Цудадзейнае святло. “Перанос свячы” ў Навінках – памяць пра мінулае, вера і надзея на светлую будучыню
У вёсцы Навінкі на другі дзень Тройцы штогод здзяйсняецца старадаўні абрад “Перанос свячы” з адной хаты ў суседнюю, дзе яна знаходзіцца на працягу наступнага года. Лічыцца, што хата гаспадароў цэлы год будзе асвечана святым агнём, у ёй не будзе хваробы і гора, а будзе толькі радасць, добры ураджай, багаты прыплод жывёлы.
Менавіта ў дзень Святога Духа Свячу – комплекс рытуальных прадметаў, што складаецца з іконы Святой Тройцы, самой свячы і вялікага драўлянага крыжа пераносяць да новых гаспадароў. Гэтая традыцыя ўкаранілася ў жыцці вяскоўцаў і захавалася да нашых дзён дзякуючы іх шчырай веры і беражлівым адносінам да гісторыі і народных звычаяў. “У нас Бог жыве”, – кажуць жыхары Навінак.
Вось і сёлета ў Дзень Святога Духа, які ў гэтым годзе праваслаўныя вернікі адзначылі 9 чэрвеня, настаяцель Васілевіцкага Свята-Міколінскага храма, айцец Павел правёў службу ў хаце Васіля і Жанны Мельчанка, дзе свяча знаходзілася на працягу года. Затым у суправаджэнні жыхароў і гасцей вёскі абраз Святой Тройцы, свячу і драўляны крыж урачыста перанеслі ў дом новай гаспадыні – Надзеі Белай.
Ікону па традыцыі ўпрыгожылі кветкамі, а дарогу да дому, які прымаў святыню, услалі даматканым палатном і ўпрыгожылі кляновым галінкамі. Падчас шэсця ўсе жыхары і госці вёскі стараліся тройчы прайсці пад іконай. Многія дзеля гэтага прыехалі з іншых гарадоў.
Новыя гаспадары сустрэлі працэсію пасярэдзіне дарогі, абмяняліся хлебам-соллю з ранейшымі захавальнікамі, пакланяліся адзін аднаму. Затым святыя вобразы ўрачыста ўнеслі ў дом Надзеі Белай і ўсталявалі на ганаровае месца ў чырвоным куце. У новай хаце прайшла яшчэ адна служба, а затым айцец Павел здзейсніў абрад асвячэння вады.
На працягу года дом, дзе знаходзіцца свяча, становіцца своеасаблівым храмам, куды можна прыйсці памаліцца і звярнуцца да Бога. Там жа будуць здзяйсняцца службы ў дні вялікіх царкоўных святаў. Напрыклад, на Вялікдзень там пройдзе асвячэнне кулічоў.
Па ўспамінах старажылаў, традыцыя пераносу свячы ў Навінках налічвае амаль стагоддзе, а магчыма, і больш. Першапачаткова абрад праводзіўся ў дзень Мікалая Цудатворца, і вяскоўцы выкарыстоўвалі абраз менавіта гэтага святога. Пазней яго замянілі на абраз Святой Тройцы.
У гады Вялікай Айчыннай вайны апошні захавальнік свячы закапаў усе атрыбуты абраду ў зямлю. Іх удалося адшукаць толькі ў 1950 годзе, пасля чаго традыцыя была адноўлена і з тых часоў абрад “Перанос свячы” штогод здзяйсняецца ў Навінках.
А вось што кажуць самі жыхары пра абрад:
Наталля Удод, жыхарка Навінак: “У гэтым абрадзе – унікальнасць нашай вёскі. Традыцыі павінны жыць, захоўвацца і перадавацца з пакалення ў пакаленне. У мяне свяча стаяла ў 2018 годзе. У той год памёр мой сын, і пасля 40 дзён я прыняла свячу. Ікона дапамагла мне перажыць страту. Лічу, што ў Бога трэба абавязкова верыць, асабліва сёння, у наш неспакойны век”.
Васіль і Жанна Мельчанка, ранейшыя захавальнікі свячы: “Прымаць свячу – гэта не толькі ганаровая місія, але і пэўныя абавязкі і клопаты. Нярэдка бывае, што свяча мінуе некаторыя хаты, але гэта не наш выпадак: мы доўга чакалі калі настане наша чарга. Гэты год быў спакойным, свяча абараняла і засцерагала наш дом і вёску. Нават ліпеньскі ўраган яе амаль не крануў. Дачка жаніха сабе знайшла (усміхаецца), хутка вяселле”.
Надзея Белая, новая гаспадыня свячы: “Я жыву ў Навінках ужо 35 гадоў, і нарэшце чарга дайшла і да нашага дома. Пакуль свяча абыйдзе ўсю вёску, праходзяць дзесяцігоддзі. Прымаць яе – вельмі важная падзея для ўсёй нашай сям’і. З гэтай нагоды прыехалі мае сыны з нявесткамі, унукі”.
У хуткім часе абрад “Перанос свячы” у Навінках можа быць унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны. Праца ў гэтым накірунку вядзецца ўжо некалькі гадоў.
У сучасным свеце, дзе так шмат мітусні і нявызначанасці, такія традыцыі, як набываюць асаблівую каштоўнасць. Яны нагадваюць пра важнасць духоўнага, пра неабходнасць берагчы сваю гісторыю і культуру, пра сілу веры і адзінства. Даюць надзею на тое, што нават у самыя цяжкія часы можна знайсці апору ў традыцыях і веры, у любові да сваёй зямлі і свайму народу. Абрад “Перанос свячы” ў Навінках – гэта не толькі памяць пра мінулае, гэта залог будучыні, у якой вера, надзея і любоў будуць асвятляць шлях кожнаму жыхару гэтай асаблівай вёскі.









