Воскресенье, 19 апреля, 2026

Радио

Няпросты лёс Марыі Судас

Няпросты лёс Марыі Судас
Марыя Судас1 Даўно скончылася Вялікая Айчынная вайна, але яшчэ жывуць людзі, у чый лёс яна, праклятая, увайшла назаўжды. Марыя Кірылаўна Судас (Гарыст – у дзявоцтве), якая ў жніўні адзначыць свой 80-гадовы юбілей, самой вайны не памятае, але пасляваенныя голад і разруха наклалі адбітак на ўсё яе жыццё. Вайна адабрала ў яе светлае і радаснае дзяцінства. Усю нашу размову з Марыяй Кірылаўнай мяне суправаджала адчуванне непадробнай, яскравай гісторыі, запісанай не толькі ў літаратурных творах, а і ў чалавечых лёсах, іх душах і сэрцах. Я адчувала сябе вінаватай за тое, што развярэдзіла ўспаміны, закранула за душу, выклікала слёзы гэтай жанчыны, без якіх яна не магла ўспамінаць сваё дзяцінства, апаленае вайной. Марыя Кірылаўна нарадзілася ў 1940 годзе ў вёсцы Боруск. Дакладнай даты свайго нараджэння не ведае. Бацькі гаварылі, што нарадзілася яна ў ліпені, праз два тыдні пасля праваслаўнага свята святых Пятра і Паўла. Па пашпарту ж яе імяніны – 18 жніўня. Чаму так? Пасля вайны, калі Марыя, яшчэ дзяўчынкай, пайшла афармляць свае дакументы, пераблытала даты і сказала, што нарадзілася менавіта 18 жніўня. І толькі потым, вярнуўшыся дадому, зразумела, што памылілася. Так і атрымалася, што дзень свайго нараджэння з тых пор яна адзначае ў жніўні. Калі пачалася вайна, Марыі было каля года. Яна нічога не памятае пра гэты час. Але шмат ведае пра яго – па аповедах бацькоў, старэйшых братоў і аднавяскоўцаў. - Мама расказвала, што наша сяло спалілі да аднаго кала. Мы засталіся без нічога. Не было ні ежы, ні вопраткі, - анічагусенькі. Немцы прыехалі ў Боруск з боку Вялікіх Аўцюкоў, а мы падаліся к Хобнаму ўцякаць. Мама запрэгла каня, забрала нас, чацвярых дзяцей, так з'ехалі з роднай вёскі. Расказвае Марыя Кірылаўна, што тады яны знайшлі прытулак у чужых людзей. Праз некаторы час пераехалі ў Глінную Слабаду. Там жыла цётка Марыі, яна і прыняла іх да сябе. Пазней ужо перабраліся ў Вялікія Аўцюкі. - Івана, брата майго старэйшага, забралі ў палон, - плачучы гаворыць бабуля. - А ўсё з-за мяне. Мы тады жылі ў лесе, у куранях. Аднойчы прыйшоў мужык і сказаў, што немцы з’ехалі з Боруску, можна вяртацца. Я маленечкая была яшчэ, усё есці прасіла... Голад жа быў страшны. А ў вёсцы былі запасы ежы. Мой Іван моцна шкадаваў мяне і вырашыў ехаць у Боруск, каб што-небудзь мне прывезці. У нас і конь быў свой. Іван запрог яго і паехаў па дарозе, што вяла праз балота. А ў балоце немцы сядзелі. Яны страляць пачалі, каня забілі, а брата з дваюраднай сястрою забралі ў палон у Германію. Мама доўга плакала, бо Іван быў наш галоўны карміцель, ён быў нам замест бацькі. У палоне аказаўся і бацька Марыі Кірылаўны. Яна расказвае, что вярнуўся дадому ён у нямецкім шынялі, бо свайго адзення не было. А перад гэтым да іх прыйшло паведамленне, што бацьку забілі. З-за гэтага сям’і далі карову, якая дапамагла ім выратавацца ад пасляваеннага голаду. Праз год пасля бацькі вярнуўся і Іван, які пасля вайны яшчэ служыў у дзеючай арміі. Са слязамі на вачах успамінае мая субяседніца той час. Расказвае, як цяжка тады працавалі і дзеці, і дарослыя. Успамінае, як не шкадавалі сіл, бо спадзяваліся толькі на саміх сябе. - Хадзілі на поле збіраць леташнюю бульбу, марозавую. Яна чорная, а калі аблупіш – там крухмал. Гэты крухмал разміналі, расціралі. Збіралі насенне са шчаўля ў лузе, мама на кіслам малацэ пякла каржы. Так ратаваліся ад голаду. На хвіліну Марыя Кірылаўна змоўкла. У вачах бліснулі слязінкі. Цяжка ўздыхнуўшы, яна працягнула: - Апрануць зусім нічога не было… І мама хадзіла пад Шаўлоў, там у хвойніку быў шпіталь, дзе засталося шмат адзення. Яно рванае было, усё ў крыві. Яна яго назбірае, а дома перамые як можна, перашые, у ім і хадзілі. Яшчэ мама за Юравічы хадзіла ткаць кросны людзям. Каб зарабіць што, кудзелю прала. Потым сталі жалуды збіраць, сушылі іх, таўклі ў ступе, пасля мянялі на авёс. Помню, як мама яго збірала ў чыгуны, залівала вадой, сушыла ў печы… Старэйшая сястра Вольга ездзіла “у старцы”. Так бедныя вясковыя падлеткі, ходзячы па хатах, прасілі, што дадуць. Пасля вайны Марыя пайшла ў школу. Скончыла ў Боруску 4 класы, затым да дзявятага класа вучылася ў Вялікіх Аўцюках. - Прыйшлося кінуць школу, - расказвае Марыя Кірылаўна. – Бо тым, у каго бацькі вярнуліся з вайны, трэба было плаціць за вучобу, ды нямала – 150 рублёў. Грошай у нас не было. За апошні год дапамог заплаціць дзядзька Пацей. У яго сыны не вярнуліся з вайны, таму плацілі пенсію. Ён і пазычыў 100 рублёў. Астатнюю частку зарабілі з мамай у ягадах. Збіралі чарніцы, потым я насіла іх ў горад прадаваць. Адна ездзіла, нічога не баялася. Так і разлічыліся. Больш вучыцца не пайшла. Назаўсёды запомніла Марыя Кірылаўна і першую сваю слодыч. Яе паспрабавала толькі ў 12 гадоў. -Мы з дзяўчаткамі хадзілі на балота збіраць лазу. Босыя, а там асака вялізная, доскі гнілыя… А мы ідзем па гразі і нічога не баімся. Сабраную лазічку лупілі, выносілі на бераг. Дома яе збіралі ў пучкі і сушылі на плоце. А потым у краму здавалі. За лазу грошай не давалі, толькі на тавар мянялі. Вось я і памяняла яе на свае першыя цукеркі. Лазу абменьвалі дзяўчаты і на паркаль, з яго шылі сукенкі, у якія прыбіраліся на святы. Пасля школы Марыя Кірылаўна пайшла працаваць у калгас. Капала бульбу, сеяла жыта, - адным словам, выконвала розныя сельскагаспадарчыя работы. Праз некаторы час выйшла замуж за аднавяскоўца Івана Буцэнку. З ім нарадзілі двух дзяцей – дачку Наталлю і сына Аляксандра. Жыццё Марыі Кірылаўны ніколі не было простым. Самі з мужам яны будавалі новы дом, паднімалі дзяцей на ногі. Трымалі вялікую гаспадарку, агарод, пры гэтым працавалі ў калгасе. У 1972 годзе Марыю Кірылаўну запрасілі на працу ў мясцовую краму. З таго часу яна стала ў ёй загадчыцай. - Здаецца, што праца мая нескладаная. Але ж на самай справе гэта не так. Адказнасць вялікая, адну толькі выручку трэба было самой кожны дзень насіць здаваць у суседнія Аўцюкі. Добра, што калі паштальёны дапамагалі. Два разы на месяц ездзіла на справаздачы ў горад, трэба было расказваць начальству пра кожную капеечку. Я вельмі старалася, заўсёды была ў перадавіках. Колькі грамат мне ўручалі, падзяк. У мяне ж ніколі і недастач не было. А адкуль ім узяцца? Я ж у працу ўсю душу ўкладвала, пільненька за ўсім сачыла. Калі Марыі Кірылаўне было 43 гады, у іх сям’ю прыйшло гора – памёр муж. Сёння мая субяседніца расказвае, што яго згубіла дрэнная звычка – цяга да спіртнога. Яна ж прынесла ў сям'ю Буцэнкаў нямала праблем. І толькі напорысты, баявы характар сельскай працаўніцы дапамог ёй справіцца з усімі нягодамі. Яна не баялася ніякай працы, знаходзіла выхад з любых цяжкіх сітуацый. Ніколі не адчайвалася, была клапатлівай маці, многім паказвала прыклад у працы. У вясковай краме наша гераіня адпрацавала больш за 17 гадоў. Звольнілася з-за праблем са здароўем. Але ж без працы ся-дзець не стала, праз час уладкавалася на новае месца – стала сацыяльным работнікам. І толькі тады Марыі Кірылаўне стала крыху лягчэй. Праз некалькі гадоў пасля смерці мужа на яе шляху сустрэўся надзейны і клапатлівы мужчына Рыгор Судас, які потым і стаў яе другім мужам. Рыгор Міхайлавіч стаў бацькам для дзяцей Марыі Кірылаўны, а для яе – апорай і моцным мужчынскім плячом. Дарэчы, і сёння пара разам. Яны, як і раней, падтрымліваюць і хвалююцца адзін пра аднаго. На пенсіі Марыя Кірылаўна і Рыгор Міхайлавіч перабраліся з Боруска ў горад. Тут побач з імі – сын Аляксандр, унукі. Асабліва клапоцяцца пра бабулю старэйшая ўнучка Лілія і праўнук Міхаіл. Часта наведваюць унукі Марыя, Вадзім і Кірыл. Яны сёння – самая галоўная радасць у жыцці Марыі Кірылаўны. - Вось так атрымалася, што лёс мой няпросты. Затое пад старасць акружана любоўю і клопатам. Я сёння шчаслівая, што не адна, што ёсць мне кім ганарыцца і чаму радавацца. Вось так жыць бы і жыць, толькі каб здароўе было. Ала ВЕКА.
Баннер Telegram канала