1976 год. У сусветную гісторыю ён увайшоў Алімпійскімі гульнымі ў аўстрыйскім Інсбруку і канадскім Манрэалі. На першых з іх зборная СССР па хакею ў незабыўным паядынку за перамогу ў турніры спачатку прайгравала 0:2 камндзе Чэхаславакіі, але ўсё ж перамагла 4:3. На другіх свой талент яскрава правілі беларускія спартсмены: гімнастка Вольга Корбут заваявала золата ў камандных спаборніцтвах і стала другой у лічнікаў у практыкаваннях на бервяне, а цяжкаатлет Валерый Шарый перамог у катэгорыі да 82,5 кг.
А на чэмпіянаце Еўропы па футболу у паядынку за першае месца тая ж Чэхаславакія зышлася з камандай ФРГ. Звышнапружаная гульня завяршылася ў серыі пенальці на карысць чэхаў. А незвычайны па выкананні ўдар з “кропкі” іх лідэра Антаніна Паненкі з таго часу ўвайшоў у гісторыю сусветнага футболу і носіць яго імя.
ЗША святкавала 200-годдзе абвяшчэння Декларацыі аб незалежнасці. У Партугаліі была прынята новая канстытуцыя, згодна з якой абвешчаны дзяржаўны накірунак па шляху да сацыялізму. На Кубе Фідэль Кастра ўступіў на пасаду прэзідэнта, а ў прэзідэнцкіх выбарах у Злучаных Штатах перамогу атрымаў Джымі Картэр.
Безумоўна, былі свае значныя падзеі ў свеце навукі, культуры, кінамастацтва.
А вось для выпускнікоў 1976 года Малааўцюкоўскай СШ самым значным і разам з тым шчымлівым было развітанне з роднай школай, з любімымі настаўнікамі.
24 чэрвеня яны атрымалі атэстаты сталасці з рук тагачаснага дырэктара навучальнай установы Паўла Пятровіча Бірылава.
— Нас у 10 “А” было 32 чалавекі. Шмат для нашага паўнавартаснага станаўлення зрабіў класны кіраўнік Васіль Георгіевіч Врабій, у якога мы вучыліся да 10 класа. А ў выпускны год класным быў Натан Навумавіч Гоман. У паралельным жа 10 “Б”
таксама вучылася больш за 30 вучняў, — з настальгіяй успамінае былы выпускнік школы, а сёння яе настаўнік Міхаіл Дулуб.
Зусім непрыкметна праляцелі паўстагоддзя жыцця, і былыя выпускнікі 10 “А” сабраліся сёлета 27 чэрвеня на парозе роднай школы, каб здзейсніць прыемнае падарожжа ў мінулае, у свае лепшыя гады.
Адзначым, што гэта быў даволі моцны клас: 8 яго вучняў атрымалі вышэйшую адукацыю, 9 закончылі тэхнікумы.
Зразумела, што лёс гэтых людзей склаўся па-рознаму. Так, Вольга Есьман і Галіна Марчанка закончылі школу з залатымі медалямі. Вольга Паўлаўна звязала свой лёс з гандлёвай галіной, працавала ў Міністэрстве гандлю Карэльскай АССР. Галіна Віктараўна шмат год аддала працы на кіруючых пасадах у банкаўскай сферы.
Кадравымі ваеннаслужачымі сталі Васіль Века і Уладзімір Супруноўскі, медыцынскімі работнікамі — Святлана Рудзінская, Тамара Дулуб і Тамара Стома. З работай на педагагічнай ніве звязалі свой лёс Галіна Есьман і Міхаіл Дулуб. Усё працоўнае жыццё быў вадзіцелем школьнага аўтобуса Пётр Сопат. А Сяргей Карабейнікаў займаўся рамонтам сельскагаспадарчых машын у Калінкавіцкай райсельгастэхніцы і меў славу аднаго з лепшых аўтаслесараў нашага раёна.
Майстар “залатыя” рукі, як пра яго казалі калегі, Аляксандр Шашолка сваё жыццё прысвяціў будаўніцтву, Леанід Буднік быў ветэрынарным урачом у Калінкавіцкай зверагаспадарцы.
А вось Наталля Есьман і Галіна Малашчанка звязалі лёс з роднай вёскай. Першая выбрала для сябе працу сацыяльнага работніка, другая адпрацавала ў сельскай гаспадарцы.
Сустрэча школьных сяброў пачалася роўна ў поўдзень з наведвання музеяў Баявой славы і народнай творчасці Малаўцюкоўскай СШ, дарэчы, узнагарожданых Ганаровымі граматамі на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Цікавую экскурсію правяла іх дырэктар Святлана Уладзімраўна Варабей.
Шмат цёплых успамінаў у выпускнікоў выклікала наведванне вучэбных класаў, актавай і спартыўнай залы.
А затым усе накіраваліся ў храм Святой Пакутніцы Параскевы, што зусім нядаўна быў адкрыты ў Малых Аўцюках. Яго настаяцель айцец Кірыл кожнаму з удзельнікаў гэтай незабыўнай сустрэчы ўручыў у якасці падарунка на памяць кнігу “Азы православия”. І тут жа была заказана ліція па тых аднакласніках, якіх, на вялики жаль, ужо няма ў жывых.
Заключным пунктам сустрэчы стала мясцовая аграсядзіба прадпрымальніка Аляксандра Драгуна, дзе прайшоў абед.
— Сустрэчы праз 50 гадоў былых выпускнікоў сталі ў нашай школе ўжо добрай традыцыяй і адзначаюцца рэгулярна ўвесь апошні час. А ўвогуле за колькі мінулых гадоў наш клас сабраўся ўжо ў чацвёрты раз, што сведчыць аб дружбе выпускнікоў. Мяркуем збірацца і надалей. У памяць аб сустрэчы мы падарылі роднай школе карціну са сваімі аўтографамі на адваротным баку, — расказаў Міхаіл Дулуб.









