Пятница, 24 апреля, 2026

Радио

Падарожжа па рацэ часу

Нас выхоўвала жыццё

“Ніна, ідзі ў гандаль. У цябе вельмі ўдала ўсё атрымліваецца”. Так казала мне на золку маёй маладосці загадчыца магазіна, у якой у 11 класе я праходзіла практыку.
“Што вы, Мар’я Іванаўна!”. У той час ісці ў гандаль гучала неяк банальна і нерамантычна. Мы ўсе марылі пра высакародны парыў. Урач, геолаг, настаўнік… Вось гэта — прафесіі!
І пачалося маё ўзыходжанне да Настаўніка. Ды як цяжка пачалося! Тры разы паступала ў БДУ і не праходзіла па конкурсе. Прыеду дадому, наплачуся і далей штурмую.
Ад паступлення да паступлення працавала піянерважатай у Юравіцкім дзіцячым доме. Да гэтай пары згадваю той залаты час. З дзецьмі жыла душа ў душу. Разам працавалі, весяліліся, адпачывалі. Ніколі адна не сядзела. Заўсёды вакол мяне дзеці. Завалімся ўсёй плоймай на фурманку, гікнем на коней і паскакалі. То макулатуру, то металалом збіраем. А то проста верхам на конях скачам. Зборы, зладжанасць і параднасць урачыстых лінеек, гучанне горна кожную раніцу… Усё гэта легла салодкай памяццю ў маю душу.
Ды і як не ўспомніць з глыбокай пашанай маіх выхаванцаў! Яны ж выратавалі мне жыццё. Калі мы ўсе разам пайшлі да возера Ліцвін і сталі купацца, я раптам стала тануць. А яны не разгубіліся, не адзін раз ныралі за мной у глыбокую ваду, пакуль не паднялі на паверхню. Хлопчык, які мяне выратаваў — Валодзя Працко з цягам часу стаў капітанам карабля.
А потым я стала піянерважатай у пятай школе Калінкавічаў. Такая ж жывая, энергічная, вясёлая. Дырэктар Аляксей Фёдаравіч, былы франатвік, увесь сівы, любіў глядзець, як я ваявала з цяжкімі выхаванцамі. Бывала, ідзеш па калідоры, маладая і прыгожая, а старэйшыя хлопцы ўсё намагаюцца нешта “адкалоць”. Асабліва стараецца Вовачка. Разганяецца з усяе моцы і — паехаў па калідоры. І так разоў 5 – 6. Гэта лічылася вялікім непарадкам. У настаўніцкую выклікаюць, мараль чытаюць. А яму хоць бы што. Была я аднойчы дзяжурная, паставіла яму ціхенька падножку, і паехаў Вовачка заднім месцам. Пасля гэтага перастаў ён шкоднічаць, стаў маім першым памочнікам.
У БДУ так і не давялося вучыцца. І вось родная цёця, засмучаная маімі няўдачамі, прысылае ліст, дзе просіць прыехаць да яе ў Казахстан — там конкурс  у педагогі адчувальна меншы. А як паступіла, то навуку грызла нібы рэпу. Была больш дысцыплінаваная за любога салдата. Мае канспекты — лепшыя, экзамен здаваць — першая. У навуку раілі ісці. Ды куды там — хутчэй бы на свой хлеб. Дваццаць рублёў маміных ды трыццаць пяць павышанай стыпендыі ледзь хапала на сціплае жыццё.
Асабліва памятаю першыя гады настаўніцтва. Вёска вялізная, школа новенькая. Пакой, дзе жыла — на пячным ацяпленні. Дровы цягнеш сам, шчапаеш лучыну, тэлевізараў няма, а пра інтэрнет увогуле тады ніхто і не чуў, у краме — пуста. Выратоўвала маладое настаўніцкае брацтва ды дзеці. “Дзеці, давайце ў ня-дзелю пойдзем у паход на веласіпедах”. “Ура!”. І паехалі. Праедзем кіламетраў 15 – 20, раскладзём агонь, пасмажам на палачках сала…
Ад дзяцей старалася не адставаць. Яны шмыгаюць на каньках па возеры туды-сюды, туды-сюды. Ды так весела, радасна. Гляджу ў акно, зайздрошчу. Іду да фізрука, бяру канькі. Увечары ідзём у спартзалу. Божа, як гула вечарамі школа! Валейбол, футбол… Так гонімся за гэтым мячом, сутыкнёмся кучай ды і павалімся. Вылазіць потым настаўніца з-пад гары дзяцей. У інтэрнаце мне дырэктар дазволіў паставіць тэнісны стол. Уся вясковая моладзь хадзіла…
…Пакрыху прайшла прафесійны шлях да вядучага метадыста раённага метадычнага кабінета. Да таго часу ўжо, бадай, не засталося ў школе такой спецыяльнасці, у якой бы я не пабывала. І піянерважатая, і камсорг настаўніцкай арганізацыі, і арганізатар, і завуч, і дырэктар.
Дырэктарствавала ў Вялікіх Аўцюках у школе-новабудоўлі, куды горы абсталявання, мэблі трэба было завезці. Клопатаў хапала. У часы дырэктарства давялося задумацца пра ўзаемаадносіны з людзьмі. Стала заўважаць якісьці халадок да мяне. І не разумела чаму. Здаецца, круцішся як ваверка ў коле. І ўсё дзеля школы, дзеля вучняў. Раззлаваўшыся, кажу на педсавеце: “Сердаваць на мяне няма чаго. Я стараюся для дзяцей. А дзеля іх дабрабыту патрабавала і патрабаваць буду”. Не абураліся. Бачылі, што стараюся. Але прамаўчалі, усё ж такі не ўхвалялі. І толькі паразважаўшы, зразумела, што трэба быць меней начальнікам, а больш — чалавекам. Гэтых вышынь адміністратыўнага мастацтва яшчэ дасягнуць трэба. Загадаць, дык так, што нібыта  прабачэння хочаш папрасіць за тое, што патрабуеш… Але гэта прыходзіць далёка не адразу. Пуд солі з’есці трэба.

Заўжды любіла вясковага настаўніка і вучня

А калі ўжо стала загадчыкам матадкабінетам, працы горы наваліліся. Раён вялікі, школ — за паўсотню. Адзін загад аб метадычнай сетцы займаў тры друкаваныя старонкі. А яшчэ да ветэранаў хочацца збегаць, пагутарыць пра школьнае жыццё-быццё, што калісьці даўно было. Грамадскіх нагрузак — процьма. Так весела, цікава, радасна было жыць і працаваць! Багацця ніякага не нажыла, а шчаслівай сябе адчувала. У душы была нейкая незразумелая радасць. Нават не ведаю, як гэта назваць. Проста шчасце ад таго, што жывеш, што працуеш, што вакол цябе столькі добрых людзей. І добрыя словы мне не адзін раз казалі. Грамат розных шмат, выдатнік адукацыі…
А метадычны шлях — гэта таксама не баль на паркеце. Усялякае бывала. І на трактары дабіралася да аддаленай школы, і пешшу не адзін дзесятак кіламетраў папахадзіла…
Даўным-даўно гэта было. Праводзілі семінар намеснікаў дырэктараў па вучэбнай рабоце ў адной з лепшых школ раёна — Міхнавіцкай сярэдняй. Настаўнікі там добрасумленныя, мелі выдатныя вынікі. Было што паглядзець. Была і свая “разыначка” — навуковец М. В. Кухараў наведаўся. Гэта надавала асаблівы эфект семінару.
Шмат гадоў мінула з таго семінара. Навучыў нас Мікалай Васільевіч пазнаваўчаму інтарэсу, аптымізацыі навучальна-выхаваўчага працэсу, таксама як і ўкараненню ў працу метадаў дыферэнцыяцыі і інтэграцыі.
Смела ў працы выкарыстоўвалася наватарства. Мы ўсе на месцах з задавальненнем вывучалі педагагічныя ідэі Ш. А. Аманашвілі, С. М. Лысенковай, Я. М. Ільіна, В. С. Зайцава, Е. М. Патапавай, В. Ф. Шаталава. Асобныя элементы ўкаранялі.
Шмат выдатных педагогаў у нашым раёне. Выйдзеш, бывала, натхнёны з урокаў настаўніцы пачатковых класаў Бабровіцкай сярэдняй школы Н. К. Вячынай, настаўніцы рускай мовы Гулевіцкай базавай школы А. М. Грыц, настаўніцы пачатковых класаў Ліпаўскай сярэдняй школы В. І. Гаркушы, настаўніка працоўнага навучання В. М. Савіцкага. Паглядзіш, як творча працуюць намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце Варатынскай сярэдняй школы М. В. Кіслова, Азарыцкай сярэдняй школы — Л. Н. Стукач,  як умела кіруюць педкалектывам дырэктары Залатушскай сярэдняй школы С. І. Комчанка, Антонаўскай сярэдняй школы — М. К. Чарненкава, Юравіцкай сярэдняй школы — Т. І. Века, як напоўнены творчасцю, запалам ветэраны працы В. Ф. Сіляўкіна, В. П. Курчонак, Н. А. Шабета, Т. П. Варабей, В. А. Сыч, М. Н. Кавалёва, Н. В. Юдзіцкая, М. Р. Дабравольскі, Я. Р. Ярмоленка, і радасна становіцца на душы. І хочацца працаваць яшчэ лепей.
…Як педагог, я заўсёды з любоўю ставілася да вясковага вучня. Гляджу, як ён і з дровамі корпаецца, і на агародзе, і грыбныя мясціны ў лесе ведае як уласныя пяць пальцаў. Вунь Вася з Танечкай з усіх сіл з чыгунамі і віламі важдаюцца. Трэба трымаць гаспадарку. Маці добра закладвае за каўнер, таму ў доме іншы раз, акрамя дробнай бульбы, ніякай яды. І сшытак у Васі ўвесь спісаны і ў тлушчавых плямах. А чаму?  “Сшыткі цяпер дарагія, бабка іх выдае, калі ўвесь спісаны пакажу. А чыстыя ў куфар хавае. А там летась сала ляжала. Ну, забылася газетку пакласці”. І раптам — новая бяда: бабку паралізавала. Як не паважаць Васю, Танечку, і такіх як яны вясковых дзяцей?!
Горача люблю вясковага настаўніка. Магчыма, выкажу спрэчную думку, але згодна з уласнымі назіраннямі, мае вясковыя калегі значна больш спагадлівыя, чым гарадскія педагогі.
А што да ветэранаў, дык наогул упадаю ў сентыментальнасць. Боль і любоў мая! На ўсе ўрачыстасці, бывала, іх клічам, ды ў першыя шэрагі. І слова цёплага не шкадуем. І песні паспяваем, і патаньчым. Глянуць яны на мяне ласкава, мне і радасней жыць на свеце. Пайду часам да 95-гадовай Алены Карнееўны. Яна ўсё жыццё — майстар у справе адукацыі. Старэнькая зусім, аднак ясна і разважна мысліла. Перабіраем, бывала, метрычныя выпіскі, дакументы царкоўна-прыходскай школы, вучнёўскія сшыткі за 1913 год, дарэвалюцыйныя канспекты, планы настаўнікаў, фатаздымак Калінкавічаў 1925 года … Жывая гісторыя!
 “Алена Карнееўна, — пытаюся, — а чаму раней дзеці так добра вучыліся?”
“Мілая мая, дык у нас вучні навуку як рэпу грызлі. Бывала дасі яму новы падручнік, а ён гладзіць яго, лашчыць. І так свеціцца! Час іншы быў… У пашане былі вучэнне, праца. А цяпер больш грошы. Праўда, і іх паважаць трэба. Але толькі ўжо пасля працы”.
А потым працягвае: “Сённяшнія ж настаўнікі лепшыя за нас, старых. Чаго толькі яны цяпер не ведаюць! Што ні ўрок, то новае ў тэме, што ні год, то новая праграма, новыя падручнікі. А мы месяцамі па адным узоры задачы рашалі”.
Час няўмольны. Многіх ветэранаў-педагогаў няма ўжо ў жывых. Ніколі ўжо не прыдуць да нас на сустрэчу ні мілая Вольга Якаўлеўна Высоцкая, ні Міхаіл Канстанцінавіч Балвановіч, ні Ніна Міхайлаўна Ніжнік, ні вышэй узгаданая Алена Карнееўна Белашова, ні іншыя педагогі, што некалі славілі Калінкавіцкі раён сваёй руплівай працай… Але ёсць відэазапісы нашых сустрэч, ёсць летапісы ўсіх школ раёна. “Толькі памяць, толькі памяць не забудзецца…”
За працай, штодзённымі клопатамі я і не заўважыла, як сама стала ветэранам. І 8 чэрвеня адзначаю круглую дату — 80 годдзе. У дзень такога значнага юбілею, як і прынята, у думках аглядаюся назад, аналізую ўсё, што было на маім жыццёвым шляху. І прыхожу да высновы, што нездарма ўсё ж стала педагогам. Гэта надзвычай цікавая прафесія, якая дае магчымасць працаваць з дзецьмі, што само само па сабе высакародна, сустрэць у жыцці шмат цікавых і добрых людзей, правесці шмат розных мерапрыемстваў. Гэта прафесія вельмі патрэбна, бо без педагога, як мы ведаем, немагчымы не ўрач, не інжынер. І я вельмі ганаруся, што прысвяціла сябе педагагічнай працы. Значыць, жыццё прайшло недарма. І я гавару вялікі дзякуй усім добрым людзям, з кім сустракалася на сваім жыццёвым і прафесіянальным шляху.  
Ніна ПАШКЕВІЧ, ветэран педагагічнай працы.                                  

Баннер Telegram канала