Казловіцкі сельскі дом культуры сумесна з бібліятэкай працягваюць праект па прыгатаванні нацыянальных беларускіх страў з таркаванай бульбы. Раз за разам яны здзіўляюць нас усё новымі і новымі рэцэптамі. Чаго толькі не прыгатуеш з любімай беларусамі бульбы! Яна – душа беларускай кухні, і ў Казловіцкім СДК пра яе ведаюць усё.
Сёння нас чакае знаёмства яшчэ з адной незвычайнай беларускай стравай з таркаванай бульбы. Гатовыя даведацца, што казловіцкія гаспадыні падрыхтавалі гэтым разам? Тады знаёмімся.
«Цярцюха па-казловіцкі», альбо суп з таркаванай бульбы
Як сцвярджаюць гаспадыні – загадчык Казловіцкага СДК Юлія Зубарэвіч і бібліятэкар Тамара Манько – гэты суп не сорамна падаць нават гасцям. Пры гэтым ён такі густы, што лыжка ў ім стаіць вертыкальна. Назва стравы дакладна адлюстроўвае ключавы тэхналагічны прыём: бульба не рэжацца кубікамі, як у звычайных супах, не таўчэцца ў пюрэ, а менавіта трэцца на тарцы.
Інгрэдыенты на 3-4 порцыі:
Бульба – 600-700 г;
Булён (мясны) – 1,5-2 літра. Гэта можа быць ялавічына, курыца, свініна – не важна. Можна гатаваць «цярцюху» і на вадзе, але суп атрымаецца посны. У гэтым выпадку лепш варыць яго з грыбамі.
Цыбуля – 1-2 штукі;
Морква – 1 шт;
Вяршкі (10-20%) – 200-300 мл;
Сметанковае масла – 50-100 г;
Грудзінка (бекон, сала) – 150-200 г;
Спецыі па гусце.
Прыгатаванне:
Варым булён для асновы супу. Мяса варым разам з цыбуляй і морквай каля гадзіны. Пакуль булён варыцца, бярэм грудзінку (бекон. сала) і наразаем невялікімі кавалачкамі. Абсмажваем на сухой патэльні да хрумсткіх шкварак.
Чысцім бульбу. Таркуем яе на буйной тарцы, можна і на дробнай, розніцы няма. Калі пацерці разам з бульбай цыбулю, маса будзе даўжэй заставацца свежай і ня пацямнее, а смак стане толькі ярчэй.
Ставім прыгатаваны булён на агонь. Калі закіпіць, пачынаем акуратна ўводзіць у яго таркаваную бульбу.
Варым на павольным агні 15-20 хвілін, рэгулярна памешваючы. Бульба павінна цалкам разварыцца і аддаць крухмал булёну. За гэты час суп стане густым, гэта нармальна.
Праз 15 хвілін пасля закіпання дадаем абсмажаную цыбулю. Яе трэба падрыхтаваць загадзя. Перамяшаць. Ўліваем вяршкі тонкім струменьчыкам, не спяшаючыся, пастаянна памешваем. Дадаем сметанковае масла.
Даводзім суп да кіпення і адразу выключаем.
Перад падачай супу трэба даць настаяцца пад крышкай 10-15 хвілін. Разліваем па талерках. Зверху кладзём жменьку тых самых хрумсткіх шкварак, пасыпаем свежай зелянінай і дадаем жытнія сухарыкі.
Падаваць «цярцюху» гарачай з жытнім хлебам нацёртым часнаком.
Смачна есці!












