Галіна Жураўлёва з першых хвілін знаёмства ўражвае сваёй энергічнасцю, пачуццём гумару, шчырасцю і адкрытасцю. Ніколі не скажаш, што гэтай вясёлай, гаваркой і вельмі прыгожай жанчыне ўжо пад семдзесят. На мой камплімент і пытанне, як атрымліваецца захоўваць маладосць душы і аптымізм, з усмешкай адказвае: “Што б ні здарылася, заўсёды веру ў лепшае. Шмат чытаю, асабліва люблю паэзію, сама пішу вершы. А яшчэ мне пашчасціла не памыліцца з выбарам мужа і прафесіі”.
Са сваім Леанідам Мікалаевічам Галіна Рыгораўна разам з 1978 года. Выгадавалі траіх дзяцей, якія падаравалі бацькам ужо дзевяць унукаў.
Што тычыцца прафесіі, то мая гераіня больш за 30 гадоў аддала сферы адукацыі раёна. Падкрэслівае, што нават калі б была магчымасць адкруціць плёнку жыцця назад, то ўсё роўна абрала б педагогіку.
– Настаўнік – самая ўдзячная прафесія, – кажа яна. – Я не выкладаю з 2007 года, а былыя вучні і сёння пры сустрэчы дзякуюць за трывалыя веды, за пазнавальныя ўрокі і цікавыя мерапрыемствы, што ладзілі разам, за падтрымку і мудрыя парады. У дзень нараджэння і дзень настаўніка многія тэлефануюць з віншаваннямі, некаторыя заходзяць з кветкамі і паштоўкамі. Канешне, гэта вельмі прыемна.
Сваю працоўную дзейнасць ураджэнка вёскі Замосце пачынала ў Лукскай базавай школе старэйшай піянерважатай. Паралельна завочна вучылася ў Мазырскім педагагічным інстытуце на філалагічным факультэце па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”.
Акрамя роднай мовы, давялося ёй выкладаць і нямецкую, якой, дзякуючы сваёй настаўніцы Кацярыне Сямёнаўне Доўжык, валодала даволі добра.
– Інстытуцкія выкладчыкі не маглі паверыць, што свае грунтоўныя веды я атрымала ў звычайнай вясковай школе. Прычым па ўсіх без выключэння вучэбных прадметах, бо педагагічны калектыў на той час у Замосцеўскай школе быў вельмі моцны. Я марыла папрацаваць разам са сваімі настаўнікамі, каб набрацца вопыту, але ж не давялося, бо з Лук мяне праз год перавялі у Міроненкі, а затым – у Хамічы, дзе я сустрэла будучага мужа. З планамі аб вяртанні на малую радзіму пасля заканчэння істытута прыйшлося развітацца, – успамінае Галіна Рыгораўна.
У 1976 годзе Міроненская базавая школа стала пачатковай. З таго часу і да самага закрыцця ў 2007 годзе мая субяседніца працавала ў Хаміцкай базавай школе. Не толькі выкладала, але і каля дзесяці гадоў была наместнікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. З асоблівай цеплынёй Галіна Рыгораўна расказвае пра дырэктара ўстановы адукацыі Ганну Мікалаеўну Даўгуненка:
– Яе любілі ўсе – і калегі, і вучні, і іх бацькі. Яна жыла школай, якую яе намаганнямі не закрылі раней. Наша школа была не толькі адукацыйным цэнтрам жыцця вяскоўцаў, але і культурным. На мерапрыемствах, што мы праводзілі да кожных свят, а нярэдка – і ў выхадныя, у мясцовым клубе (выступалі там, бо школа не мела сваёй актавай залы) яблыку не было дзе ўпасці. Рамонты, добраўпарадкаванне – усё рабілі ўласнымі сіламі.
Але ж давайце не будзем гаварыць пра той час: мне баліць, што школы, у якой у 70-я гады было 170 дзяцей, ужо няма, што знікае вёска, дзе прайшла мая маладосць, дзе выраслі мае сыны і дачка.
У 2008 годзе Жураўлёвы перабраліся ў аграгарадок Ліпава. На той момант Леанід Мікалаевіч працаваў наместнікам дырэктара па вытворчасці ў эксбазе “Ліпава”. Галіна Рыгораўна ужо выйшла на пенсію, але дома хутка засумавала, таму з радасцю прыняла прапанову ўзначаліць ветэранскую пярвічку Ліпаўскай сярэдняй школы, у якой таксама для яе знайшлося месца вахцёра. Не раз прапаноўвалі ёй вярнуцца да выкладання, але яна рашуча адмаўлялася: “Не хачу забіраць хлеб у моладзі”. Канешне, калі было патрэбна – безагаворачна падстаўляла калегам плячо. А два месяцы таму Галіна Рыгораўна афіцыйна развіталася і з працай, і з абавязкамі старшыні ветэранскай пярвічкі.
– Дзеці і муж настаялі, – прызнаецца яна. – Хвалюцца, што не іду па жыцці, а бягу, а здароўе ўжо не тое. Але ж я і канапа – рэчы несумяшчальныя. Займаюся агародам, скандынаўскай хадзьбой, спяваю ў школьным хоры, працягваю пісаць вершы. Іх у мяне ўжо набралася на некалькі зборнікаў. Любімыя тэмы – прырода, Бацькаўшчына, родная мова, настаўніцтва, сям’я.
Я людлю цябе Радзіма,
Ты – мне маці, я – дачка,
Ты ў мяне адна-адзіна,
У цябе ж я не адна…
… Дык жыві ж, Разіма, жыццём поўным,
Бог здароўя няхай кожнаму пашле,
Ганарыся чалавекам сваім кожным,
А нерадзівых няхай Бог нам не дае.










