У дружнай вясёлай сябрыне навінкаўцы сабраліся на малой радзіме










Штогод у раёне ладзяцца дні вёсак, на якія збіраюцца ураджэнцы вёскі і добразычлівыя госці, каб у дружнай вясёлай сябрыне справіць свята ў гонар сваёй малой радзімы.
Сёлета марафон распачалі Навінкі, дзе ў суботу 6 ліпеня, напярэдадні Івана Купалы, правялі свята вёскі. Рэхам незабыўным радкам народнага паэта Беларусі Якуба Коласа пра родны кут прагучалі словы пра тое, што цяжка надыхацца паветрам родных мясцін, дзе кожная травінка табе радня.
Са словамі віншавання да жыхароў і гасцей звярнулася старшыня сельвыканкама Ларыса Брэль. Яна нагадала, што зямля, на якой мы нарадзіліся і жывём – гэта зямля нашых продкаў і нашых нашчадкаў, заклікала не забываць пра гэта і дбаць пра сваю родную вёску.
Вёска Навінкі ўзнікла ў 19 стагоддзі як населены пункт Васілевіцкай воласці Рэчыцкага павета, жыхары яе былі прыхажанамі Васілевіцкай Мікалаеўскай царквы. Але наяўнасць балотнага гарадзішча за два кіламетры на поўнач ад вёскі на беразе ракі Мядзведкі сведчыць пра даўняе засяленне гэтых мясцін. Згодна перапісу 1897 года, у вёсцы налічвалася 83 двары, у якіх пражывалі 560 чалавек. А ўжо 1909 годзе ў 105 дварах пражывалі 577 чалавек з прозвішчамі Белыя, Брэлі, Васенды, Гурскія, Дзейкуны, Краты, Лаўшукі, Навуменкі, Сопаты, Тужыкі і іншыя. Яны сустракаюцца і сярод удзельнікаў руска-японскай вайны, і сярод воінаў Першай сусветнай вайны. Многія былі адзначаны медалямі і ордэнамі за адвагу і храбрасць, а многія ўжо ніколі не вярнуліся ў родную вёску.
Перажыла вёска вірлівыя рэвалюцыйныя падзеі, няпростыя часы Грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі, якія, акрамя гора і пакут, нічога не прынеслі навінкаўцам. А потым настала зацішша, і працавітыя людзі пачалі адраджаць вёску і мірнае жыццё. За дзесяцігоддзе колькасць двароў узрасла да 176, у вёсцы пражывала амаль тысяча чалавек. Новы дзяржаўны лад дыктаваў і новыя формы гаспадарання. Так у вёсцы ў 1929 годзе быў арганізаваны калгас “Чырвоныя Навінкі”, які праз год перайменавалі у калгас імя Молатава. Навінкі, што тады ўваходзілі ў склад Васілевіцкага раёна, былі цэнтрам развіцця трусагадоўлі.
А потым настала новая трагічная старонка ў гісторыі вёскі – Вялікая Айчынная вайна. Навінкаўцы змагаліся з акупантамі не толькі на фронце, але і ў партызанскіх атрадах. У вёсцы дзейнічала падпольная арганізацыя, членаў якой выдала здрадніца. Фашысты арыштавалі іх разам з сем’ямі і 14 ліпеня 1942 года расстралялі ў Рубаніках.
Чырвоная Армія вызваліла Навінкі 22 лістапада 1943 года ў ліку адной з першых вёсак нашага раёна. За тое, каб на шматпакутнай навінкаўскай зямлі настаў мір, аддалі свае жыцці амаль дзвесце савецкіх воінаў. Амаль паўтары сотні навінкаўцаў знайшлі апошні спачын у брацкіх магілах ад Масквы да Берліна.
Навінкі, бадай, адзіны населены пункт нашага раёна, два ўраджэнцы якога сталі героямі вайны. Гэта Герой Савецкага Саюза Андрэй Белы і поўны кавалер ордэна Славы Іван Цімашэнка.
Пасля вызвалення і Перамогі вёска ў чарговы раз пачала адраджацца. Сталі вяртацца дамоў франтавікі, і Навінкі пачалі пісаць новую старонку сваёй гісторыі. Многія навінкаўцы ў сумленнай працы дасягалі значных поспехаў, былі адзначаны ордэнамі і медалямі СССР, з’яўляліся ўдзельнікамі сельскагаспадарчых выстаў. Аднак развал адзінай вялікай краіны і чарговыя патрасенні вёска перажыць ужо не змагла. Сёння ў населеным пункце ў 129 падворках пражывае толькі 251 жыхар.
Гісторыю вёскі пішуць людзі, яе жыхары. І ў дзень вёскі па традыцыі ў розных намінацыях аднавяскоўцы павіншавалі ганаровых жыхароў. А ўзнагароды ім уручыла Ларыса Брэль.
За шматгадовую працу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Чкалаўскага сельсавета Падзячнымі пісьмамі райсавета дэпутатаў былі ўзнагароджаны Ганна Блізнец, Тамара Лаўшук, Надзея Змушка і Надзея Белая. Больш за 40 гадоў працавала ў сістэме аховы здароўя Ганна Адамаўна Блізнец, якая прыехала маладым спецыялістам у вёску і засталася тут назаўжды. Ёй таксама ўручылі Грамату ЦРБ. Шмат гадоў добрасумленна працягвае працаваць галоўным эканамістам ў сельскай гаспадарцы Тамара Васільеўна Лаўшук. Яна таксама актыўна ўдзельнічае у грамадска-палітычным жыцці сельсавета. Як і Надзея Іванаўна Змушка, якая працавала бухгалтарам сельсвыканкама, і Надзея Міхайлаўна Белая – санітарка ФАПа, памочнік старшыні па вёсцы і дэпутат Чкалаўскага сельсавета.
Граматай раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці адзначана загадчык Навінкаўскага СДК Ніна Сопат і Падзячным пісьмом раённага Цэнтра – бібліятэкар Анастасія Паўленка, без якіх не абыходзіцца ні адно культурнае мерапрыемства ў вёсцы.
Словы шчырай удзячнасці выказалі вяскоўцы і Ніне Белай. Ніна Міхайлаўна шмат гадоў да выхаду на пенсію працавала загадчыкам паштовага аддзялення.
Шануюць і паважаюць у вёсцы настаўнікаў, якія шмат гадоў працавалі ў мясцовай школе і далі пуцёўку ў жыццё многім навінкаўцам. Гэта Таццяна Рыгораўна Сівак, Анастасія Іванаўна Паўленка. Шмат гадоў працавалі ў школе тэнічкамі Марыя Якаўлеўна Тужык і Ніна Іванаўна Сопат. На свяце вёскі іх павіншавала дырэктар Залатушскай СШ Наталля Строк. Былога выхавацеля дзяцячага сада Ніну Андрэеўну Галай павіншавала загадчык Залатушскага дзіцячага сада Наталля Пінчук.
Шчырыя словы ўдзячнасці за шматгадовую добрасумленную працу прагучалі і ў адрас ветэранаў працы мясцовай сельскай гаспадаркі. Падзякі і падарункі в. а. дырэктара АСП “Залатая Дуброва” Алена Лаўшук уручыла Мікалаю Мікалаевічу Сопату, Мікалаю Іванавічу Шульга, Мікалаю Іванавічу Беламу, Якаву Якаўлевічу Навуменку, Аляксею Мікітавічу Лаўшуку, Васілю Навумавічу Беламу, Таццяне Мікітаўне Мельчанка, Марыі Васільеўне Белай, Ніне Іванаўне Адзіночкінай, Наталлі Іванаўне Лаўшук, Ніне Максімаўне Лаўшук, Надзеі Майсееўне Зінавенка, Ніне Іванаўне Лаўшук.
Не забыліся і пра тых, хто сёння працягвае добрыя працоўныя традыцыі ў сельскай гаспадарцы. Гэта слесар Уладзімір Сівак, жывёлавод Алена Сопат, брыгадзіры МТФ Надзея Белая і Наталля Іванешка, бухгалтар Ала Журо, трактарыст Мікалай Дзейкун.
Адметнай старонкай свята вёсцы заўсёды з’яўляецца ўшанаванне старажылаў – жывых сведкаў гісторыі населенага пункта. Гэтым разам навінкаўцы віншавалі 95-гадовых Домну Ігнатаўну Навуменка і Варвару Адамаўну Сопат, 93-гадовую Марыю Рыгораўну Сопат і 90-гадовага Міхаіла Лявонцьевіча Лаўшука.
Віншавалі таксама юбіляраў бягучага года – 80-гадовую Люсю Фёдараўну Белую, 70-гадовых Мікалая Іванавіча Белага, Валерыя Фёдаравіча Дзейкуна, Міхаіла Майсеевіча Сахора, 60-гадовую Анастасію Іванаўну Паўленка, 50-гадовых Людмілу Іванаўну Васенду, Алу Аляксееўну Журо, Ніну Міхайлаўну Лаўшук, Галіну Уладзіміраўну Судас, Аляксандра Мікалевіча Дзейкуна і Алену Васільеўну Сопат.
Наша будучыня – гэта дзеці. І таму вельмі радасна, калі гучаць па вёсцы дзіцячыя галасы. Навінкаўцы з задавальненнем павіншавалі самага маленькага свайго жыхара Рамана Белага і яго бацькоў Уладзіміра Васільевіча і Галіну Віктараўну, а таксама адзінага першакласніка ў гэтым годзе Аляксандра Дзейкуна і яго бацькоў Аляксандра Мікалаевіча і Таццяну Іванаўну.
З 30-годдзем сумеснага жыцця (жамчужнае вяселле) вяскоўцы павіншавалі Васіля і Ніну Лаўшук.
Добрым словам успомнілі і адзначылі людзей, якія і працуюць паспяхова, і ўласныя сядзібы дбайна даглядаюць. Пераможцам конкурсу “Дом узорнага парадку” сталі Васіль і Жанна Мельчанкі.
Для навінкаўцаў традыцыя служэння Айчыне, быць яе абаронцамі – не пусты гук. Ужо згадвалася пра тое, што сярод ураджэнцаў вёскі ёсць удзельнікі руска-японскай, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войн. Добрасумленна выканалі свой інтэрнацыянальны доўг ўраджэнцы Навінак Васіль Грабоўскі, Віктар Брэль, Сяргей Навуменка.
Сёння службай ва Ўзброеных Сілах краіны традыцыю абаронцаў Айчыны працягваюць Дзмітрый Шкірман, Максім Журо, Яраслаў і Максім Іванешкі. Шчырыя словы падзякі прагучалі ў адрас бацькоў гэтых хлопцаў.
На гэтым урачыстая частка свята закончылася, пачаліся забаўляльныя праграмы і конкурсы для дзяцей і дарослых, выступленні мастацкіх калектываў Залатушскага і Зеляноцкага СДК, ішоў бойкі продаж салодкай ваты, папкорна, марожанага, шашлыкоў і вухі, іншых прысмакаў. Адным словам, навінкаўцы ў дружнай вясёлай сябрыне адзначылі свята малой радзімы, якое ўвечары завяршыў яркі запамінальны момант – святочны феерверк.