“Не спяшайцеся нам лічыць гады і называць нас сталымі. Душой мы маладыя заўсёды, а гадоў сваіх нам з плячэй не скінуць…”, – так з усмешкай кажа пра сябе і іншых прадстаўнікоў свайго пакалення 79-гадовая Праскоўя Захаранка з вёскі Залатуха.
Праскоўя Паўлаўна на самой справе такая – жыццярадасная, жвавая, руплівая, са шчырай, абаяльнай усмешкай на твары і добрымі іскрынкамі ў вачах. А тое, што сетка маршчынак вакол іх – гэта не столькі ўзрост, колькі жыццёвая мудрасць.
Больш за сорак гадоў гэтая цудоўная жанчына з прыгожым беларускім імем Праскоўя адпрацавала ў галіне культуры, трыццаць з іх узначальвала Залатушскую сельскую бібліятэку, амаль пятнаццаць кіравала мясцовым сельскім клубам і мастацкай самадзейнасцю. Калектыў Залатушскага СДК быў пастаянным удзельнікам раённых святаў, абласных і рэспубліканскіх фестываляў, такіх як “Берагіня”, “Кліч Палесся”. Пабываў ён нават у Польшчы, дзе на фестывалі фальклорных традыцый залатушскія артысты вызвалі сапраўдны фурор сваім аўтэнтычным выканаўчым майстэрствам.
Для большасці з нас субота, нядзеля, Новы год, Масленіца, Купалле і ўсе іншыя каляндарныя святы – выхадныя дні. Наведваючы ў гэтыя святы разнастайныя канцэртныя і гульнявыя праграмы, якія праходзяць на розных пляцоўках, мы рэдка задумваемся пра тое, што ёсць людзі, для якіх гэтыя дні з’яўляюцца працоўнымі, бо іх прафесійны абавязак якраз і заключаецца ў тым, каб святочны дзень стаў прыгожым, цікавым і запамінальным для нас – гледачоў. І вясковыя ўстановы культуры – не выключэнне. Наадварот, менавіта іх называюць “сельскімі агменямі культуры”, бо сельскі Дом культуры – гэта, у першую чаргу, цэнтр культурных зносін, успрымання мастацкіх каштоўнасцей і проста тое месца, дзе можна цікава правесці вольны час, развіць свае здольнасці, культурна адпачыць.
Праскоўя Паўлаўна аддала любімай справе большую палову жыцця. І, як большасць прадстаўнікоў культуры старэйшага пакалення, спачатку прыйшла ў яе без адпаведнай адукацыі, самавучкай-самародкам. Гэта ўжо потым яна скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум.
– У гэтую галіну я прыйшла з калгаса, дзе працавала на ферме, была лабарантам. Я рана пайшла замуж: не было і 18 гадоў. Калі пайшлі дзеці, было ўжо не да навукі. Мой Сцяпан Фёдаравіч быў старэйшым за мяне на сем гадоў, працаваў механізатарам. Добра мы з ім жылі, нарадзілі і выгадавалі чацвярых дзяцей. На жаль, ужо 13 гадоў мінула, як я засталася ўдавою. Пахавала я ўжо і дваіх сыноў, – расказвае пра сваё жыццё субяседніца. – У 1969 годзе, калі мне прапанавалі перайсці з калгаса ў бібліятэку, я доўга не вагалася: чытаць мне заўсёды падабалася, як і спяваць – са школьных гадоў удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці.
У Залатушскай сельскай бібліятэцы Праскоўя Захаранка адпрацавала роўна трыццаць гадоў, пакуль у 1999 годзе не ўзначаліла Залатушскі сельскі Дом культуры. У тыя гады гэты калектыў “грымеў” не толькі на ўвесь раён: ведалі яго і ў суседніх, і нават у рэспубліцы.
Святы ў Залатусе заўсёды праходзілі весела і душэўна. Гэта і Калядныя сустрэчы, і вечары, прысвечаныя каляндарным святам – Дню жанчын, Дню Перамогі, Дню Абаронцаў Айчыны, Дню сталога чалавека, Дню абароны дзяцей, Дню ведаў. У Залатусе адзначалі і Таццянін Дзень, і свята ўсіх закаханых, шырока гулялі Масленіцу і Купалле.
У рэпертуары калектыву былі песні самых розных жанраў. Гэта і прыпеўкі, і лірычныя, і вясельныя, і абрадавыя і, канешне, каляндарныя песні Палескага краю. На кожным канцэрце сельскі клуб быў напоўнены гледачамі, а на імправізаванай сцэне разгортваўся сюжэт прадуманага і яркага сцэнарыя.
– Я вельмі любіла сваю работу, і ні ў якой іншай якасці сябе ўжо не ўяўляла. Імкнулася зрабіць жыццё сваіх землякоў насычаней, ярчэй і цікавей, – працягвае Праскоўя Паўлаўна.
Пахваліла яна мастацкага кіраўніка Эдуарда Кавальчука, з якім ёй давялося працаваць больш за пяць гадоў, ён і сёння працуе ў калектыве.
– На сваім акардэоне Эдуард можа падабраць любую мелодыю, заўсёды падыграе. А спявае як! Заслухаешся! – з захапленнем расказвае Праскоўя Паўлаўна, якая і сёння з’яўляецца адной з галоўных артыстак ансамбля “Залаты ўзрост”, што стварыўся яшчэ пры ёй і з поспехам працягвае сваю дзейнасць і сёння: выступае як у роднай вёсцы, так і ў іншых населеных пунктах раёна.
Сёння Залатушскім сельскім клубам кіруе таксама энтузіястка, аднавяскоўка Праскоўі Паўлаўны Ганна Сохар. Выдатна, што агмень культуры ў Залатушскім СДК не згасае, што гарыць святло ў яго вокнах, што ідуць на яго людзі, знаходзяць тут для сябе занятак і адпачываюць ад душы.
Дарэчы, калі Праскоўя Захаранка перайшла з бібліятэкі ў клуб, яе справу працягнула дачка Надзея. У гэтым годзе будзе 25 гадоў, як Надзея Журо змяніла маці на месцы загадчыцы сельскай бібліятэкай.
Яе брат Канстанцін Захаранка таксама жыве ў Залатусе, працуе ў мясцовай гаспадарцы механізатарам.
Самым галоўным сваім багаццем Праскоўя Паўлаўна лічыць іх – сваіх дзяцей, унукаў, якіх у яе шэсць, а таксама траіх праўнукаў:
–Мне вельмі пашанцавала: мае дзеці і ўнукі – самыя лепшыя на свеце, дапамагаюць мне, хвалююцца, падтрымліваюць. Дзякую Богу за тое, што яны ў мяне ёсць.
Што яшчэ можна дадаць у аповед пра гэтую няўрымслівую жанчыну? Тое, што і сёння Праскоўя Захаранка захоўвае актыўную грамадзянскую пазіцыю: з’яўляецца старшынёй ветэранскай арганізацыі вёскі. Вольныя хвілінкі Праскоўя Паўлаўна прысвячае творчасці: вышывае, займаецца алмазнай мазаікай, з дапамогай якой стварае прыгожыя бліскучыя карціны. Як і належыць сельскім жыхарам, завіхаецца на агародзе (куды ж без яго?). А вось гаспадарку жанчына ўжо не трымае. Толькі пеўня, каб будзіў на досвітку, і катоў, каб мышэй лавілі.











