Цёплае сонца, родныя твары і танцы з першай песні. Агароднікі адзначылі Дзень вёскі
У цёплы суботні дзень, 13 верасня, у Агародніках на пляцоўцы каля сельскай бібліятэкі-клуба жыхароў і гасцей населенага пункта сабраў доўгачаканы Дзень вёскі. Сюды з’ехаліся тыя, хто калісьці пакінуў родны край, але не забыўся пра яго, дзеці і ўнукі вяскоўцаў, якія працягваюць сямейныя традыцыі. Дзе б ні знаходзіўся чалавек, яго душа заўсёды прагне вярнуцца туды, дзе ён нарадзіўся і вырас. Разам з гасцямі радасць свята падзялілі і тыя, хто па-ранейшаму жыве ў Агародніках.
Прыехаў на Дзень вёскі і знакаміты ўраджэнец вёскі Віктар Паўловіч, які сёлета стаў героем вядомай тэлеперадачы Андрэя Малахава. Здымачная група нават прыязджала ў Агароднікі, каб зняць сюжэт пра малую радзіму гэтага таленавітага запальнага вакаліста.
На Дні вёскі сустрэліся розныя пакаленні, аб’яднаныя любоўю да сваёй малой радзімы. Для ўсіх удзельнікаў свята стала цудоўнай магчымасцю наталіцца роднымі мясцінамі, успомніць тых, хто раней жыў на гэтай зямлі, яшчэ раз пакланіцца руплівым вясковым людзям. Паўсюль панавала неверагодна цёплая і душэўная атмасфера шчырай радасці і весялосці. Былі арганізаваны разнастайныя выставы, з якіх можна было даведацца шмат новага пра гісторыю Агароднікаў, пра тое, чым ганарыцца вёска, а таксама палюбавацца дзіўнымі творамі мясцовых умельцаў.
Надвор’е таксама паспрыяла, таму лавы каля імправізаванай сцэны не пуставалі. Пачаўся Дзень вёскі з урачыстай часткі. Прысутных прывітала старшыня Юравіцкага сельвыканкама Галіна Трасцянок. Яна пажадала мірнага неба і моцнага здароўя кожнаму, адзначыла, што многія жыхары вёскі заслугоўваюць павагі і шмат добрых слоў. Гэта тыя людзі, якія сустракаюцца не толькі ў святочныя гадзіны, іх аб’ядноўвае агульны клопат пра добраўпарадкаванне малой радзімы, жаданне яе зберагчы, каб не страціць сваіх каранёў і права на будучыню.
– Ну а сёння мы з вамі разам адзначым і павіншуем тых вяскоўцаў, з якіх трэба браць прыклад, – паабяцала старшыня сельвыканкама. – Мы бачым іх працу кожны дзень, якую дзесяцігоддзямі плённа працавалі дзеля дабрабыту нашай роднай зямлі.
Па звычаю Агародніцкага краю на імправізаваную сцэну вынеслі духмяны каравай “у якім з агародніцкага поля пшаніца, з Тур’і-рэчкі вадзіца”. Каравай уручылі Галіне Трасцянок, а тая, у сваю чаргу, паднесла яго паважанаму госцю свята – старшыні СВК “Дружба-Аўцюкі” Сяргею Даўгяла. Той жа перадаў каравай галоўнаму аграному гаспадаркі Уладзіміру Савянку.
Падзячным лістом райсавета дэпутатаў узнагародзілі дырэктара Бярозаўскай СШ Юрыя Хадакова, бібліятэкара Агародніцкай бібліятэкі-сельскага клуба Любоў Яраш, сацыяльнага работніка Алену Бондар, а таксама лепшую сям’ю вёскі Алену і Мікалая Бондараў.
Словамі падзякі, граматамі за плённую працу і памятнымі падарункамі адзначылі ветэранаў сельскай гаспадаркі. Кіраўнік СВК “Дружба-Аўцюкі” Сяргей Даўгялла разам з прафсаюзным лідарам Вікторыяй Века ўручылі ўзнагароды ажно 39 ветэранам, што жывуць у Агародніках.
Падзячныя лісты аддзела адукацыі ўручылі ветэранам педагагічнай працы Соф’і і Вячаславу Дзмітрыенка, Тамары Пастушэнка і Святлане Катковай. Ад аддзела культуры павіншавалі Святлану Пугач і Марыю Камарэнка. Ад сацыяльнай аховы адзначылі сацыяльных работнікаў Алену Бондар і Любоў Кавальчук. Ад РУПС “Белпошта” – ветэранаў паштовай сувязі Ніну Міцулю і Галіну Захаранка.
Падзячнымі лістамі Юравіцкага сельсавета адзначылі ветэранаў патрэбкааперацыі Вольгу Савянок і Лідзію Касцючэнка, ветэрана бытавога абслугоўвання насельніцтва Святлану Яраш, ветэрана медыцынскай службы Надзею Пугач, ветэрана сельсавета Вольгу Піліпейка.
Найстарэйшай жыхарцы вёскі Агароднікі Алесі Захаранка сёлета споўнілася 100 гадоў. Толькі ўявіце! Алеся Іванаўна, дарэчы, прысутнічала на свяце. Доўгажыхарка атрымала падарунак не толькі ад сельвыканкама, але і ад кіраўніцтва СВК “Дружба-Аўцюкі” як ветэран сельскай гаспадаркі.
У цэнтры ўсеагульнай увагі пабывала і самая маленькая жыхарка Агароднікаў Ганна Кіршчын, якая нарадзілася 31 ліпеня, а таксама два першакласнікі вёскі – Караліна Яраш і Раман Піліпейка.
Звычайна на падобных святах ушаноўваюць людзей, якія ў гэты год адзначаюць юбілейныя дні нараджэння і прыгожыя даты сямейнага жыцця. Агароднікі не выключэнне. Так, пачэснымі ўзнагародамі ад мясцовага сельвыканкама адзначылі сем’і Соф’і і Вячаслава Дзмітрыенка, Ніны і Андрэя Буцэнка, якія адзначылі 50-гадовыя юбілеі сумеснага жыцця, а таксама павіншавалі больш за 15 юбіляраў вёскі.
Прызамі за найлепшыя падворкі ўзнагародзілі ажно пяць гаспадарак – Ігара і Алены Бондар, Аляксандра і Ніны Кавальчук, Васіля і Ганны Пугач, Дзмітрыя Міроненка і Святланы Катковай, Надзеі Пугач.
Асобных слоў падзякі і апладысментаў заслужылі мясцовыя народныя ўмеліцы Ніна Буцэнка, Марыя Камарэнка і Ганна Качан, а таксама правая рука старшыні сельвыканкама – бібліятэкар Любоў Яраш.
Публіка з задавальненнем пляскала ў далоні, калі называлі чарговае імя і прозвішча, а таксама падтрымлівала выступленні артыстаў, якія сталі цудоўнымі музычнымі падарункамі для ўсіх удзельнікаў свята. Сваю творчасць удзелькам Дня вёскі дарылі ансамбль “Чапурушкі”, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Мікалай Буцэнка і вышэйназваны зорка тэлешоу Віктар Паўловіч. Песні ў іх выкананні гарманічна дапаўнялі шчырыя віншаванні. А танцы, трэба адзначыць, пачаліся ўжо с самай першай песні.
Свята ўдалося. Таму што Агароднікі – гэта вялікая сям’я родзічаў і суседзяў. Тут усе ведаюць адзін аднаго, падтрымліваюць і дапамагаюць, спачуваюць у бядзе і шчыра радуюцца поспехам.









