Вторник, 21 апреля, 2026

Радио

Няўрымслівы піянерважаты і цяжкасці жыцця

З самага пачатку навучальнага года актыўна вядзе сваю работу піянерская арганізацыя нашай школы пад кіраўніцтвам Тамары Савіцкай. Малады спецыяліст, яна сёлета скончыла піянерскае аддзяленне Мазырскага педагагічнага вучылішча, а ў школе ўдала спланавала работу піянерскай арганізацыі, правяла справаздачна-выбарчы збор, на якім быў абраны савет дружыны.

На зборы дружыны 21 верасня піянеры напісалі і адправілі пісьмо дружбы чэхаславацкім піянерам. Калі прыдзе пісьмо ў адказ, будзе праведзены збор піянерскай дружыны на тэму “Дзеці розных народаў, мы хочам з вамі дружыць”.

Піянерам школы прывіваюцца працоўныя навыкі. Яны дапамагаюць калгасу ва ўборцы памідораў і яблык, збіраюць макулатуру. Цікава і з толкам арганізаваны і адпачынак членаў піянерскай арганізацыі. Да прыкладу, можна бачыць, як у вольную ад вучобы хвіліну піянеры прыходзяць у піянерскі пакой, кад пагуляць у шахматы і шашкі.

Дзеці любяць і паважаюць Тамару Пятроўну. А яна таксама любіць дзяцей, без чаго працаваць у школе проста немагчыма, умее даць выхаванцам  добрую параду і быць да іх чулай. Але, пры неабходнасці, і строгасць праявіць” — так увосень 1956 года напісаў пра сваю калегу на старонках мясцовай пасялковай газеты настаўнік Стрэшынскай СШ Жлобінскага раёна Мікалай Шаўцоў.

У той год зусім малодзенькая, амаль дзяўчынка, Тамара Пятроўна пачынала свой працоўны шлях. А да гэтага, як вынікае з заметкі, закончыла педвучылішча. Выбар прафесіі быў для яе відавочным па двух прычынах. Адну вы ўжо ведаеце — любоў да дзяцей, ўменне іх арганізаваць на вучобу і на працу. А другая — куды больш празаічная. Сям’я, у якой не прышоў з вайны бацька, і маці адна гадавала чатырох дзяцей, жыла зусім не заможна. А ў педвучылішчы ўсё ж плацілі стыпендыю, хоць і сціплую, усяго толькі 14 дарэформеных рублёў, але ўсё ж.

… Мы сядзім у яе ўтульнай драўлянай хаце па вуліцы Інтэрнацыянальнай, Тамара Пятроўна пераглядае старыя фотаздымкі, узгадвае даўно перажытае:

    Калі пачалася вайна, мне было ўсяго тры годзікі. Бацьку свайго, Пятра Пархімавіча, зусім не памятаю. Ведаю, што забралі яго ў войска ў самыя першыя дні вайны, ды больш мы яго і не бачылі. Ужо пасля вызвалення родных Калінкавічаў маці атрымала пахаронку. Я была ў маці, Ганны Адамаўны,  самай малодшай з чатырох дзяцей. У мене — дзве сястры Лідзія і Раіса і брат Анатоль. І як жа цяжка было нашай маці адной ўсіх нас, малых, у вайну ратаваць ад смерці, а потым, у галодны пасляваенны час, гадаваць і на ногі ставіць, ведае, бадай, толькі яна сама. Жылі ў вайну ў зямлянцы на вуліцы Бунтарскай (зараз — Гагарына), а ў час налётаў варожай авіяцыі на чыгуначнаю станцыю беглі хавацца на ўскраек горада, туды, дзе сёння вырас мікрараён па вул. Ніканава.

Мама парабляла шыццём, быў у нас невялічкі агародзік, тым і жылі. Усе мы дзякуючы нашай маці атрымалі адукацыю. Зараз гляджу на маладых, і думаю, чага не хапае ім для жыцця, чаму столькі супружаскіх пар распадаецца? Не ведаю чаму, здавалася, усё ў людзей ёсць…

Вучылася Тамара ў  школе №14, якую раней называлі “чыгуначнай”, а зараз — гэта СШ №4. А далей былі годы вучобы ў Мазыры. Як расказвае субяседніца, бывала маці, дасць ёй з сабой тры рублі ды жбан баршчу — і гэта на цэлы тыдзень. Больш даць не было магчымасці. Нават, атрымліваючы стыпендыю, даводзілася эканоміць на ўсім, чым можна.

    Снеданне ў інтернаце штодзень было ў нас аднолькавым: луста чорнага хлеба з маргарынам, а зверху крыху цукру-пяску. У алюмініевым чайніку зробіш кіпень, каб запіць гэты бутэрброд. Заварку не ўжывалі, грошай на яе не было. У пакойчыку ж жыло восем чалавек. І адна мара толькі была — наесціся ўдосталь пшанічнага хлеба з маслам. 

Па прыступках прафесіянальнай дасканаласці

Субяседніца адзначае, што ў Стрэшыне яе прынялі вельмі добра. З цеплынёй Тамара Пятроўна ўзгадвае дырэктара школы Мікалая Нікіценку, а таксама простую вясковую жанчыну Ганну Філіпаўну, у хаце якой пражывала. Гаспадыня адносілася да кватэранкі, як да роднай дачкі, і шмат карысных жыццёвых парад дала маладому педагогу.  

Пасля двух гадоў працы ў Стрэшынскай СШ яна сустракае сваё адзінае на ўсё жыццё каханне  калінкавічаніна Эдуарда Сарнаўскага, выходзіць за яго замуж і змяняя дзявочае прозвішча. Маладая пара пераязджае ў Калінкавічы.

Аднак хутка пасля вяселля супругі зрываюцца з месца і едуць за тысячы кіламетраў у Казахстан, куды пазваў іх родны дзядзька Эдуарда, па прафесіі чыгуначнік. Па прыбыцці ў пасёлак Кушмурун Кустанайскай вобласці галава сям’і ўладкоўваецца на працу шафёрам, а яго жонка — старшай піянерважатай і настаўніцай пачатковых класаў.

Але і ў Казахстане Сарнаўскія не затрымаліся, вярнуліся на малую радзіму, якая не адпускала душу. А два гады, пражытыя ў Кушмуруне, памятныя нараджэннем першынца Сярожы.

 Па вяртанні распараджэннем загадчыка райана Мікалая Цеслюка Тамара Пятроўна накіроўваецца на працу ў СШ №36 (зараз — Базавая школа №5).

    Як прыехалі ў Калінкавічы, муж уладкаваўся вадзіцелем у мясцовы хімлясгас. На руках было малое гадавалае дзіця. Мая маці і гаворыць: “Буду за Сяргеем сама глядзець, сілы пакуль ёсць, а ты ідзі працуй, “капейчына” лішняй не бывае, працягвае падарожжа па хвалях яе ўспамінаў субяседніца.   

І здарылася, што хутка ў школу №36 прыехала праверка з Міністэрства адукацыі. У складзе гэтай каміссіі быў Мікалай Мурашка, якога прызначылі на пасаду дырэктара новай установы адукацыі (яна насіла статус эксперыментальнай школы другой ступені і толькі-толькі была адкрыта на базе СШ №2 г. Калінкавічы — заў. аўт.). У школе Мурашкі вучням старэйшых класаў давалі прафесіянальную адукацыю. Тут рыхтавалі медсясцёр, старшых піянерважатых, сувязістаў, токараў, трактарыстаў, павароў. Ведаючы прафесійныя і асабістыя якасці Тамары Сарнаўскай, Мікалай Іванавіч адразу прапанаваў ёй перайсці ў новую школу выкладчыкам прадмета “асновы вытворчасці” і атрымаў згоду.

Абавязкам педагога на гэты раз была падрыхтоўка новага пакалення піянерважатых. Аб тым, як Тамара Пятроўна з гэтым спраўлялася гавораць факты. З гонарам яе называюць сваёй настаўніцай такія вядомыя ў Калінкавіцкім раёне педагогі, як Надзея Маеўская, Зоя Карастылёва, Марыя Арцюшэнка. А ў 1965 годзе на Усесаюзным семінары па пытаннях піянерскага руху, што праходзіў у Гродне, Тамару Сарнаўскую ўзнагародзілі Ганаровай граматай ЦК ВЛКСМ і камсамольскім значком з залатой аліўкавай галінкай. Гэту сапраўдную рэліквію Тамара Пятроўна перадала ў музей “Славные женщины, матери»

На ўзгаданы тут форум яна ляцела на самалёце разам з Мікалаем Мурашка. Калі той выступіў перад прысутнымі з дакладам, прадстаўнікі ЦК ВЛКСМ вельмі высока ацанілі арганізаваную ў сценах СШ №2 нашага горада работу з піянерыяй. Слава распаўсюдзілася на ўвесь неабсяжны прастор СССР.

Пасля таго, як вытворчае навучанне адмянілі, Тамара Сарнаўская працавала ў пачатковых класах.

А ў 1971 годзе яе запрашаюць на пасаду арганізатара пазашкольнай і пазакласнай работы   ў СШ №1. На гэтай пасадзе яна і адпрацавала 35 гадоў да выхаду на заслужаны адпачынак. У першай школе арганізатарскі талент Тамары Сарнаўскай заблішчаў новымі гранямі. Як яна лічыць, гэта дзякуючы цудоўнаму педкалектыву начале з Чалавекам з вялікай літары, высокім прафесіяналам, выдатным арганізатарам і кіраўніком Аляксандрай Іванаўнай Радута.

    Карабель першай школы яна вяла па хвалях поспеху звыш 20 гадоў. Не будзе перабольшваннем казаць, што яе любілі як усе настаўнікі, так і ўсе вучні. Гэта педагог і дырэктар школы ад Бога, — так высока аб сваім былым кіраўніку і лепшай сяброўцы гаворыць Тамара Сарнаўская.

Цёплымі словамі яна ўзгадала многіх педагогаў СШ №1, з якімі разам крочылі па шляху да прафесіянальнай дасканаласці, а таксама сваю першую настаўніцу Соф’ю Сяргееўну Мельнікаву, выкладчыцу, што вяла ў педвучылішчы прадмет “піянерскі рух”, — Марыю Вульфаўну, прозвішча якой, за столькі год, на жаль, сцёрлася з памяці, вядомага ў нашым раёне чалавека Рыгора Макаравіча Торапа, які ў свой час выкладаў прадмет “транспартныя дысцыпліны” ў школе другой ступені, і інш. Асобныя словы падзякі за карысныя парады, падказкі, што былі заўсёды да месца, мая субяседніца выказала ў адрас Мікалая Мурашкі, асабліва падкрэсліўшы, што ён ніколі ні да аднаго са сваіх падначаленых, нават самых маладых, не звяртаўся на “ты”, выключна на “вы”.

Педагагічны талент самой Тамары Пятроўны таксама заслугоўвае самых лепшых эпітэтаў. І дзяржава яе ўзнагародзіла дзвюмя Ганаровымі граматамі Міністэрства асветы Беларускай ССР, граматамі і дыпломамі прафсаюза работнікаў асветы, абласнога і раённага аддзелаў народнай адукацыі. І гэта далёка не поўны пералік. а міністэрская грамата на імя Тамары Сарнаўскай знаходзіцца сёння ў музеі гісторыі раённай адукацыі СШ №1. У 1989 годзе педагог была ўнагароджана Ганаровым знакам “Выдатнік народнай адукацыі”.

На маё пытанне “Што дапамагло Вам стаць сапраўдным педагогам?” субяседніца адказала, што зразумела, любоў да дзяцей і да сваёй працы, а таксама … пунктуальнасць. Яна за паўстагоддзя працоўнай дзейнасці ні разу не спазнілася на працу. І ўжо, як вынік такой пунктуальнасці, — абавязковасць. “Калі я каму што паабяцала, то павінна зрабіць, а ў адваротным выпадку навошта абяцаць?”. 

Яна ніколі не будзе самотнай

Перагортваючы стары альбом з чорна-белымі здымкамі, яна узгадвае як найбольш яркія старонкі свайго жыцця турыстычныя паходы з Калінкавічаў разам з вучнямі на возера Ліцвін, куды штогод адпраўляліся вучні і настаўнікі, прыкладна 120 чалавекэ. Ішлі пешшу туды і назад таксама. Узгадваецца ёй лагер працы і адпачынку ў Сыродзе, на базе мясцовага калгаса 1 Мая. А яшчэ — экскурсійныя паездкі па Беларусі і Савецкім Саюзе, ўрокі геаграфіі і гісторыі, якія яна вяла, дадаткова да сваіх асноўных школьных абавязкаў.

Цяжкае ў яе было дзяцінства, да і потым жыццё не песціла. Рана пайшоў з жыцця муж. Не паспела гэта гора нават крыху загаіцца, як не стала на свеце сына Сяргея, прафесіянальнага, дарэчы, вадзіцеля высокага ўзроўню. Яго напаткала бяда — адарваўся тромб. Справіцца і не засумаваць ў такім цяжкім становішчы дапамагла любоў родных і блізкіх, шматлікіх сяброў, калег і вучняў, якія самі ўжо ў “залатым” узросце, але сувязі з настаўніцай не губляюць. Сваей настаўніцы дасылаюць лісты з цёплымі словамі падзякі, телефануюць яе былыя вучні нават з Расіі, ЗША і Ізраіля. І хоць жанчына сёння жыве адна, яна не сумуе. Ва ўсялякім разе за тыя дзве гадзіны, што мы гутарылі, хатні телефон Тамары Пятроўны прыняў каля дзесятка званкоў.

Часта бывае ў доме на Інтэрнацыянальнай ў гасцях Тамары Сарнаўскай яе даўняя сяброўка Клаўдзія Абібак. Пастаянна сваю маці наведвае сын Ігар, былы афіцэр, выпускнік Даўгаўпілскага лётнага ваеннага вучылішча. Дарэчы, сярод шматлікіх Ганаровых грамат і Падзячных лістоў Тамары Пятроўны, ёсць і ад кіраўнітва гэтага вучылішча, датаваная 5 кастрычніка 1985 года.

Заўжды радуюць бабулю сваім прыходам у госці унукі і праўнукі.

Пасля сустрэчы з гэтай цікавай жанчынай, гутаркі з ёй, міжволі падумалася: як жа пашанцавала ў свой час тым, хто быў яе вучням!..

Баннер Telegram канала