Пятница, 24 апреля, 2026

Радио

Лес падступае ўсё бліжэй. Але ж хаты пад дачы ў Садках купляюць і расіяне

Мы працягваем праект “Апошнія з магікан”, у якім расказваем пра вёскі, дзе яшчэ дзесяць-пятнаццаць гадоў таму кіпела жыццё, а сёння амаль не засталося жыхароў. І сённяшняя наша вандроўка ў вёску Садкі, што знаходзіцца ў Якімавіцкім сельсавеце, у дваццаці васьмі кіламетрах на паўночны захад ад Калінкавіч.

Першыя гістарычныя звесткі пра гэтую вёску датуюцца пачаткам ХІХ стагоддзя. Пісьмовыя крыніцы сведчаць, што ў 1908 годзе Садкі ўваходзілі ў склад Дудзіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні і у іх было 28 двароў і 167 жыхароў.

А ўзніклі Садкі з некалькіх хутароў. Нават калі іх аб’ядналі ў адно паселішча і перавезлі хаты, жыхары працягвалі называць пачатак вёскі Зладзееўкай, цэнтральную частку – Хітрым рынкам, астатняе – Ламачамі.

Дзесяць гадоў таму мая калега Таццяна Зубец гутарыла з жывымі старажыламі гэтай вёскі, цікавілася ў іх, адкуль пайшла назва паселішча і хутароў. Старэйшыя жанчыны расказалі ёй тое, што калісьці чулі ад сваіх маці. Казалі, что здаўна гэтыя землі належалі нейкаму пану з Залаззя (вёска ў Рагачоўскім раёне) і аднойчы вырашыў ён іх прадаць. Хутка знайшліся і пакупнікі – тры браты з Гродзеншчыны польскага шляхецкага роду. Прыйшлі яны паглядзець, што ім прапануе пан. Ішлі доўга, стаміліся, пачалі шукаць, дзе можна вады папіць. Чалавек, які сустрэўся ім на дарозе, прапанаваў прагнаць смагу вадой з крыніцы. Напіліся браты, агледзеліся, і адзін з іх кажа: “Прыгожа тут, ціха, спакойна, быццам бы ў райскім садзе. Перавязём сюды сем’і, будзем хаты ставіць і хутар свой назавом Садкі”. Так і зрабілі. У хуткім часе браты, працуючы ад цямна да цямна, разбагацелі, разжыліся. А напачатку 30-х гадоў іх запісалі ў кулакі і саслалі голымі і босымі ў Сібір.

Назва Ламачы, па успамінам старажылаў, пайшла ад прозвішча пацярпелых. Былі яны нібыта Ламачэнкі або Ломчанкі, Ломачы.

У хатах, якія адабралі ў “кулакоў”, пасяліліся тыя, хто прыйшоў будаваць новы лад жыцця. Сярод іх – Цімафей Шалюта, першы старшыня калгаса “Бальшавік Палесся”, што быў арганізаваны ў Садках у 1931 годзе. Праз пэўны час усе хутаранцы, што жылі навокал, атрымалі загад – перавозіць хаты на адну вуліцу.

Цэнтральная частка вёскі называлася Хітрым рынкам таму, што знаходзілася на самым зручным месцы. Там была крама, школа, калгасная кантора, ФАП. Пра людзей, што паставілі там хаты, казалі: “Во хітруны, куды не крутніся – да ўсяго рукой падаць. Нешта ведалі, калі займалі зямлю”. А вось слова “рынак” прыляпілася пазней. Тады, калі ў адной з хат з’явілася крама. Да крамніка ў галодныя гады хадзілі абменьваць на ежу розныя каштоўныя рэчы. Тады часта можна было пачуць: “Пабягу да хітруноў, патаргуюся на іх рынку”.

Што тычыцца паходжання назвы Зладзееўка, старажылы казалі, што некалі ў гэтай частцы вёскі жылі не вельмі сумленныя людзі. Адсюль і пайшла назва.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы пражывала больш за 200 чалавек. У маі 1943 года нямецкія акупанты спалілі вёску. Жыхары, на шчасце, знайсці паратунак у непраходным балоцістым лесе, які да меліярацыі з усіх бакоў падступаў да Садкоў.

Пасля вайны многія садкоўцы ў пошуках лепшай долі пакінулі родныя мясціны. Тыя, хто застаўся, пачалі адраджаць уласныя сядзібы.

Школа ў Садках з’явілася яшчэ да вайны. Тады яна размяшчалася ў адной з сялянскіх хат, і ў 1935 годзе яе наведвалі 58 вучняў. Асобны будынак школы паставілі ўжо напачатку 50-х гадоў. На яе месцы зараз расце малады сасоннік.

 

Сёння ў Садках па прапісцы налічваецца адзінаццаць жыхароў і восем гаспадарак. Насамрэч, садкоўцаў у населеным пункце яшчэ менш. Некаторых сталых вяскоўцаў забралі ў горад на зіму дзеці, кагосьці ўжо і назаўсёды.

Летам у Садках людзей становіцца крыху больш, з’язджаюцца дачнікі, прыязджаюць ў бацькоўскія хаты дзеці.

Зімой жа ў Садках фактычна жыве пяць чалавек. Дзе былі Ламачы, цяпер калгасныя палі і лес. Апошні, навогул, падбіраецца к Садкам ўсё бліжэй. Можна сказаць, што вёска знаходзіцца ў лесе. Праз колькі гадоў гаспадарамі тут будуць не людзі, а ён. Садкоўцы ўжо прывыклі да нечаканых лясных гасцей – ліс ды каршуноў, таму амаль ніхто з іх не трымае курэй.

Па дарозе старшыня Якімавіцкага сельвыканкама Рыта Стрэльчанка расказала, што ў Садках яе вочы і вушы – Тамара Кароткая, якая ўжо даўно з’яўляецца яе памочніцай па гэтай вёсцы. Жыве Тамара Ульянаўна на Хітрым рынку. Каля яе хаты ў сераду і суботу спыняецца аўталаўка, пяць разоў на тыдзень, акрамя нядзелі і панядзелка, прыязджае паштовая машына. Дарэчы, ходзіць у Садкі і рэйсавы аўтобус.

– Газеты, у тым ліку “раёнку” з усёй нашай вёскі выпісваю я адна. Хаця колькі тут нас засталося? – усміхаецца жанчына. Сапраўды, з прымацаванай да брамкі абрэзанай пластыкавай бутэлькі “выглядае” свежы нумар “Калінкавіцкіх навін”. – Гэта бацькоўская хата. Тут я нарадзілася, вырасла, тут пражыла 52 гады разам са сваім мужам.

Тамара Ульянаўна не так даўно аўдавела. Уладзімір Адамавіч памёр у маі мінулага года. І ён, і яна шмат гадоў аддалі працы на мясцовай ферме. Уладзімір Кароткі працаваў брыгадзірам, яго жонка – фуражырам, потым цялятніцай.

–Акурат насупраць нашай хаты некалі знаходзіліся калгасныя ферма і склад, – гаспадыня паказвае рукой на малады лес. – Насупраць была баня. А вунь там, на пустэчы, стаяла пачатковая школа. Усе будынкі ўжо знеслі, як і нежылыя хаты.

Яшчэ адна карэнная жыхарка Садкоў Вольга Агароднік сама пра сябе кажа так: “Дзе нарадзілася, там і згадзілася”.

Працавала яна таксама на калгаснай ферме. Была і даяркай, і цялятніцай. Нават грамата за добрасумленную працу ў яе была і каштоўныя падарункі. Жанчына выгадавала трох дзяцей, дачакалася семярых унукаў.

Гаспадарку Вольга Лявонцьеўна не трымае: ласкі і куніцы з лесу прыходзілі, на птушку нападалі. А вось агарод садзіць. Ужо нават грунт і насенне для расады закупіла, чакае, калі спрыяльныя дні сеяць настануць.

У тую частку вёскі, дзе некалі быў хутар Зладзееўка, у бацькоўскую хату пасля выхаду на заслужаны адпачынак перебралася Алена Заранок.

–Чацвертую зіму яна ўжо тут, – расказвае па дарозе Рыта Стрэльчанка. – Улетку яе двор увесь патанае ў кветках, так прыгожа, на жаль, зараз гэтага вы не пабачыце. Агарод садзіць, курэй трымае.

А вось і гаспадыня сустракае нас на ганку з усмешкай на твары.

–Мне тут вельмі добра, душа як быццам адпачывае. Родныя мясціны, свежае паветра, прырода. Восенню – грыбы і ягады. Па маслякі далёка хадзіць не трэба – лес адразу за маім хлявом, – адказвае на пытанне, што пабудзіла змяніць яе гарадскі ўклад жыцця на сельскі. – Я і калі працавала, кожныя выхадныя сюды ездзіла, а як пайшла з мясакамбіната на пенсію, так і пераехала. Людзей у вёсцы засталося мала, але ўсе дружныя, добрыя, клапоцяцца адзін пра аднаго. Не верыцца, што наша вёска адмірае. Колькі людзей тут раней было! Адных даярак на ферме чалавек 12! Я ж пад каровамі вырасла: маці на ферме працавала, я ёй дапамагала даіць. Бацька скотнікам быў. Добра яны працавалі, амаль штогод падарункі ад кіраўніцтва калгаса атрымоўвалі. Вунь, глядзіце, часы, што маці дарылі, і сёння на сцяне вісяць.

Адно з яркіх успамінаў у Алены Лявонцьеўны, як раней адзначалі прастольнае свята Ўшэсце. У гэты дзень сустракалі гасцей, гатавалі розныя прысмакі.

–А хто вам дровы коле? Мужскую працу робіць? – пытаемся ў жанчыны.

–А сама і калю, заадно размінка добрая атрымоўваецца, – з усмешкай адказвае Алена Заранок. – Мы, сельскія жанчыны, усё умеем! Ды і дзеці мне дапамагаюць.

Яе сын і дачка, асабліва ўлетку, – частыя госці ў Садках. Вельмі падабаецца ў вёсцы ў бабулі і ўнуку Мацвею.

Праз хату ад Алены Заранок жыве Уладзімір Ганчарэнка. Раней ён са сваёй маці Яўгеніяй Мартынаўнай жыў у Ламачах, а калі іх вялікая хата згарэла, перабраліся сюды – у Зладзееўку.

Уладзімір Васільевіч калісьці быў добрым майстрам па рамонту халадзільнікаў, працаваў у Гомельскай рамонтнай арганізацыі. Вяскоўцам дапамагаў, калі ў тых халадзільнікі псаваліся. Потым у яго штосьці ў жыцці здарылася, кінуў усё і асеў у вёсцы. Ды і здароўе стала падводзіць. Так і жыве адзін пасля смерці маткі з катом і сабакамі, перабіваецца выпадковымі заробкамі.

–Глядзі, не куры больш ў хаце, Валодзя! – папярэджвае гаспадара старшыня сельсавета. – Гэта вельмі небяспечна! І ў бальніцу з’ездзі, мо групу дадуць, капейка хоць нейкая будзе.

–Добра, – згаджаецца Уладзімір Ганчарэнка. А паедзе куды ён, ці зноў палянуецца, аднаму яму вядома.

У матчынай хаце ў Ламачах жыве яшчэ адзін мужчына. Павел Фесенка не прапісаны ў Садках, але за свет і камунальныя паслугі іспраўна плаціць. Пастаяннага заробку ў яго таксама няма. Рыта Стрэльчанка абяцала яму пасадзейнічаць у рашэнні гэтага пытання, але пры ўмове, што той яе не падвядзе, і ёй не будзе сорамна за яго.

–Я гатовы ісці працаваць, – не адмаўляецца ад дапамогі вясковец. – Хоць заўтра. Тэлефануйце, буду чакаць званка.

Фатаграфавацца Павел Аляксандравіч адмовіўся.

–Вось і ўсе жыхары сённяшніх Садкоў, – канстатуе Рыта Стрэльчанка. – Шмат дамоў у гэтай вёсцы мы знеслі пазалетась. Зараз тут тры пустуючых хаты, гатовяцца на іх дакументы, ідуць перагаворы з наследнікамі. Некалькі дамоў купілі пад дачы. Вось, напрыклад, дом нумар 36, набылі расіяне. Глядзіце, як добраўпарадкавалі яго – дах накрылі, сайдынгам сцены абшываюць. Усе лета тут правазіліся. Кажуць, будуць сюды з сябрамі прыязджаць адпачываць. А што? Мясціны ў нас тут прыгожыя, прырода, паветра, грыбны лес… Улетку і восенню вяскоўцаў і дачнікаў за вушы з яго не выцягнеш. Добра тут! І людзі тут жывуць добрыя.

Баннер Telegram канала