
Летам бягучага года ў мазырскім выдавецтве “Калор” выйшла кніга “На беразе мора Герадота. Вандроўкі па Калінкавіцкай зямлі”. Гэта – другая частка выдання, якое пабачыла свет у тым жа выдавецтве ў 2014 годзе. Першы крок да з’яўлення “Летапісцу зямлі Калінкавіцкай” быў зроблены ў 2009 годзе, калі ў краіне праходзіў Год роднай зямлі. Менавіта тады на старонках раённай газеты з’явіўся творчы праект “Зямля бацькоў нашых”. У ім публікаваліся нарысы з мінулага і сучаснага жыцця населеных пунктаў раёна.

Першай у гэтым пераліку стаіць вёска Хобнае – адзін з аддаленых населеных пунктаў нашага раёна. Нарыс напісала рэдактар аддзела сацыяльнага жыцця Таццяна Зубец. Як часта гэта бывае, пасля выхаду першых нарысаў у друку нашы чытачы, ураджэнцы вёсак, і дзякавалі (вялікая і патрэбная справа), і крытыкавалі (малавата гістарычнага мінулага, не ўспомнілі пра тое і тое або пра таго і таго). Што ж, на “вкус и цвет товарищей нет”. У кожнага аўтара сваё бачанне і разуменне, свой стыль. Але і дзякавальшчыкі, і крытыкі пагаджаліся, што “Летапісец зямлі Калінкавіцкай” патрэбен!

І вось праз дзевяць гадоў пасля першай часткі выйшла другая кніга. Яна аб’яднала нарысы пра 27 вёсак калінкавіцкай зямлі. Як адзначыў у прадмове да кнігі ганаровы грамадзянін Калінкавіцкага раёна, галоўны рэдактар раённай газеты (1991-2023) Іван Гарыст, “без памяці пра мінулае народ пазбаўлены будучыні, а так цяжка ўзнаўляць мінулае, калі ў нябыт адыходзяць жывыя яго сведкі. Таму варта спяшацца”. Вось так у Год міру і стварэння працай журналістаў і намаганнямі Івана Гарыста, які з’яўляецца складальнікам і першай, і другой частак кнігі, а таксама дзякуючы падтрымцы працоўных калектываў мясакамбіната, малочнага камбіната, “Белсыра”, СВК “Дружба-Аўцюкі”, свет пабачыла гэта выданне. З гэтай нагоды ў цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі. Вядучымі мерапрыемства сталі навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Сяргей Малашчанка і бібліёграф Ірына Мятлушка, а ўдзельнікамі – жыхары горада (сярод іх былі і героі выдання), вучні СШ №1, ветэраны працы. Быў заўважаны і пісьменнік-краязнаўца Уладзімір Лякін, які таксама высока ацаніў выданне кнігі і падкрэсліў неабходнасць працягу гэтай працы. Падчас мерапрыемства перад прысутнымі выступілі аўтары нарысаў – намеснік галоўнага рэдактара Аляксандр Века, Таццяна Зубец, рэдактар аддзела сельскага жыцця Таццяна Капітан. Кожны з іх расказаў аб працы над вясковымі нарысамі, аб тых людзях, многіх з якіх, на жаль, ужо няма з намі. Але засталіся іх справы. Засталіся нашчадкі, якім далей працягваць справы бацькоў і дзядоў. У гэтым і ёсць пераемнасць пакаленняў, захаванне традыцый і гістарычнай памяці.

На прэзентацыі выступілі старшыня савета ветеранаў педагагічнай працы Святлана Крупіна, настаўніца СШ №1 Ніна Пырко, ветэран педагагічнай працы Клаўдзія Абібак. Яны падзяліліся дзіцячымі ўспамінамі пра сваю малую радзіму, выказалі сваю любоў да родных вёсак. Святлана Крупіна прачытала некалькі вершаў на гэту тэму, Ніна Пырко расказала пра стварэнне радаводнага дрэва па бацькоўскай і мацярынскай лініі да восьмага калена. Клаўдзія Абібак выказала шчырую ўдзячнасць за тую важную справу, якую зрабіў калектыў рэдакцыі, і параіла працягваць гэтую работу.

Перад удзельнікамі выступіў мастацкі калектыў “Чапурушкі”, які выканаў некалькі песен.

Застаецца толькі сказаць, што тыраж другой часткі выдання “На беразе мора Герадота. Вандроўкі па Калінкавіцкай зямлі” абмежаваны, у наяўнасці толькі пятнаццаць кніг, і калі вы хочаце яе набыць, то варта своечасова звярнуцца ў рэдакцыю.

Аляксандр Супруноўскі.
Фота Мікалая Барысенкі.