Воскресенье, 19 апреля, 2026

Радио

Які ваш любімы беларускі твор?

З такім пытаннем мы звярнуліся да гараджан напярэдадні Дня роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага.

 Алена РУДЗЕНЯ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №7:

– У мяне іх некалькі, больш таго – розных аўтараў. Вельмі люблю “Каласы пад сярпом тваім” і “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча, “Сэрца мармуровага анёла” і цыкл раманаў “Авантуры Пранціша ВырвічаЛюдмілы Рублеўскай, “Знак бяды” Васіля Быкава. Усе гэтыя творы ёсць у маёй хатняй бібліятэцы, каб у любы момант мець магчымасць з задавальненнем іх перачытаць, смакуючы роднае слова.

Мікіта КУРАТНІКАЎ, урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг:

– Зараз да свайго сораму мастацкай літаратуры чытаю вельмі мала, бо засяродзіўся на прафесіі, у якой раблю першыя крокі. Спадзяюся, што праз некаторы час сітуацыя пераменіцца, і я, як ў школьныя і студэнцкія гады, буду знаходзіць час на чытанне, у тым ліку і твораў беларускіх аўтараў. Дарэчы, у першую чаргу хацелася б перачытаць цудоўнае апавяданне Міхася Стральцова “Сена на асфальце”.

Марыя УЛАСЕНКА, настаўніца хіміі СШ №6:

– Я – заўзятая прыхільніца беларускай паэзіі. Лічу, што ў ёй наша родная мова гучыць дужа мілагучна. Асабліва мне па душы вершы Ніла Гілевіча, Аркадзя Куляшова, Рыгора Барадуліна, Пімена Панчанкі, Яўгеніі Янішчыц. Любімы верш  – “Я – беларус” Ніла Гілевіча. Дарэчы, там ёсць цудоўныя радкі як раз да Дня роднай мовы: “Я – беларус, і я шчаслівы, што маці мову мне дала, што родных песень пералівы і зблізку чую, і здаля…”.

 Валянціна КІПЕР, дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Калінкаві цкага раёна:

– “Людзі на балоце” Івана Мележа. Гэта любоў са школьных часоў. Я і сёння магу адкрыць раман на любой старонцы і расказваць яго блізка да тэксту. Памятаю, як мы з аднакласнікамі нават паспрачаліся з-за таго, як складуцца лёсы галоўных герояў Васіля і Ганны, бо на той момант працяг “Людзей на балоце” – раманы “Подых навальніцы” і “Завеі, снежань” яшчэ не выйшлі з друку. І тады наша настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ася Рыгораўна Лібман прапанавала нам напісаць сачыненне на тэму “Што чакае Васіля і Ганну?”.  І што вы сабе думаеце? Я амаль усё прадказала.

Юрый СКАБАРА, гімназіст:

“Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча, на мой погляд, сапраўдны шэдэўр! Гэту гістарычную аповесць з элементамі містыкі магу перачытваць бясконца. І фільм цудоўны па ёй знялі ў савецкія гады. З задавальненнем нядаўна паглядзеў.

Баннер Telegram канала