Воскресенье, 19 апреля, 2026

Радио

Да перамог Дар'ю Малашчанка прывяла любоў да роднай мовы

Дзесяцікласніца СШ №7 Дар'я Малашчанка заняла трэцяе мес ца на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. За гэтым годным вынікам – месяцы сур’езнай і сістэмнай падрыхтоўкі, перажыванні, адсуднасць вольнага часу і вялікая сумесная праца з настаўнікам – намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Вольгай Кірпічэнка, якая выкладае беларускую мову і літаратуру.

– У гэтым годзе алімпіяда была асабліва складаная, – расказвае Дар’я, якая ўдзельнічае ў гэтых спаборніцтвах з пятага класа. – Адзін з этапаў – напісанне водгуку на твор. Мне выпала проза, а гэта патрабуе глыбокага аналізу і ўмення адчуваць тэкст. Другі дзень уключаў комплекс заданняў з двух блокаў – літаратуры і мовы. Напрыклад, трэба было растлумачыць простымі словамі значэнні сучасных слоў «аватарка» і «хэштэг», прывесці сінонімы. Я выдатна справілася і атрымала максімальныя шэсць балаў, што надало ўпэўненасці: без Дыплома не застануся.

– Дар'я – вельмі таленавітая дзяўчына, – з цеплынёй і гонарам гаворыць пра сваю вучаніцу Вольга Міхайлаўна. – Працаваць з ёй лёгка і цікава, яна не лянуецца самастойна разбіраць складаныя тэмы, заўжды просіць дадатковыя заданні. Яна старанная, адказная, але ёй часам не хапае веры ў сябе. І тут мая задача як настаўніка не толькі даць веды, але і падтрымаць, дапамагчы паверыць у свае сілы.

Любоў да беларускай мовы і літаратуры ў дзяўчыны з’явілася яшчэ ў пятым класе. З часам захапленне перарасло ў сур’ёзную зацікаўленасць. Таксама ў спісе яе любімых школьных прадметаў – англійская мова і грамадствазнаўства.

У будучым Дар’я бачыць сябе студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў і не выключае, што будзе працаваць настаўніцай:

– Мне падабаецца дзяліцца ведамі, тлумачыць матэрыял.

Дарэчы, акрамя алімпіяд Дар’я вынікова ўдзельнічае ў літаратурных конкурсах рознага ўзроўню, піша даследчыя работы. Так, у мінулым вучэбным годзе на абласным конкурсе “Ведай і шануй родную мову” яна заваявала Дыплом ІІІ ступені, а ўжо ў гэтым да раённага этапа рэспубліканскага конкурсу “Ад паэзіі сэрца да прозы жыцця”, прысвечанага 105-годдзю Івана Мележа і Івана Шамякіна, падрыхтавала эсэ на тэму “Крыніцы натхнення”.


Баннер Telegram канала