Четверг, 23 апреля, 2026

Радио

Ці робіце вы закруткі на зіму?

Сезон закрутак у самым разгары. Спыталі ў жыхароў раёна, ці запасаюцца яны ўласнымі загатоўкамі з гародніны, садавіны і ягад.

Людзміла САЛУК, калінкавічанка:

– Закруткі раблю кожны год. Асабліва люблю салат «Зімовы» з фасоллю, морквай, перцам і таматамі. Ён універсальны: і на абед, і на вячэру, і гасцей пачаставаць.

Таксама закрываю шмат кампотаў, вару варэнне, абавязкова – вішнёвае. Гэта традыцыя з дзяцінства, ад бабулі. Цяпер дзеці пытаюцца: «Мама, дзе твая вішня?» – дык і вару!

Станіслаў ПЫРКО, вадзіцель:

– Я дапамагаю іх рабіць сваёй другой палавінцы. Мыю і стэрылізую слоікі, закручваю накрыўкі. Больш за ўсё люблю кансерваваныя агуркі па рэцэпту, што дастаўся ёй ад бабулі. Там і хрэн, і лісце вішні, і чорны перац, і нават трохі цукру, каб былі хрумсткія. Зімой – смаката!

 Вольга ШАНЬКО, пенсіянерка:

– А як жа! І нават не ўяўляю, як можна ўзімку абыйсціся без салёнага агурочка, леча з салодкага  перцу, памідораў і морквы, соусаў розных да макароны і пельменяў. Чужыя ці магазінныя закруткі не люблю, колькі не спрабавала – у мяне смачнейшыя.

Раблю і для сябе, і для ўсіх родных. Унукам асабліва да спадобы маё варэнне з клубніц, чарніц, абрыкосаў. Сёлета з імі ўпершыню зварылі варэнне з руж. Яно вельмі духмянае.

  Дар’я РЫБАК, студэнтка:

– Я вучуся ў Мінску, жыву ў інтэрнаце, і для мяне маміны закруткі – гэта мой смак дзяцінства, напамін пра дом. Калі вяртаюся ў сталіцу пасля канікулаў ці выхадных, у мяне ў сумцы заўсёды некалькі слоікаў: агуркі, памідоры, леча, а галоўнае – варэнне з клубніц або маліны.

Асабліва на “ўра” закруткі ідуць зімой і… калі сумна, цягне да родных. Адкрываеш слоік – і нібыта дома на ўтульнай кухні, дзе мама побач і ўсё добра.

 Дзмітрый ЛЫШЧАНКА, будаўнік:

– Шчыра кажучы, ніколі не займаўся гэтай маруднай справай. Не маё гэта. А вось мама і бабуля закрутак раней рабілі процьма. Нават тушонку закрывалі.

Цяпер жа мы ўсё купляем у краме ці на рынку. Але ж я вельмі паважаю людзей, якія не лянуюцца займацца загатоўкамі, і ніколі не адмоўлюся ад дэгустацыі, бо хатнія закруткі смачнейшыя за магазінныя.

 

Баннер Telegram канала