Аб тым, як прыходзілася выжываць у Германіі, успамінаць не любіць. “Салдатам Чырвонай Арміі, партызанам і падпольшчыкам прыходзілася значна цяжэй. Во пра каго пісаць трэба, - кажа доўгажыхар. – Мужчын дзесяць-дванаццаць з нашай невялікай вёскі не вярнулася з вайны. У большасці выпадкаў нават невядома, дзе яны пахаваны. А пра тых, хто выжыў, вам лепш раскажуць іх дзеці. Зайдзіце да Фёдара і Ніны Трызна, Сцепаненак, Рубанікаў”.
Партызанскі край
Ніна і Фёдар Трызна – вясковыя гаспадары, якіх сёння ўжо мала. Калі мы завіталі да іх у двор, гаманкая жанчыла клала ў бочку капусту. Перш чым запрасіць у хату, павяла паказваць сваё багацце: вялікі пограб з запасамі на зіму.
“Няўжо вам з мужам столькі патрэбна?” – цікавімся мы. “Канешне, не, - усміхаецца гаспадыня. - Проста без працы сядзець не можам, таму і завіхаемся цэлымі днямі. Усім, што назапасілі, любім частаваць гасцей. Во і вы хапайце хутчэй тую банку з агароднінай або варэннем, што вам падабаецца”.
Ніна Мікалаеўна на-радзілася ў 1943 годзе. Бацька яе – Мікалай Брацун – быў прызваны на фронт у першыя дні вайны. Але доўга паваяваць не паспеў: трапіў у нямецкі палон. З польскага працоўнага лагера яму ўдалося уцячы. Некалькі месяцаў дабіраўся дадому па акупіраванай ворагам тэрыторыі.
А Гогалева тым часам аблюбавалі падпольшчыкі і партызаны. Апошнія на балотах паставілі курані, у якіх хаваліся днём ці ў рэдкія наезды немцаў. Начавалі ж у асноўным па вясковых хатах.
Групай гогалеўскіх падпольшчыкаў, у якой было пяць чалавек – А.Я. Салук, У.Варажун, падпольшчыцы-сувязныя М.Д. Варажун, А.Р. Трызна, Г.А. Гукава, кіраваў хлопец з суседніх Хамічоў Сяргей Гарбачоў, хаміцкіх – яго брат Міхаіл. Гогалеўскія і хаміцкія падпольшчыкі падтрымлівалі цесную сувязь, часта дзейнічалі разам. У кнізе “Памяць. Калінкавіцкі раён” чытаем: “У вёсцы Хамічы жыла дружная сям’я Гарбачовых (бацька – Дзяніс, маці – Ксенія, тры сыны: Сяргей, Міхаіл і Яўстрат, дачка Марыя (у замужжы Варажун) – заўвага аўтара). Грымнула вайна, раскідала, як бура птушак з гнязда, усю вялікую сям’ю. Амаль усе Гарбачовы загінулі ў барацьбе з ворагам… Першым крокам хаміцкіх падпольшчыкаў было наладжванне прыёма перадач Саўінфармбюро. Яны сабралі прыёмнік і ўстанавілі яго ў хаце Марыі Варажун, якая жыла ў вёсцы Гогалева. Падпольшчыкі рэгулярна слухалі перадачы маскоўскага радыё і паведамлялі аб справах на фронце мясцоваму насельніцтву”.
Марыю Варажун немцы расстралялі 11 ліпеня 1942 года ў Васілевічах. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 лістапада таго ж года яна ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга. Яе брат Сяргей загінуў у студзені 1942 года. Пасля яго гібелі групай гогалеўскіх падпольшчыкаў кіраваў А.Я.Салук. У хуткім часе яна ўлілася ў рады Даманавіцкага партызанскага атрада. З мая 1943 года - у складзе Васілевіцкага партызанскага атрада імя Панамарэнкі Палескага злучэння (пазней рэфармаванага ў брыгаду), які ў маі 1943 года выдзяліўся са складу Даманавіцкага партызанскага атрада.
Героі вайны
Мікалай Брацун пасля вяртання з палону пайшоў у партызаны. “Пра вайну я ведаю толькі з успамінаў бацькоў і мужа, - кажа Ніна Трызна. – Майму Фёдару ў 1941-м было восем гадоў. Так што распытвайце яго”.
Фёдар Рыгоравіч пачынае ўспамінаць: “Гогалеўцам падчас вайны, можна сказаць, пашчасціла. Вёска знаходзілася ў непраходнай глушы, дык немцы да нас амаль ніколі не заязджалі. Я іх разоў пяць толькі і бачыў. Яны бегалі па хатах, шукалі, чым пажывіцца. Памятаю, як у адзін з іх прыездаў я драпануў у балота з нашай кароўкай-карміцелькай. Гэта было, здаецца, у лістападзе 1942 года. Падмарожвала. Добра апрануцца я не паспеў. Скачу, трасуся. Карова апусцілася на зямлю, я прымасціўся каля яе.
Сагрэўся, і сон мяне змарыў. Так і заначавалі на тым балоце. Прачнуўся раніцай, а нас з ёй снег прыцерушыў. Як яшчэ не замерзлі? Падняліся і пацягнуліся дадому. Там матка галосіць. Думала: прапаў сынок з каровай у балоце. Бацька ж мой – Рыгор Трызна – прайшоў усю вайну. Хаця, правільней сказаць, праехаў. Ён быў шафёрам 43-й гвардзейскай гарматна- артылерыйскай Запарожскай Адэскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава брыгады”.
На сайце “Подвиг народа” чытаем: “В период наступательных боев с 14.01. по 22.01.1945 года в трудных боевых условиях ефрейтор Тризна провел свою машину без единой аварии и поломки. Во время совершения маршей восстановил две поломанных машины, обеспечив тем самым подвоз горюче-смазочных материалов для дивизиона. Товарищ Тризна является лучшим водителем и отлично владеет своей специальностью. Достоин правительственной награды – медали «За боевые заслуги». Крыху раней Рыгор Трызна быў узнагароджаны медалём «За абарону Сталінграда”.
Ёсць на сайце і звесткі пра бацьку Ніны Мікалаеўны, які паўторна трапіў на фронт у лістападзе 1943 года: “Красноармеец Брацун в должности рядового станкового пулемета 272-го стрелкового полка, 73-й стрелковой дивизии, 78-й армии, 1-го Белорусского фронта принимал участие в боях с немецкими захватчиками с 13.11.1943 года по 04.04.1944 года. Под городом Бобруйском получил тяжелое ранение в обе ноги, левую руку и левый глаз. В результате ранения ноги препятствуют быстрому передвижению. В настоящее время бригадир колхоза Карла Маркса Василевичского района. За участие на фронтах Отечественной войны и полученное тяжелое ранение награжден медалью “За отвагу”. На гэтых скалечаных нагах Мікалай Філімонавіч і памёр: падчас працы на ферме яму нечакана стала дрэнна. Сардэчны прыступ. Дачка Ніна падбегла да яго з вадой. “Здаецца, адмучыўся”, - толькі і паспеў прашаптаць ён…
… Усю вайну прайшоў і Аляксей Рубанік. Яго сын Васіль, як памяць, хавае бацькоўскую чырвонаармейскую кніжку і ўзнагароды, сярод якіх - медалі “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”.
“У першую чаргу, для нашчадкаў. Каб больш зналі пра свой род”, - кажа ён.
Аляксей Рубанік быў чалавекам пісьменным. Пасля вайны каля пяці гадоў працаваў старшынёй мясцовага калгаса Карла Маркса (пакуль яго не аб’ядналі з хаміцкім калгасам імя Суворава). Ён прымусіў сына скончыць сямігодку, затым – школу механізацыі. Любіў паўтараць: “Вучыся, хлопец. Навука лішняй не бу-дзе”. І Васіль Аляксеевіч не пярэчыў бацьку. “Жанчынам, якія дачакаліся мужыкоў з вайны, зайздросцілі, - расказвае ён. – Ведаеце, як цяжка было ўдовам адным падымаць дзяцей. Пра навуку ў такім выпадку гаворка не ішла. Так што мне ў гэтым плане пашанцавала”.
Сваю каханку Ніну Васіль прывёз у бацькаву хату з Міроненак. Пазнаёміліся ў клубе, дзе было кіно. У мінулым годзе яны адсвяткавалі ізумруднае вяселле. Дзеці, унукі і праўнукі – частыя госці ў хаце бацькоў. Гогалева прываблівае іх цішынёй, свежым паветрам, прыгожымі мясцінамі, якіх у горадзе няма.
…А вось сёстры Марыя Сцепаненка і Фядора Табуліна не дачакаліся бацьку – Андрэя Піліпейку - з вайны. Ён загінуў недзе пад Ленінградам у 1943 годзе. На жаль, на сайце “ОБД Мемориал” нічога не ўдалося пра яго знайсці. Бядуюць дочкі, што ні разу не палажылі кветкі на магілу бацькі. Успамінаюць: “Ён быў добрым чалавекам, справядлівым. Дзяцей песціў, а маці любіў і шкадаваў незвычайна. Таму яна доўга не магла паверыць у яго смерць. “Жывы ён. Вернецца. Ад такіх людзей анёлы-ахоўнікі адводзяць нямецкую кулю”, - упэўнена казала нам маці. Але гады беглі, а бацька не вяртаўся. Маці больш замуж не пайшла, адна падымала трох дачок. Цяжка нам было без мужчынскай дапамогі. Ох, як цяжка”.
Расказвалі Марыя Андрэеўна і Фядора Андрэеўна, што ў іх хаце зімой 1942 года ляжалі параненыя партызаны. Яны прасілі дзяўчат: “Заспявайце што”. І сястрычкі, саромеючыся, спявалі. За свае спевы звычайна атрымлівалі некалькі кавалкаў цукру або ледзянцы. Такая ўзнагарода ў той складаны час была для дзяцей сапраўдным шчасцем!
Пасля вайны Фядора пайшла замуж за аднавяскоўца Івана Табуліна, якога не стала пяць гадоў назад, Марыя – за Рыгора Сцепаненку з суседняга раёна. Табуліны выгадавалі пяць дзяцей, прычакалі восем унукаў і двух праўнукаў. У Сцепаненак трое дзяцей, пяць унукаў і адзін праўнук.
Лепшы прысмак
Між тым, Фёдар Трызна працягвае расказваць: “Маці мая – Марыя – для партызан пякла хлеб. Памятаю, паставіць за раз у печ боханаў 5-7. А як выцягне іх на стол, дык я з хаты адразу ўцякаў, каб не падавіцца сліною і не адшчыпнуць употай кавалак. Маці, калі рука каго з дзяцей цягнулася да хлеба, магла даць добрага прачуханца. Партызаны ў нашай хаце не стаялі, бо яна была вельмі маленькая. За хлебам звычайна прыходзілі ноччу або ўвечары. Пра тое, што нас у маці чацвёра, не забывалі. Заўсёды пакідалі бохан обо яго палову на стале. “Гэта, Марыя, птушанятам тваім падсілкавацца”, - казалі яны. Смак і пах партызанскага хлеба я памятаю па сённяшні дзень. Нічога смачней у сваім жыцці спрабаваць не давялося”.
Пра незвычайна смачны партызанскі хлеб, які ратаваў гогалеўцаў ад голаду, успамінала яшчэ адна карэнная жыхарка вёскі Яўгенія Брацун, у дзявоцтве – Крот.
“Мне, калі пачалася вайна, было ўсяго чатыры гады. Бацька наш прапаў на фронце без вестак. Немцаў я не бачыла, хаця чуткі пра іх зверствы даходзілі да вёскі. Асабліва мы сталі баяцца, калі яны схапілі і расстралялі Марыю Варажун. Нават у курані на балоце некаторы час жылі. Маці часта пакідала нас адных, а сама цягнулася ў вёску: прапаліць печ, чаго згатаваць, даведацца, як справы у бацькоў, якія катэгарычна адмаўляліся пакідаць сваю хату. Не, падманваю вас: на балоце мы заставаліся не адны, вакол было шмат партызан. Вясковыя жанчыны – і мая маці таксама – пяклі для іх хлеб. І гэтым хлебам яны любілі частаваць дзяцей. Памятаю, прынясуць цэлы бохан у курэнь, працягнуць матцы: “Для малых”. Такія дні былі для нас святам: самы ж лепшы прысмак на стале. Што такое голад, мы ведалі добра”.
З дзесяці гадоў Яўгенія Кандратаўна працавала ў мясцовай гаспадарцы. На ферме па адкорму быкоў зарабіла добрую пенсію. У 1980 годзе нават стала лепшым майстрам раёна па адкорму буйной рагатай жывёлы. Грамату, якая пацвярджае гэта, захавала да сённяшніх дзён. Як і падсведчанне “Ударнік камуністычнай працы”. Памяць. Можа калі-небудзь унукі ці праўнукі зацікавяцца.
Падоранае жыццё
Штаб Васілевіцкага партызанскага атрада, затым – брыгады, як сцвярджае Фёдар Трызна, знаходзіўся ў хаце яго дзеда Паўла: “Пра гэта вам падрабязней раскажа мая цётка Наталля. Яна старэйшая за мяне на два гады, але памяць мае добрую”.
Цётка Наталля або Наталля Паўлаўна Брацун была засмучаная. Крыху прыхварэла. З-за хваробы не хапае сілы ўсю работу да зімы ў двары парабіць. “На каго ж мне спадзявацца, акрамя сябе? Мужыка даўно пахавала, дзяцей нам з ім Бог не даў, - расказвае жанчына. - Зацяжарыла адным, ды і таго скінула. Здароўе слабае. Страціла яго падчас вайны. Аднаго разу прыехалі да нас немцы і пачалі хапаць моладзь у Германію. Я ім таксама трапілася на вочы, бо для сваіх 13 гадоў была вельмі рослая. Уцякала позняй восенню ў балота ў адной сукенцы. Застудзілася ў ледзяной вадзе. Ледзь мамка мяне тады выхадзіла. Але з той пары якія толькі да мяне балячкі не чапляліся”.
Наталля Паўлаўна пацвердзіла, што штаб Васілевіцкага партызанскага атрада размяшчаўся ў хаце яе бацькі Паўла Трызны, які ўсім, чым мог, дапамагаў народным мсціўцам. Яна добра памятае камандзіра атрада Смерціна, камісараў Якавенку і Чудава. У кнізе “Памяць” чытаем: “31 кастрычніка 1943 года атрад разгорнуты ў брыгаду ў складзе 5, 7 і 9-га атрадаў. Камандзір брыгады С.А. Смерцін, камісар П.П. Чудаў, начальнік штаба В.П. Алісейка”.
Разам з маці Наталля Паўлаўна амаль усю вайну жыла на балоце ў курані. Бацька вельмі баяўся, што за яго сувязь з партызанамі пацерпяць родныя. Як-ніяк, а ў сям’і падрастала сем малых дзяцей, старэйшы Рыгор ваяваў. “Памятаю, як толькі маці з дзецьмі з’яўлялася ў хаце, партызаны падхоплівалі нас на рукі, абдымалі, - расказвае Наталля Паўлаўна. – Я ўжо вялікая была, таму саромелася, вырывалася. А яны прасілі: “Не бойцеся, пасядзіце з намі. Вось такія дачушкі і сыны чакаюць нас дома. Бог дасць, дачакаюцца”. А тады звярталіся да маці: “Дзеля іх шчаслівай будучыні ваюем, Марфа. Нам што, мы ўжо пажылі”. Гэта казалі 20-30-40-гадовыя дужыя мужчыны. Многіх з іх у хуткім часе не стала. А я жыву ўжо 83 гады. І гэта доўгае жыццё мне падарылі менавіта яны”.
Навалокі
На ўскрайку вёскі жывуць дзве даўнія сяброўкі: Еўдакія Трызна і Валянціна Верабей. Адна пайшла сюды замуж з Вязавіцы, другая – з Міроненак. “Навалокі мы, - смяюцца жанчыны, - таму нічога цікавага пра гісторыю Гогалева вам не раскажам”. Не згаджаюся: “Якія навалокі, калі тут прайшло амаль усё ваша жыццё”. “Так, так”, - ківаюць галовамі, і пачынаюць расказваць.
“Матка мая памерла ў родах, - успамінае Еўдакія Афанасьеўна. – Пакінула нас шасцярых на бацьку. Яшчэ і нованароджанага хлопчыка. Урач прапанаваў аддаць яго ў дзіцячы дом, і бацька згадзіўся. Я бегала да нашага Уладзіміра некалькі разоў, а аднойчы мне сказалі, што яго ўсынавілі. Шмат гадоў мы пра яго нічога не чулі, не ведалі. А ў 2004-м знайшліся, сустрэліся. Во радасці было”!
Валянціна Іванаўна ў Гогалева пайшла замуж у другі раз. Першы муж, ад якога яна нарадзіла дачушак Вольгу і Люду, піў і біўся. А калі яшчэ і красці пачаў, то цярпенне жанчыны лопнула. З Васілём Брацуном пазнаёмілася ў Ліпаўскай участковай бальніцы, дзе працавала санітаркай. Спадабаліся адно аднаму з першага погляду, таму і сыйшліся праз некалькі тыдняў. “Жылі добра, бо аднолькавыя па характару, - адзначае Валянціна Іванаўна. – Да працы падарваныя, адпачываць не ўмелі. Гаспадарку трымалі вялікую. У мяне яшчэ той год кароўка Машка была. Адна на ўсю вёску. Ды ўпала на ногі і больш не ўстала. Давялося збыць. Нараўлася я тады”.
Пасля замужжа Валянціна Іванаўна яшчэ дзесяць гадоў бегала на работу ў Ліпаўскую бальніцу. Каб паспець дагледзець вялікую гаспадарку і прыгатаваць мужу і дзецям есці, уставала ў чатыры гадзіны раніцы. Было цяжка. Але скардзіцца яна як не ўмела, так і не ўмее. “Сёння паднялася ў пяць гадзін, - расказвае Валянціна Іванаўна. - Печ прапаліла, парсючка, курачак, гусей пакарміла, і на агарод – гарбузы выбіраць. Бульбу ўжо скапала, дзякуй Богу, сыночак дапамог. А калі б не дапамог, то і сама б управілася. Таблетак ад ціску нап’юся, я іх у кішэні заўсёды нашу, і корпаюся паціху”.
З Замосця ў Гогалева да жонкі пераехаў і Міхаіл Цяцерыч.
“Прыйшоў у прымы, - смяецца ён. – Матрона мая памерла, а я ўсё жыву. Восем-дзесят сем гадоў ужо тупаю па свеце. Цяжка аднаму, але што зробіш? Хутка зіма. Вельмі яе не люблю. Летам я яшчэ ў ягады схаджу, восенню – у грыбы. І час бяжыць хутчэй. А зімой застаюся сам на сам са сваімі думкамі, успамінамі. Жыццё мігам праляцела. Не паспеў азірнуцца – прыйшла старасць. Вы, дзеткі, маладыя яшчэ, таму дам вам некалькі парад: шануйце кожнае імгненне, не крыўдзіце родных, жывіце ў згодзе са сваім сумленнем”.
На радзіме нават дыхаць лягчэй
У 60-70 гады мінулага стагоддзя ў Гогалеве была добрая ферма па адкорму быкоў, на якой працавалі многія вяскоўцы. Была пачатковая школа, ФАП, крама, клуб. Жыццё, нягледзячы на глухія месцы, бурліла. Ствараліся новыя сем’і, нараджаліся дзеці. А калі закрылася ферма, вяскоўцы, моладзь адзін за адным, рушылі ў гарады. Апусцелі хаты, паціху сталі прыходзіць у заняпад…
Сядзіба яшчэ адной гогалеўкі Настассі Брацун, якую мы засталі дома падчас паездкі, прыгожая, дагледжаная. Калі быў жывы гаспадар, ён адказваў за парадак у двары.
Пасля яго нечаканай смерці ўсё легла на плечы гаспадыні. Сыны, як бацькі не стала, пачалі настойліва клікаць маці да сябе ў Мінск. “Я была ўжо і рашылася, - расказвае жанчына. – Паехала спачатку да іх у госці. Думала – месяцаў колькі пабуду. Ды вытрымала толькі некалькі дзён. Прымалі мяне добра, нявесткі шанавалі, дагаджалі, нічога рабіць не дазвалялі. А мне сумна, не ведаю, чым сябе заняць. Ад нуды па роднай зямлі напалі на мяне хваробы, сэрца разбалелася, хатку сваю сніла кожную ноч. Падзякавала дзецям і паехала дадому. Як вярнулася ў Гогалева, забыла пра свае балячкі. На радзіме нават дыхаць лягчэй”.
… Жоўтае сухое лісце прыемна шамаціць пад нагамі. Ветрык лёгка падхоплівае яго і круціць у паветры. Развітаўшыся з апошнім субяседнікам, падыходзім да машыны. Кідаю позірк на вёску, адзначаю: “Як у казцы пабывалі. Адчуванне такое, нібы час тут спыніўся. Цудоўнае месца для душэўнага адпачынку”. З задумення выводзіць званок тэлефона. На ўскрайку Гогалева, аказваецца, ёсць мабільная сувязь. Ён нагадвае: час вяртацца дадому. Бывай, чароўны край… Усяго добрага, гасцінныя гаспадары…
Таццяна ЗУБЕЦ