Понедельник, 24 августа, 2026

Радио

У Паліны Лапацік выйшаў зборнік вершаў і песень

У Ляскавічах 15 жніўня з размахам прайшоў IX фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». Галоўнай гераіняй падворка Калінкавіцкага раёна стала Паліна Лапацік – культарганізатар Бярозаўскага клуба-бібліятэкі і нязменны кіраўнік народнага фальклорнага ансамбля «Бяразоўскія пералівы».

У выкананні ансамбля гучаць карагодныя, гульнявыя, жартоўныя, вясельныя, хрэсьбінныя песні і, канешне, прыпеўкі, якія Паліна Лапацік складае сама. Канешне, памятаюць і шануюць удзельнікі ансамбля і ісконна бярозаўскія.

Паліна Паўлаўна прысвяціла культуры больш за 40 гадоў свайго жыцця. У сваіх выступленнях яна па-майстэрску спалучае народныя традыцыі з аўтарскай творчасцю, выконваючы і ўласныя вершы з песнямі.

Сімвалічна, што напярэдадні фестывалю ў Паліны Паўлаўны выйшла кніга аўтарскіх вершаў «Вам мои стихи и песни», якая заняла пачэснае месца на раённай выставе на «Клічы Палесся». У зборніку змешчаны песні і вершы на рускай і беларускай мовах.

Прапануем вам пазнаёміцца з захавальніцай культурных традыцый раёна з новага боку.


Вёска мая

За вокнамі сцелецца белы туман,

Бяжыць, прабягае зялёны курган,

Спачатку адзін, а потым другі,

Зялёныя сцелюцца зноў мурагі.


А там за акацыяй шэры чарот

І доўгі, круты за ім паварот

І як на далоні ўсплывае яна,

Дзе я нарадзілася – вёска мая.

 

Тут кожны ўзгорак, сцяжынка свая,

І матчына песня ў сэрцы адна,

Душа тут спявае, а сэрца шчыміць,

Мая тут радзіма і мне тут пражыць.

 

Бягуць-прабягаюць жыцця майго дні,

Куды я ні йду, ці не еду куды,

А як забяруся, так сэрца баліць,

Хутчэй на дарогу, дадому карціць.

 

Жыве мая вёска і сняцца мне сны,

Бягуць і бягуць уздоўж дарог курганы.

Куды я ні еду, куды я не йду,

Вяртаюся зноў на дарогу сваю.

 

Паклон табе, Зямля бацькоў

Паклон табе, Зямля бацькоў

Ад тых шумлівых каласкоў,

Ад свежазжатай сенажаці

І ад старога, ад дзіцяці,

Што шчэ ў калысачцы ляжыць

І марыць толькі як пражыць.

 

Паклон табе, зямля бацькоў,

Ад паляводаў, пастухоў,

Ад трактарыстаў і даярак,

Што ўжо стаміліся за ранак.

Ад працавітых усіх людзей,

І ад старых, і ад дзяцей.

Ад тых, хто раненька ўстае

І малако, і хлеб дае.

Дзякуй за тое, што навокал

Глядзіш сваім ты шэрым вокам.

 

Паклон табе, мой бацька і маці,

Што навучылі так спяваці,

І мову родную любіць.

Мне пра ўсё гэта не забыць.

 

Я нізка кланяюся ўсім –

Памершым продкам і жывым.

І ганаруся, што жыву,

І песню родную люблю.

 

Мая Беларусь

Мая Беларусь, ты як казка!

Ты свецішся зорна і ясна.

Твае блакітныя азёры

Ясней, чым на небе ўсе зоры.

 

Праходзяць гады за гадамі,

Мы сэрцам сваім прысягаем,

Заўсёды быць разам з табою,

З тваёй непаўторнай красою.

 

Жыве Беларусь разам з намі,

Мяняюцца годы з вякамі.

Няхай будзе гонар і слава,

Вялікая наша дзяржава!


Баннер Telegram канала