Вялікае царкоўнае свята Успенне Прасвятой Багародзіцы (Першая Прачыстая) штогод адзначаецца 28 жніўня. Яго жыхары Залатухі адзначаюць як прастольнае. Амаль штогод у гэты дзень у вёсцы праходзіць абрад пераносу свячы. Прыязджаюць дзеці, унукі і іншыя родзічы вяскоўцаў. А ўсё дзеля таго, каб прыняць удзел у старадаўнім абрадзе, які разам з падобным абрадам, што штогод ладзіцца на другі дзень Тройцы ў суседніх Навінках, у хуткім часе можа быць унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны. Праца ў гэтым накірунку вядзецца ўжо некалькі гадоў.
У даўнія часы свяча захоўвалася ў Васілевіцкай Свята-Мікалаеўскай царкве, а на Ўспенне яе прыносілі ў Залатуху, каб пранесці па ўсёй вёсцы, заходзілі ў кожны дом. Гаспадары сустракалі гасцей і святыню хлебам-соллю, пасля чаго свячу вярталі ў царкву. Але ўжо шмат гадоў свяча не пакідае вёску, яе проста перносяць ад адных гаспадароў да другіх.
Апошні год свяча з іконай стаяла ў хаце Галіны і Мікалая Сівакоў. У чацвер ў дзень Успення Прасвятой Багародзіцы, які заканчвае чарговы рэлігійны год, свячу прыняла Любоў Алісейка, і трэба адзначыць, ужо не ў першы раз.
Абрад традыцыйна прайшоў з удзелам настаяцеля Васілевіцкай Свята-Мікалаеўскай царквы айца Паўла. На перанос свячы сабраліся і старыя, і малыя. Пасля таго як айцец Павел адслужыў малебен у хаце Сівакоў, свячу па засланай даматканым палатном дарозе ўрачыста перанеслі да новай гаспадыні, дзе таксама прайшла служба.
Трэба адзначыць, што шлях быў няблізкім: Любоў Алісейка жыве на значнай адлегласці. Затое падскочыць пад ікону і папрасіць у Багародзіцы здароўя і дабрабыту (а гэта лепш зрабіць тройчы!) паспеў кожны вернік.
Перанос свячы па традыцыі суправаджаўся абрадавай песняй, якую склалі мясцовыя жыхары яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя. Гэтую песню жыхары спяваюць і сёння, нават захавалі яе аўтэнтычнае гучанне і арфаграфію. Абрадавую песню ў 1999 годзе запісала былая загадчыца клуба Праскоўя Захаранка са слоў старажылкі вёскі Пелагеі Пінчук, 1919 года нараджэння.
Гэта цудоўна, што жыхары Залатухі імкнуцца не страціць сваіх каранёў, перадаць у спадчыну нашчадкам тыя традыцыі, што перадалі ім іх бацькі. На жаль, старажылаў застаецца ўсё менш. Не ўсе маладыя згаджаюцца прыняць свячу з іконай. Таму здараецца і так, што свяча застаецца ў старых гаспадароў яшчэ на год.
– Гэта ў Навінках свячу з іконай пераносяць з адной хату ў другую кожны год. У нас не так. Прыняць свячу – не толькі вялікая пашана, але і пэўныя абавязкі, клопаты, – расказвае пра самабытны абрад загадчык Залатушскім СДК Ганна Сохар. – Свяча стаіць у хаце год, і калі да наступнай Прачыстай ніхто не выказаў жаданне прыняць яе, там яна і застаецца.
–Ікону нясуць па палатну, якое асыпаюць жывымі кветкамі, – працягвае загадчык сельскага клуба. – Толькі раней наперадзе ішлі старыя жанчыны ў андараках і фартухах і кідалі кветкі. За імі ішлі маладзіцы і збіралі іх, потым сушылі. Калі ў сям’і ў той год нараджалася дзіця, трэба было абавязкова першы раз пакупаць яго ў тых кветках. Сёння ікону нясуць маладыя незамужнія дзяўчаты. А кветкі і зараз некаторыя жыхары збіраюць: кажуць, калі пакласці іх пад падушку або пад матрас, будзе сон добры. А яшчэ на Прачыстую абракаюцца – прыносяць дары для Багародзіцы. Раней пад ікону клалі новыя хусткі, кускі палатна, зараз – грошы.
Мясцовыя жыхары вераць, што свяча абараняе ад бяды не тольку хату гаспадароў, але і ўсю вёску. А наконт таго, ці збываюцца жаданні, якія людзі загадваюць, калі праходзяць пад іконай, вяскоўцы кажуць, што гэта так.










