўная пляцоўка “Партызанскі край”, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцскіх захопнікаў.
Вялікай папулярнасцю карысталася фотавыстава сродкаў масавай інфармацыі “Гомельшчына. Тут трэба пабываць”, на якой прэзентавалі славутасці і выдатныя мясціны кожнага раёна вобласці.
Пад вечар на галоўнай сцэне адбыўся міжрэгіянальны конкурс прыгажосці і грацыі “Палеская прыгажуня”. За тытул змагаліся трынаццаць прыгажунь з Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Калінкавіцкі раён на конкурсе прадстаўляла Валерыя Варабей, якая працуе ў раённай бальніцы.
Да фінальнага шоу канкурсанткі рыхтаваліся некалькі тыдняў, адточвалі навыкі дэфіле і харэаграфіі, удзельнічалі ў фотасесіях, наведвалі майстар-класы ад вядучых спецыялістаў індустрыі моды і прыгажосці.
На галоўнай сцэне свята прыгажуні дэманстравалі калекцыі адзення ад беларускіх дызайнераў, акцёрскія і харэаграфічныя таленты, уменне трымацца на сцэне.
Уладальніцай тытула “Палеская Прыгажуня-2024” стала канкурсантка з Брэсцкай вобласці Аляксандра Марошкіна.
На гала-канцэрце старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко ўручыў узнагароды лаўрэатам фестывалю. За высокі ўзровень прэзентацыі мясцовых этнакультурных традыцый у розных намінацыях дыпломамі і падарункамі адзначаны некалькі раёнаў вобласці, у тым ліку і Калінкавіцкі. Сектар культуры райвыканкама ўзнагароджаны Дыпломам абласнога цэнтра народнай творчасці за зберажэнне, папулярызацыю рэгіянальных культурных традыцый і прэзентацыю падворка “Вяселле” ў межах пляцоўкі “Беларускі год – святаў карагод”.
Таксама ўзнагароды ў розных намінацыях атрымалі раёны Брэсцкай вобласці. Іх пераможцам уручыў губернатар Брэсцкага рэгіёна Пётр Пархомчык.
Завяршылася свята этнакультурных традыцый святочным феерверкам і канцэртам “Палескi край – на зямлi рай” з удзелам лепшых калектываў і выканаўцаў, удзельнікаў і пераможцаў трэцяга рэгіянальнага конкурсу вакальных ансамбляў і харавых калектываў народнай манеры выканання “КаверХорШоу-2024”.