Четверг, 23 апреля, 2026

Радио

Віншавалі сем’і, гаспадароў, юбіляраў. У Казловічах адсвяткавалі Дзень вёскі


Канец лета ў вяскоўцаў самы напружаны і працаёмкі перыяд – гэта час выспявання і збору ўраджаю. Трэба сабраць яго з палёў і садоў, дажаць жыта, назапасіць і захаваць на зіму шматлікія дары зямелькі-маці – садавіну, агародніну, ягады, грыбы, арэхі.
Аднак нават у самыя загружаныя перыяды жыцця важна знаходзіць час для аднаўлення сіл, асабліва калі ёсць выдатная падстава для свята. У апошнюю суботу жніўня такой падставай для жыхароў вёскі Казловічы стаў Дзень вёскі. Гэта падзея, якую ўсе чакалі з нецярпеннем, бо яна дае выдатную магчымасць ўсім, хто звязаны з гэтай вёскай – як яе цяперашнім насельнікам, так і тым, хто тут нарадзіўся і вырас, – сабрацца разам і ўмацаваць свае сувязі.
На святочнай пляцоўцы працавала выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, пошукавага клуба, гандлёвыя кропкі, дзіцячыя атракцыёны, была арганізавана гульнявая праграма і шоу мыльных бурбалак, прадавалася салодкая вата і цацкі.
Спачатку вядучыя праграммы «З любоўю да людзей і роднай зямлі» павіншавалі з Днём вёскі супрацоўнікаў Казловіцкага сельвыканкама і падзякавалі ім за уклад у развіццё вёскі. А потым на сцэну вынеслі духмяны каравай для жыхароў ад гаспадыні свята – старшыні сельвыканкама Людмілы Гарбун.
Людміла Ўладзіміраўна звярнулася да вяскоўцаў з прывітальным словам, пажадала ўсім дабрабыту і моцнага здароўя і ўручыла Падзячныя лісты райвыканкама Кацярыне Тупік, якая адпрацавала ў сельсавеце 45 гадоў, свайму памочніку па вёсцы Алене Савіцкай, загадчыцы Казловіцкім СДК Любові Савіцкай, бібліятэкару Тамары Манько. Падзячны ліст раённага Дома культуры атррымала Наталля Мятлушка.
За актыўны ўдзел у грамадска-культурным жыцці вёскі і дапамогу ў добраўпарадкаванні тэрыторыі Падзякі сельвыканкама былі ўручаны Любові Мятлушка, Вользе Голуб, Юліі Зубарэвіч, Валянціне Пінчук і Людміле Набіевай.
За шматгадовую добрасумленную працу ў СУП “Даманавічы-Агра” і ў сувязі з выхадам на заслужаны адпачынак падарункавы сертыфікат атрымаў Уладзімір Лышчанка.
Адзначылі на свяце і старажылаў. Самая старэйшая жыхарка вёскі на сённяшні дзень – 91-гадовая Таццяна Савіцкая, якая ўсё жыццё плённа працавала на роднай зямлі, а сёння карыстаецца заслужанай павагай сярод сваіх землякоў.
Павіншавалі ў той дзень і самых маленькіх. 10 чэрвеня на свет з’явіўся самы малодшы жыхар вёскі. Яго бацькам Дзмітрыю і Вользе Бойка ўручылі памятны падарунак.
Атрымалі падарункі ад сельсавета і адзіны першакласнік вёскі, шматдзетныя сем’і, юбіляры. Асобна павіншавалі сямейную пару Михаіла і Галіну Мятлушка, якія сёлета адзначаюць 55 гадоў сумеснага жыцця.
Гаспадары і гаспадыні лепшых падворкаў – Павел і Валянціна Савіцкія, Уладзімір і Святлана Лышчанка таксама прымалі віншаванні. Адзначылі падарункам і вяскоўку Таццяну Дашкевіч, якая ўносіць значны ўклад у рэалізацыю малака дзяржаве.
Удзячнасць за добрасумленную працу выказалі працаўнікам ФАПа, установы культуры, пошты, гандлю, сацыяльным работнікам. Выказалі падзяку бацькам Фёдара Голуба, які зараз служыць у войску.
Не абмінулі на свяце і ваенную тэму. Узгадалі ўзнікаў Азарыцкага лагера смерці, якіх у вёсцы пражывае пяцёра. Памяць загінуўшых на франтах Вялікай Айчыннай вайны аднавяскоўцаў ушанавалі хвілінай маўчання.
Цудоўную музычную праграму вяскоўцам падрыхтаваў мясцовы калектыў мастацкай самадзейнасці. Удзельнікі свята ўвесь канцэрт з задавальненнем пляскалі ім ў далоні, а хто і навогул кінуўся скакаць каля сцэны. А дзеткі ў гэты час забаўляліся з аніматарамі и мыльнымі бурбалкамі.
А калі сцямнела, неба над Казловічамі расквеціў святочны салют і пачалася дыскатэка.
Баннер Telegram канала