Вторник, 28 июля, 2026

Радио

Заступніца абараняе вёску і кожнага яе жыхара. На Прачыстую жыхары Залатухі справілі традыцыйны абрад “Перанос свячы”

Амаль штогод 28 жніўня на Першую Прачыстую насельніцтва вёскі Залатуха павялічваецца ў некалькі разоў: з’язджаюцца дзеці, унукі і іншыя родзічы вяскоўцаў, многія прыбываюць з іншых рэгіёнаў. А ўсё дзеля таго, каб прыняць удзел у старадаўнім абрадзе “Перанос свячы”, які разам з падобным абрадам, што штогод ладзіцца на другі дзень Троіцы ў суседніх Навінках, у хуткім часе можа быць унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны. Праца ў гэтым накірунку вядзецца ўжо некалькі гадоў.

Жыхары ж Залатухі спакон вякоў пераносяць свячу на Успенне Прасвятой Багародзіцы – адно з галоўных святаў праваслаўных вернікаў. Вялікая Прачыстая – самае значнае свята канца лета. Нашы продкі казалі: “Прачыстая прынясе хлеба чыстага”. Як Спас славіцца асвячэннем яблыкаў, так Прачыстая асвячэннем хлеба. Адразу пасля яе пачыналася сяўба азіміны. “Успенне – ці гатова насенне?” – казалі ў народзе.

На Прачыстую асвячалі “бараду” – апошні снапок, зернем якога пачыналі на другі дзень азімыя засеўкі. Дажыначны сноп ставілі ў чырвоным кутку і захоўвалі ўсю зіму. Зерне з яго выкарыстоўвалі ў сямейных абрадах – на вяселлі, радзінах, пахаванні, частавалі ім хатнюю жывёлу, каб яна была здаровай і пладавітай.

Дзяўчатам давалі такую параду: “На Прычыстую не нагледзіш – зіму дзеўкай і праседзіш”. З 28 жніўня паўсюдна пачыналіся вясельныя абрады: агледзіны, сватаўство, заручыны, запоіны.

Жыхары Залатухі імкнуцца не страціць сваіх каранёў, перадаць у спадчыну нашчадкам тыя традыцыі, што перадалі ім іх бацькі. На жаль, старажылаў застаецца ўсё менш. Не ўсе даюць згоду прыняць свячу з іконай. Таму здараецца і так, што ікона Маці Божай застаецца ў старых гаспадароў яшчэ на год, а тое і даўжэй.

– Гэта ў Навінках свячу з іконай пераносяць з адной хату ў другую кожны год. У нас не так. Прыняць свячу – не толькі вялікая пашана, але і пэўныя абавязкі, клопаты, – расказвае пра самабытны абрад загадчык Залатушскім СДК Ганна Сохар. – Свяча стаіць у хаце год, і калі да наступнай Прачыстай ніхто не выказаў жаданне прыняць яе, там яна і застаецца.

Ікону нясуць па палатну, якое асыпаюць жывымі кветкамі, – працягвае загадчык сельскага клуба. – Толькі раней наперадзе ішлі старыя жанчыны ў андараках і фартухах і кідалі кветкі. За імі ішлі маладзіцы і збіралі іх, потым сушылі. Калі ў сям’і ў той год нараджалася дзіця, трэба было абавязкова першы раз пакупаць яго ў тых кветках. Сёння ікону нясуць маладыя незамужнія дзяўчаты. А кветкі і зараз некаторыя жыхары збіраюць: кажуць, калі пакласці іх пад падушку або пад матрас, будзе сон добры и хваробы не нападуць. А яшчэ на Прачыстую абракаюцца – прыносяць дары для Багародзіцы. Раней пад ікону клалі новыя хусткі, кускі палатна, зараз – грошы.

У апошніх гаспадароў Паўліны і Мікалая Дзяціны свяча прастаяла два гады. Іх хата ў гэты час была своеасаблівай царквой, куды кожны вясковец мог прыходзіць памаліцца, папрасіць у Багародзіцы дапамогі.

– Успенне Багародзіцы – прастольнае свята ў нашай вёсцы. Абрад пераносу свячы ў нас існуе вельмі даўно, мае сваю гісторыю. Да вайны свяча захоўвалася ў Васілевіцкай царкве, на Успенне яе прыносілі ў Залатуху, праносілі па ўсёй вёсцы, заносілі ў кожную хату, дзе яе сустракалі хлебам-соллю, а потым вярталі назад у царкву. Потым жыхары склаліся і выкупілі ікону ў царквы. З таго часу яна і пераходзіць з хаты ў хату. Калі свяча стаіць у хаце, тая ператвараецца ў маленькую вясковую царквушку, куды любы можа прыйсці, калі захоча. Там праходзяць службы на ўсе праваслаўныя святы, асвячэнне вады, кулічоў і яек на Вялікдзень, яблыкаў на Спас, – расказала Паўліна Дзяціна. – Мы дзякуем Богу, што ў нас ёсць такія традыцыі, што ў нашай краіне мір. Калі свяча стаіць у хаце, яна сапраўды дапамагае гаспадарам. Гэта я сёння магу сказаць з упэўненасцю.

У гэтым годзе свячу з іконай прынялі Галіна і Мікалай Сівакі. Цяпер іх хата стане храмам, будзе асвечана святым агнём, у ёй не будзе ні хваробы, ні гора, а будзе толькі радасць і здароўе.

– Упершыню прымаем свячу. Гэта вельмі пачэсна і вельмі адказна, – кажуць гаспадары. – Спадзяёмся, што ўсё ў нас атрымаецца.

На перанос свячы, нягледзячы на спякотнае надвор’е, сабраліся і старыя, і малыя. Пасля таго як айцец Павел з Васілевіцкай царквы адслужыў малебен у хаце Паўліны і Мікалая Дзяціны, свячу па засланай даматканым палатном дарозе ўрачыста перанеслі да новых гаспадароў, дзе таксама прайшла служба.

Трэба адзначыць, што шлях быў няблізкім: Сівакі жывуць на значнай адлегласці, за паваротам. Затое падскочыць пад ікону і папрасіць у Багародзіцы здароўя і дабрабыту (а гэта лепш зрабіць тройчы!) паспеў кожны вернік.

Перанос свячы па традыцыі суправаджаўся абрадавай песняй, якую склалі мясцовыя жыхары яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя:

“Прачыстая маці Божая,

Кудою йшла дарогаю.

Дарогаю шырокаю,

Цераз мора глыбокае.

Ішла яна рыдаючы,

Свайго сына шукаючы...”

Дарэчы, гэтую песню жыхары Залатухі спяваюць і сёння, нават захавалі яе аўтэнтычнае гучанне і арфаграфію.

Абрадавую песню ў 1999 годзе запісала былая загадчыца клуба Праскоўя Захаранка са слоў старажылкі вёскі Пелагеі Пінчук, 1919 года нараджэння.

– Традыцыя пераносіць свячу ў нас існуе, колькі я сябе памятаю. Яна заўсёды абараняла нашу вёску ад бяды і гора, нават у гады Вялікай Айчыннай вайны. Немцы дайшлі да Залатухі, але дзякуючы нашай заступніцы, павярнулі назад, не спалілі вёску, – расказала 79-гадовая Праскоўя Захаранка.

Мясцовыя жыхары вераць, што свяча абараняе ад бяды не тольку хату гаспадароў, але і ўсю вёску, увасабляе дабрабыт. А наконт таго, ці збываюцца жаданні, якія людзі загадваюць, калі праходзяць пад іконай, вяскоўцы кажуць, што гэта так.

Баннер Telegram канала