Воскресенье, 26 апреля, 2026

Радио

Сакрэт даўгалецця Аляксандры Скібар з Шыіч

Сакрэт даўгалецця Аляксандры Скібар з Шыіч

Аграгарадок Шыічы славіцца не толькі маляўнічымі відамі, але і доўгажыхарамі. Старэйшая сярод іх – Аляксандра Скібар (у дзявоцтве Захаранка), якая нядаўна адзначыла свае 94-годдзе.

Жыццё яе ніколі не песціла: дзяцінства апаліла вайна, а юнацтва прыпала на гады пасляваеннай разрухі, холаду і голаду. 

– Бацька мой Рыгор Сцяпанавіч і брат Валодзя загінулі на фронце, – расказвае Аляксандра Рыгораўна. – Татка пахаваны ў брацкай магіле ў Бабруйску. Як была дужая, ездзіла яго праведваць. Ад Валодзі мы з мамкай яшчэ ў войну атрымалі ліст, з якога даведаліся – ваюе недзе пад Жытомірам. Пісаў таксама, што ніколі не мог сабе ўявіць, што можна спаць у балоце. На жаль, гэта была апошняя вестачка ад яго. Там ён, відаць, і загінуў.

Другі мой брат, Іван, прайшоў усю блакаду. Распавядаў пасля, чаго толькі есці не прыходзілася, каб выжыць: і катоў, і пацукоў, і рамяні скураныя…

Няпроста было і нам з маці Варварай Якаўлеўнай. Каб менш мазоліць фашыстам вочы, хаваліся ад іх па лясах. Памятаю, як аднойчы вярнуліся ў Шыічы за ежай і трапілі пад нямецкі абстрэл. Маці штурхнула мяне ў высокую траву, прыкрыла сабой, каб выратаваць. Даўно гэта было, але і сёння часам ноччу прачынаюся ад страшных успамінаў.

Пашчасціла табе, галуба мая, не ведаць, што такое вайна. Няма нічога горшага, чым яна. Цаніце, дзеткі, мір і слухайце нашага Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча – дабрэнны гэта чалавек, любіць сваю краіну і народ.

Замуж Аляксандра Рыгораўна пайшла рана – у 15 гадоў. Муж – Кузьма Пятровіч – быў старэйшы больш, чым на дзесяць год. Ваяваў, з фронту вярнуўся без нагі, яго мужнасць і гераізм адзначаны Ордэнам Славы III ступені, Ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, мадалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”.

Вось як апісаны адзін з подзвігаў стралка асобнага лыжнага батальёна 132 стралковай дывізіі Кузьмы Скібара на сайце “Памяць народа”: “У баі 26.12.43 г. праявіў мужнасць і ўпартасць у абароне. Пры наступленні немцаў на пярэдні край абароны ўзвода ён ва ўпор растрэльваў гітлераўцаў, а калі тыя яго абкружылі – біўся да апошняга патрона, вывеў са строю да 9-ці гітлераўцаў і вымусіў іх адступіць”.

– Як сышліся мы з Кузьмой, даў яму калгас, як інваліду вайны, невялічкую хатку, – успамінае бабуля. – Там усе нашы пяцёра дзяцей свет пабачылі. Калі стала цесненька, неяк намагліся і пабудавалі сваю, значна большую.

Працавала я на ферме і свінаркай, і цялятніцай. Калі мне было 43 гады, Кузьма мой памер. А ў хуткім часе ўслед за бацькам пайшоў адзін з сыноў. Вялікае для маткі гора – перажыць дзяцей. Я ж ужо і другога свайго хлопца пахавала. А адна з дачок пасля інсульту страціла памяць. Бяда за бядою.

Нягледзячы на тое, што цяжкасці і няшчасці праследуюць Аляксандру Рыгораўну на працягу ўсяго жыцця, яна застаецца пазітыўным, добразычлівым і адкрытым чалавекам. Сцвярджае, што ў гэтым яе сакрэт даўгалецця. А яшчэ – у штодзённай працы.

– Хоць і хаджу з дапамогай мыліц, імкнуся дапамагчы дачцэ Ніне на гародзе, камандую, што і дзе пасадзіць. Летам мы жывом у маёй хатцы ў Шыічах, зімуем у горадзе. Цяжка мне ў кватэры без гаспадарчых клопатаў, свежага паветра, сельскай прасторы. Таму мне вельмі хочацца, каб лета доўжылася бясконца.

Кожны свой дзень Аляксандра Рыгораўна пачынае і заканчвае малітвай.

Прашу ў Бога ўсіх даброт не толькі для сваёй сям'і, але і для ўсіх людзей, – падкрэслівае яна. – Вельмі хачу, каб быў мір, каб людзі былі дабрэйшыя адзін да аднаго, паважалі старэйшых, шкадавалі малых.

Баннер Telegram канала