Дзень беларускага пісьменства пройдзе з 31 жніўня па 1 верасня. Сталіцай XXXI свята сёлета – у Івацэвічах Брэсцкай вобласці.
У гэтага райцэнтра, што знаходзіцца ў 130 км на паўночны ўсход ад Брэста, шмат агульнага з нашымі Калінкавічамі. Па-першае, у пісьмовых крыніцах Івацэвічы, як Калінкавічы, упершыню згадваюцца ў XVI ст. (пад 1519 годах). Па-другое, росквіт яго і ператварэнне ў горад звязана з пабудовай чыгункі – у 1871 годзе тут прайшла лінія Масква – Брэст.
З 1654 года Івацэвічы сталі маёнткам, а ў 1795 годзе пры трэцім падзеле Рэчы Паспалітай увайшлі ў склад Расійская імперыі.
Належала мястэчка шляхецкаму роду Юндзілаў герба “Лебедзь”, пачынальнікам якога лічыцца Рачка.Ён меў сына Юндзіла, ад імя якога і прозвішча рода пайшло. Мікалай, сын Юндзіла, быў кухмістрам (адказным за кухню) вялікай княгіні Алены Іванаўны, за сваю адданую службу атрымаў ад вялікага князя Аляксандра шэраг маёнткаў і пасад. Таксама вядомымі прадстаўнікамі роду ў XVI - XVII ст.ст. былі Мацей Янавіч, Войцэх Шымкавіч, Мікалай, Андрэй, Францішак. У 19 ст. род праславілі Станіслаў Баніфацый – доктар філасофіі і тэалогіі, прафесар натуральнай гісторыі і батанікі, загадчык кабінета натуральнай гісторыі і батанічнага сада Віленскага універсітэта, аўтар навуковых прац па батаніцы, заалогіі, мінералогіі, геалогіі, ветэрынарыі, сельскай гаспадарцы, а таксама Юзаф, Францішак і сын Станіслава Баніфацыя Пётр Эмануэль – удзельнікі паўстання 1863-1864 гадоў. У горадзе часткова захаваўся сядзібны двор Юндзілаў з часткай палаца.
З 1921 года Івацэвічы знаходзіліся пад панаваннем Польшчы. У сярэдзіне 1930-х гадоў у мястэчку налічвалася меньш за дзве тысячы насельніцтва. Працавалі пошта, аптэка, тэлеграф, амбулаторыя, некалькі гасцініц, пачатковая школа, часоўня графаў Юндзілаў – уладальнікаў значных лясных угоддзяў. Паравы рухавік забяспечваў электрычнасцю лесапільны завод і мястэчка.
У 1939 годзе Івацэвічы ўвайшлі ў склад БССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны горад быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўжо на трэція суткі. Больш за тысячу мірных грамадзян былі знішчаны карнікамі ў гады акупацыі, значная частка з якіх – яўрэі, расстраляныя ва ўрочышчы Жвіроўня.
Вызвалялі Івацэвічы часці 20-га стралковага корпуса 28-й арміі 1-га Беларускага фронта з удзелам партызан 8-й партызанскай брыгады Брэсцкага злучэння. У баях за горад загінулі 162 савецкія воіны і партызаны, 25 ураджэнцаў мястэчка не вярнуліся з вайны.
У маі 1966 года Івацэвічы атрымалі статус горада. У 1992 годзе тут быў закладзены храм у гонар Дзяржаўнай іконы Божай Маці, які ўрачыста асвяцілі ў 2006 годзе.
У гэтым годзе Дзень беларускага пісьменства праходзіць пад знакам значных юбілейных дат – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва і 30-годдзя Канстытуцыі. Па-за ўвагай не застанецца і тэматыка Года якасці.
Мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства пачаліся яшчэ да афіцыйнай даты адкрыцця свята. Так, днямі завяршыўся рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў “Жывая класіка”, у якім бралі ўдзел амаль 15 тыс. беларускіх школьнікаў. А непасрэдна ў дні правядзення свята адбудзецца гала-канцэрт пераможцаў гэтага конкурсу.
Па ўсталяванай традыцыі старт святочным мерапрыемствам дасць рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя “Дарога да святынь”, якая пройдзе па маршруце Мінск – Святое Поле (Баранавіцкі раён) – Ляхавічы – Пінск – Іванава – Драгічын – Белаазёрск (Бярозаўскі раён) – Івацэвічы з 28 жніўня па 1 верасня. А 30 жніўня ў Палацы Рэспублікі адбудзецца міжнародны тэматычны круглы стол “Час выбраў нас” з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў, грамадскіх і культурных дзеячаў.
Акрамя таго, на працягу двух дзён свята будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі, грамадскія аб'яднанні, публічныя бібліятэкі Брэсцкай вобласці, рэгіянальных СМІ. Будзе прадстаўлена таксама пляцоўка “Турыстычны патэнцыял Брэсцкай вобласці і Івацэвіцкага раёна”. Свае экспазіцыі на свяце прадставяць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і іншыя музеі.
Ну, і які Дзень беларускага пісьменства без фестывалю кнігі і прэсы. Сёлета будуць прадстаўлены чатыры тэматычныя павільёны: “Сучасная Беларусь”, “Беларусь помніць”, “Зроблена ў Беларусі” і “Слова пісьменніка”. На пляцоўцы “Зроблена ў Беларусі”, напрыклад, госці ўбачаць лепшыя беларускія выданні, якія з'яўляюцца пераможцамі нацыянальнага і міжнароднага конкурсаў “Мастацтва кнігі”. Упершыню на свяце шырока пакажуць найбольш цікавыя беларускія кнігі, якія атрымалі міжнароднае прызнанне. А на пляцоўцы “Слова пісьменніка” пройдуць прэзентацыі, аўтограф-сесіі і творчыя сустрэчы з аўтарамі.
Трэба сказаць, свята адыгрывае значную ролю ў захаванні і прымнажэнні багаццяў культурнай спадчыны Беларусі, традыцый кнігадрукавання і пісьменства. Нагадаем, што ў бягучым годзе ў свята своеасаблівы юбілей: першы Дзень беларускага пісьменства прайшоў у 1994 годзе пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.
За гэтыя 30 гадоў сталіцай беларускага пісьменства станавіліся 26 гарадоў і пасёлкаў. Цэнтрамі свята былі станавіліся такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава, Слонім, Бялынічы, Капыль, Добруш, Гарадок.Некаторыя з названых гарадоў прымал ісвята двойчы, а старажытны Полацк – тройчы.










