Штогод 28 жніўня праваслаўныя вернікі адзначаюць Успенне Прасвятой Багародзіцы, якое ў народзе называюць Першай Прачыстай. Для жыхароў вёскі Залатуха гэта асаблівы дзень – прастольнае свята, якое суправаджаецца старадаўнім абрадам пераносу свячы. У гэты час у вёску з’язджаюцца дзеці, унукі і госці, каб далучыцца да духоўнай спадчыны, якая разам з аналагічным абрадам у суседніх Навінках прэтэндуе на ўключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Гісторыя абраду сыходзіць каранямі ў мінулае: калісьці свячу з іконай Успення Прасвятой Багародзіцы захоўвалі ў Васілевіцкай Свята-Мікалаеўскай царкве. На Успенне яе прыносілі ў Залатуху, абыходзілі з ёй кожны дом, дзе гаспадары сустракалі святыню хлебам-соллю. Сёння ж традыцыя змянілася: свяча даўно стала «пастаяннай жыхаркай» вёскі і пераходзіць з адной хаты ў другую.
Апошні год святыня знаходзілася ў доме Любові Алісейка, а ў дзень свята яе ўрачыста перанеслі да новай гаспадыні – Любові Дамашкевіч.
«Прыняць свячу – гэта не толькі вялікі гонар, але і адказнасць, – тлумачыць загадчыца Залатушскага СДК Ганна Сохар. – Святыня знаходзіцца ў хаце год, і калі да наступнай Прачыстай ніхто не выказвае жадання яе прыняць, яна можа заставацца ў ранейшых гаспадароў».
Урачыстасць па традыцыі прайшла пры ўдзеле настаяцеля Васілевіцкай царквы айца Паўла. Пасля малебна ў доме Любові Алісейка свячу па засланай даматканым палатном дарозе перанеслі да новай гаспадыні. Шлях быў няблізкім, затое вернікі паспявалі тройчы прайсці пад іконай, каб папрасіць у Багародзіцы здароўя і дабрабыту. Працэсію суправаджалі абрадавыя песні ў выкананні ансамбля Залатушскага СДК «Залаты ўзрост».
Нягледзячы на тое, што колькасць старажылаў у вёсцы змяншаецца, а моладзь не заўсёды гатовая браць на сябе клопат аб захаванні святыні, жыхары Залатухі працягваюць берагчы свае карані. Гэтая пераемнасць пакаленняў – галоўны залог таго, што абрад не знікне. Мясцовыя людзі вераць: свяча з’яўляецца абярэгам, які абараняе ад бяды не толькі асобную хату, але і ўсю вёску. І пакуль гучаць абрадавыя песні, а людзі з надзеяй праходзяць пад іконай, старадаўняя традыцыя працягвае жыць, напаўняючы сэрцы вернікаў святлом і спакоем.












