Вялікдзень утрох святкаваць будзем. І ў біткі, канешне, пагуляем
Абухаўшчына – вёска ў Юравіцкім сельсавеце, на стыку Калінкавіцкага, Нараўлянскага і Мазырскага раёнаў. Адразу за ёй пачынаецца зона адсялення і выселеная пасля Чарнобыльскай трагедыі вёска Ломыш.
Таму чым бліжэй мы пад’язджалі, тым больш здзічэлым выглядала наваколле. Бясспрэчна, прырода бярэ сваё, калі яна не кранутая рукой чалавека.
Вандроўку ў гэты населены пункт мы запланавалі даўно, чакалі прыходу вясны. І вось перад Вялікаднем разам са старшынёй Юравіцкага сельвыканкама Галінай Трасцянок мы едзем знаёміцца з нешматлікімі жыхарамі Абухаўшчыны.
– А іх там сёння ўсяго трое. Таму нікога не абмінем, – кажа Галіна Уладзіміраўна. – Улетку прыязджаюць дачнікі і дзеці ў бацькоўскія хаты, тады вёска крыху ажывае. Дай яшчэ шэсць хат! Дзве, дарэчы, купілі пад дачы ў мінулым годзе. Месцы ж тут прыгожыя – рэчка, лясныя азёры, затокі, багатыя на грыбы лясы…
З пісьмовых крыніц Абухаўшчына вядома з ХІХ стагоддзя. У 1850 годзе значыцца як населены пункт у валоданні памешчыка па прозвішчы Абуховіч. Адсюль, менавіта і пайшла яе назва.
У 1931 годзе ў Абухаўшчыне быў арганізаваны калгас «Чырвоная Абухаўшчына».
За год да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы налічвалася ўжо 90 двароў. Уяўляеце сабе, колькі жыло там жыхароў, калі ў кожнай хаце было не менш трох-чатырох дзяцей?
У чэрвені 1943 года нямецкія акупанты поўнасцю спалілі вёску. Пасля вайны Абухаўшчыну адбудоўвалі нанова. Больш за 60 жыхароў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
У 1970 годзе вёска ўвайшла ў склад калгаса «50 год БССР» з цэнтрам у вёсцы Бярозаўка.
Да лістапада 2013 года Абухаўшчына ўваходзіла ў Бярозаўскі сельсавет. Ужо больш за дзесяць гадоў вёска знаходзіцца на тэрыторыі Юравіцкага сельсавета.
Ну вось мы і на месцы. Бачым першую хату з прыкметамі жыцця пад нумарам 53. У двары грабуцца куры з пеўнем. Ёсць і сабака, які брэхам папярэдзіў гаспадароў аб нашым з’яўленні і схаваўся ў будку. З дрэва на дрэва, на якіх з даўніх часоў прымацаваны вуллі-калоды (гаспадар хаты калісьці быў добрым пчаляром), пералятаюць шпакі – вясной у іх нямала клопатаў.
– Хата зачынена. Мабыць, Зінаіда Пятроўна да Косціка пайшла. Зараз схаджу, пазаву. Тут недалёка, побач, пачакайце крыху, – кажа Галіна Трасцянок.
Праз некалькі хвілін бачым яе на дарозе ўжо не адну: побач з ёй крочаць жанчына і мужчына.
– Зараз разам пойдзем у хату Пятра Іванавіча, і ўсе тры жыхары Абухаўшчыны будуць у зборы. Не хапае самага старэйшага, – усміхаецца старшыня сельвыканкама.
Тут вясковую цішыню парушае гучны сігнал – прыехала аўталаўка. Зінаіда Пятроўна і яе стрыечны брат Канстанцін пайшлі да крамы на колах. У вёсцы трэба рабіць запасы: аўталаўка прыязджае сюды толькі два разы на тыдзень – па панядзелках і чацвяргах.
Мы чакаем, пакуль вяскоўцы купяць усё неабходнае.
– Мне аднаму мала чаго трэба. Узяў рыс, малако, хлеб, батон. Зараз дадому ўсё закіну і пойдзем да дзядзькі Пятра. Зіне сумку дапамагу данесці.
Зінаіда Пятроўна прадуктаў купіла больш.
– Нам з дзедам – каўбасу, кошачцы Лізе і сабаку – ліверку. Памідорчыкаў крыху ўзяла, садавіны, малака, смятаны, хлеба, – паказвае на поўны пакет жанчына. – У аўталаўцы ёсць усё, што трэба. Толькі грошы плаці. Можна і заказы рабіць – усё прывязуць. Я раней па некалькі свіней трымала, дык камбікорм мне сюды вазілі. У горад я амаль не езджу, мне і тут добра, усяго хапае. Ды і, акрамя аўталаўкі, да нас па графіку ездзіць паштовая машына.
Зінаіда Пятроўна тут нарадзілася і вырасла. Жыла і працавала ў Мазыры, але бацькоў наведвала часта, амаль кожныя выхадныя. А калі пайшла на заслужаны адпачынак, пераехала да бацькі, які ўжо застаўся адзін, без жонкі.
Жанчына запрасіла нас у хату, дзе мы і пазнаёміліся з 98-гадовым Пятром Іванавічам Шчэрбіным. Сядзеў у крэсле з кошачкай Лізай. Па хаце ён яшчэ тупае, а вось на вуліцу выходзіць рэдка.
Шмат чаго Пётр Іванавіч ужо не памятае, крыху і не дачувае – гады бяруць сваё.
Больш за дзесяць гадоў таму мой калега Аляксандр Века быў у Абухаўшчыне і гутарыў з Пятром Шчэрбіным. Тады ў вёсцы было больш жыхароў, а 87-гадовы паляшук быў яшчэ даволі жвавым і гаваркім. На пытанне пра свой род расказваў так: “Не паны, не кулакі, так сабе, сярэдняй рукі сяляне і бацькі мае былі, і дзяды. І ўсе мясцовыя, абухаўскія. Бацька пасля тэрміновай службы вярнуўся ў вёску, працаваў у калгасе. Той калгас два разы збіралі. Спачатку сабралі, а на вясну людзі кожны сваё паразбіраў – і коней, і валоў, і кароў, і інвентар. Але потым канчаткова гайкі зажалі, і з калгаса ўжо ніхто не ўцякаў”.
У лютым 1929 года ў Абухаўшчыне па прыкладу суседніх вёсак сяляне арганізавалі сельскагаспадарчае меліярацыйнае таварыства, якое займалася меліярацыяй і земляробствам. Менавіта на базе гэтага таварыства і была праведзена пазней калектывізацыя.
Бацька Пятра Іванавіча – Іван Шчэрбін – жонку сабе ўзяў з роднай вёскі. З Праскоўяй Максімаўнай яны нарадзілі восем дзяцей (двое памерлі ў маленстве). І ўсе былі хлопцы. Пятро – першынец і, як паказала жыццё, доўгажыхар. З усіх дзяцей адзін ён застаўся. Брат Аляксей, бацька Косціка, памёр пазалетась.
Адукацыя ў Пятра Шчэрбіна – чатыры класы. У Абухаўшчыне была толькі пачатковая школа, якую адкрылі ў хаце раскулачанага аднавяскоўца. У пяты клас ён пачаў хадзіць у Бярозаўку. Гэта і сёння не блізка. А ў тыя часы не было асфальту, не хадзілі рэйсавыя аўтобусы. Зімой дарогу замятала снегам, а ўвесну трэба было прабірацца сцежкай скрозь зараснікі сярод багністых балот.
– Штогод нас тапіла вясной. Бывала, і зімою затаплівала, – дзеліцца ўспамінамі Пётр Шчэрбін.
Зінаіда Ляўкоўская таксама памятае, якія моцныя здараліся разлівы Прыпяці. Амаль у кожным двары лодка была. На іх і перамяшчаліся.
Школу Пётр Шчэрбін так і не закончыў. Не таму, што не зручна было дабірацца – моцна захварэў.
Пра Вялікую Айчынную вайну Пётр Іванавіч расказваў тады наступнае: “Бацьку забралі ў пачатку вайны па мабілізацыі. Недзе пад Арлом трапіў ён у палон, але яму ўдалося ўцекчы і лясамі ён прыйшоў у родную вёску.
Немцаў у Абухаўшчыне не было, толькі стараста. Прыязджалі ці то чэхі, ці то мадзь-яры, паборамі займаліся. Партызаны таксама так рабілі. Каўпакоўцы бацьку майго хацелі забраць. Прымусілі сані запрагаць і ехаць за імі следам. Маці думала, што жывога яго ўжо не ўбачыць. Аж ён дайшоў з імі да пераправы недзе каля Стрэшына, а тады яго адпусцілі.
Спалілі немцы ў вайну нашу Абухаўшчыну. Цяперашняя вёска будавалася ўжо на новым месцы. І яўрэяў пабілі. Жылі ў нашай вёсцы некалькі сямей, хаваліся тут і некалькі юравіцкіх яўрэяў. Але восенню 1941 года з Юравічаў прыехалі паліцаі і ўсіх пастралялі. Адна дзеўка засталася, па людзях бегала, хавалася. Але нехта яе выдаў, і яна таксама прапала…”
У канцы 1943 года, адразу пасля вызвалення, бацьку Пятра зноў мабілізавалі. А потым маці атрымала на мужа “пахаронку”.
У Данясенні Калінкавіцкага райваенкамата пасляваеннага перыяду гаворыцца, што чырвонаармеец Шчэрбін Іван Платонавіч, 1901 г. н., быў прызваны палявым ваенкаматам 61-й арміі ў снежні 1943-га і лічыцца зніклым без вестак.
Жонка засталася ўдавою з шасцю хлопцамі на руках. Сыны дапамагалі ёй у полі, на ферме і ў агародзе не горш за дзяўчат. Пятру, як старэйшаму, увогуле давялося ўзяць на сябе ролю гаспадара.
А ў 1948 годзе ён сам абзавёўся сям’ёй. У іх з Кацярынай Фёдараўнай было, як і ў бацькоў, шэсць дзяцей, яшчэ двое памерлі малымі.
– Сёння засталіся толькі я з Вольгай, яна жыве ў Мазыры. Івана, Грышу, Лёшу і Марыю мы ўжо пахавалі, – кажа Зінаіда Пятроўна. – Працаваў наш бацька ў калгасе. А дома з маці яны заўсёды трымалі вялікую гаспадарку: карову, свіней, авечак, курэй, гусей.
Тут да размовы далучаецца пляменнік Пятра Іванавіча Канстанцін:
– У дзядзькі Пятра «залатыя» рукі. Гэтую ж хату ён сам паставіў. І бацьку майму дапамагаў хату будаваць, і іншым вяскоўцам. Весела тады ў Абухаўшчыне было. Людзей шмат жыло. Чалавек трыста, скажы, Зіна? Працавалі ўсе, не ленаваліся. Недалёка адсюль была ферма, на якой трымалі кароў і коней. Крама ў вёсцы была і клуб. А на святы – Пятро, Прачыстую, Вялікдзень – сталы прама на вуліцы ставілі. Мужыкі ў карты гулялі, бабы песні спявалі…
Бацька Канстанціна – Аляксей Іванавіч – быў родным братам Пятра Шчэрбіна. Жыў у хаце, што стаіць на вуглу, агарод у агарод са старэйшым братам. Аляксей быў на дзесяць гадоў маладзейшым за Пятра. Памёр ва ўзросце 86 гадоў.
Канстанцін Шчэрбін расказаў, што яго бацька скончыў сямігодку. Пасля пайшоў працаваць у калгас. Пасля арміі па вярбоўцы паехаў у Казахстан. Год там толькі вытрымаў і дадому вярнуўся. Не адзін, а з жонкай.
– Еўдакіяй Раманаўнай маю маці звалі. Як і бацька, яна па вярбоўцы ў Казахстан ездзіла, а сама была родам з Прудка. Разам яны пражылі 53 гады, нарадзілі і выгадавалі трох дзяцей. Мая сястра Света жыла ў Бярозаўцы, некалькі гадоў таму памерла. Брат Міша жыве ў Мазыры. Ну а я жыў на Брэстчыне. Потым, калі з жонкай разыйшліся, вярнуўся на радзіму. Жыў разам з бацькамі. Калі маці памерла, даглядаў бацьку. Бацька, дарэчы, паўвека адпрацаваў у калгасе шафёрам – на малакавозе і на бартавой машыне.
Канстанцін з гонарам падзяліўся, што хоць з жонкай у іх і не склалася, са сваімі дзецьмі ён сувязі не страціў. Там, на Брэстчыне, у яго засталася дачка і два сыны. Ёсць ужо сем унукаў.
Працуе Канстанцін Шчэрбін у мясцовай гаспадарцы начным сторажам на ферме. Яшчэ нядаўна гаспадарка называлася КСУП “50 год БССР”, зараз жа яна ўвайшла ў склад ААТ “Прудокскае”.
Улетку Канстанцін Аляксеевіч удзельнічаў у жніве – быў памочнікам у камбайнёра Сяргея Шэндзера. Іх экіпаж стаў першым экіпажам-тысячнікам і прымаў віншаванні ад кіраўніцтва раёна. Гэтым Канстанцін Шчэрбін вельмі ганарыцца. Стужку пераможцы спаборніцтва і граматы ён беражліва захоўвае на самым бачным месцы.
Хата Канстанціна Шчэрбіна вокнамі выходзіць на аўтобусны прыпынак. Добра, што ў гэтую маланаселеную вёсачку некалькі разоў на тыдзень яшчэ можна даехаць на рэйсавым аўтобусе. Таму і дачнікі тут ёсць.
– Хутка папрыязджаюць, весялей у вёсцы стане, – усміхаецца Канстанцін Аляксеевіч. – Будзе з кім пагутарыць, дапамагчы. Я не адказваю жанчынам у дапамозе, а яны мне – вунь закаткамі аддзячваюць.
Сапраўды, бачым пад ложкам цэлы шэраг слоікаў з памідорамі, агуркамі, кампотамі.
– А Вялікдзень будзем святкаваць утрох. У біткі, канешне, пагуляем. Зіна яйкі пафарбуе, булак напячэ. Мы з дзядзькам Пятром па сто грам вып’ем. Як жа без таго? Вялікае ж свята! – гаворыць Канстанцін Шчэрбін альбо проста Косцік, як завуць яго сённяшнія нешматлікія абухаўцы.
Таццяна КАПІТАН.