Воскресенье, 19 апреля, 2026

Радио

«Колкі снег жыцця» – новая кніга Васіля Андрыеўскага

Калінкавіцкая зямля нарадзіла шмат вядомых і таленавітых людзей. З’яўляецца яна малой радзімай і для паэта Васіля Андрыеўскага, які нарадзіўся ў вёсцы Града.

Сярод вясковых даляглядаў прайшлі дзяцінства і юнацтва Васіля Рыгоравіча. Паэт скончыў Юравіцкую сярэднюю школу, а потым філалагічны факультэт Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Н.К.Крупскай.

Сёння Васіль Андрыеўскі жыве ў суседнім Мазыры, якому таксама прысвяціў шмат вершаў, працуе ў Дэпартаменце аховы, але думкамі ён заўсёды са сваёй малой радзімай.

Вершы Васіль Рыгоравіч пачаў пісаць рана, у друку яны пачалі з’яўляцца з 1987 года. Наш таленавіты зямляк з’яўляецца аўтарам паэтычных зборнікаў «Пад літасцю нябёс» (2001), «Вербніца» (2007), «Глядзіць спадзеўна Багародзіца», «Кахання гаючы агонь» (2017), «Нахлыне думка навальніцай» (2024). З'яўляецца складальнікам і рэдактарам шэрагу калектыўных зборнікаў паэзіі «Ты, Мазыр, - мой Парнас», «Сонца над буслянкай», «Спелы ранак», «Прыпяцкія хвалі».

А нядаўна, амаль перад самым Новым годам выйшаў у свет шосты па ліку зборнік вершаў паэта «Колкі снег жыцця». Назву зборніка абумовілі словы з радка аднаго са змешчаных у кнізе вершаў.

Кніжка гэта не звычайная. Па-першае, яна зручнага кішэннага фармату. Па-другое, у яе ўвайшлі выключна чатырохрадкоўі.

Ашчаднае стаўленне да мастацкага слова – характэрная рыса паэтычнага таленту Васіля Андрыеўскага. І мажорныя, і мінорныя чатырохрадкоўі творцы хвалююць душу, падкупляюць сваёй шчырасцю, неабыякавымі адносінамі да сацыяльна-духоўных праблем грамадства. Вершы паэта прасякнуты любоўю да жыцця, напоўнены вострым адчуваннем імгненнасці часу і ўпэўненай верай у адвечную сілу дабра. Паэтычныя радкі паэта становяцца своеасаблівай формай вяртання памяці да мілых сэрцу мясцін дзяцінства – малюнкаў роднай Грады і Юравічаў, іх наваколля, вобразаў блізкіх людзей.

Падчас сустрэчы Васіль Андрыеўскі правёў кароткі экскурс па старонках свайго новага тварэння – невялічкай, але вельмі змястоўнай кніжкі, у якой змешчаны 70 чатырохрадкоўяў аўтара – лепшыя вершы розных гадоў, а таксама новыя радкі.

Зборнік складаецца з двух раздзелаў. Першы – «Сцяжой надзей», які аб’яднаў вершы самай рознай тэматыкі. У другім – «Каб не спаткаўся я з табою» –змешчаны чатырохрадкоўі пра каханне.

Прадмову да зборніка напісаў беларускі паэт, празаік, перакладчык і крытык Васіль Жуковіч, які адзначыў рэдкае ўменне аўтара – майстра мастацкага слова на мінімальнай плошчы выказаць істотнае. Мажорным радкам у кнізе не замінаюць мінорныя, наадварот – дапаўняюць іх, пашыраючы гаму пачуццяў. І зазвычай прырода, яе з’явы дапамагаюць выказаць у адным выпадку радасць, у другім – засмучэнне. На фоне сцішанага прасцягу і загадкава-дзівоснага свету паэтам падаецца нечаканы вобраз колкага снегу жыцця. І ўсё гэта Васілю Андрыеўскаму ўдаецца перадаць усяго ў чатырох радках.

Пазнаёміцца з новым зборнікам паэта у хуткім часе можна будзе ў раённай бібліятэцы. А сёння мы публікуем некаторыя вершы са зборніка нашага таленавітага земляка. Знаёмцеся, чытайце, захапляйцеся.

Таццяна КАПІТАН.

Фота аўтара.

 

***

На мове Купалы і Коласа

Аднойчы пачаў я тварыць,

Каб свету адкрыта і голасна

Пра ўсё, што баліць, гаварыць.

 

***

Душа не стамляецца верыць у гэта

Праз боль і пакуты зямнога жыцця:

Усё, што дабром і любоўю сагрэта,

На небе калісьці свой знойдзе працяг.

 

***

Народ мой славіцца гасціннасцю

(І так было ва ўсе часы),

І працавітасцю, і сціпласцю,

І мовай дзіўнае красы!

 

***

Хачу, каб хтосьці паўтарыў

І не аднойчы: шчасце – гэта

Сумленна, чэсна жыць, тварыць

Прад Небам, прад сабой, прад светам.

 

***

Люблю ва ўсім размах і рух,

Вітаю поспехі навукі!

І ўдумна зноў і зноў бяру,

Нібы ікону, кнігу ў рукі.

 

***

Бібліятэка – ведаў храм,

Прыгожы, адмысловы,

Дзе ўтульна ўсім: і чытачам,

І формулам, і словам…

 

***

Вяслую ў чоўне спадзяванняў,

Душа пакутліва баліць –

Да берагоў свайго кахання

Няўжо мне так і не даплыць?

 

***

Не апускай пагляд чароўны,

Ён – паратунак для мяне.

Мы будзем разам усё роўна,

І шчасце нас не абміне.

 

***

Стрываў бы ўсё, здаецца,

Адужаў, перамог,

Каб толькі нашы сэрцы

Злучыў, нарэшце, Бог.

 

***

Пагляд тваіх усмешлівых вачэй,

Нібыта подых першае лістоты.

У ззянні дзён і цемрадзі начэй

Яго гаючы адчуваю дотык.

 

***

Чароўнай зоркай Мілавіцай

Нябёсам вечна захапляцца…

І мне б душой і сэрцам зліцца

З табой. І больш не расставацца.

 

***

Твой таропкі пацалунак

На ўспамін, на развітанне –

Гэта Неба падарунак

І надзея на спатканне.

 

***

Яшчэ не спалены масты,

Не зацярушаны сцяжыны…

І ў сэрцы чуйным толькі ты,

Твой воблік – светлы і адзіны.

 

***

Прыгажуня-фея, палкіх дум царэўна,

Без цябе ізноў я сустракаю ранне,

Не сябры мне болей недавер і рэўнасць, –

Не крыўдуй, не злуйся… Уратуй каханне.

 

***

Цярушыць снег загадкава-дзівосны,

Яму так рады сцішаны прасцяг!

А на зямныя нашыя два лёсы

Няспынна сыпле колкі снег жыцця.

Баннер Telegram канала