“Мы шчыра захоўваем памяць пра былое”, — адзначыў 8 студзеня Прэзідэнт Республікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі ўручэння прэмій “За духоўнае адраджэнне”. Сапраўды, прайшло амаль 80 гадоў з таго часу, як сціхлі гарматы Вялікай Айчыннай вайны, а памяць ў народзе жыве і будзе жыць заўжды. Гэту памяць захоўваюць і ў Малааўцюкоўскай СШ, дзе праводзіцца шэраг мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнага накірунку. Вось і напачатку студзеня дзякуючы арганізацыйным намаганням нашых настаўнікаў Святланы Пятроўны Койдан і Міхаіла Іванавіча Дулуба мы, вучні сярэдняга школьнага ўзросту, за адзін дзень змаглі наведаць памятны комплекс “Аперацыя “Багратыён” у Светлагорскім раёне і мемарыял вязням канцлагера “Азарычы”.
У час знаходжання на комплексе “Аперацыя “Багратыён” мы даведаліся, што менавіта на гэтым месцы нападалек ад вёскі Ракавічы пачалося маштабнае вызваленне войскамі Чырвонай арміі нашай роднай Беларусі, а сама аперацыя назаўжды ўвайшла ў гісторыю, як найбольш паспяховая наступальная аперацыя Вялікай Айчыннай вайны. Вельмі цікава было наведаць бліндажы, дзе добра адчуваецца атмасфера тых далёкіх гераічных часоў, векапомных падзей. Васкавыя фігуры ў параднай форме і фотоздымкі Паўла Батава, камандуючага 65-й арміяй, і набліжаных да яго афіцэраў — камандуючых дывізіямі, што вызвалялі гэтыя мясціны, карта баявых дзеянняў — разглядаючы іх нібы пераносішся ў часе на 8 дзесяцігоддзяў назад.
У экспазіцыі таксама прадстаўлена ваенная техніка часоў Вялікай Айчыннай вайны, асабістая зброя, атрыбутыка і рэчы воінаў Чырвонай арміі і вермахта. Уражанні незабыўныя! Нам дазволілі патрымаць у руках аўтаматы, прымераць каскі. Памяць пра наведванне такога памятнага месца захаваецца ў нашым калектыўным фота.
А пры наведванні мемарыяла пад Азарычамі мы шчыра суперажывалі лёсам вязняў канцлагера, з болем у сэрцы слухалі расповед экскурсавода Аксаны Аляксандраўны Гвоздзь пра жудасныя падзеі, што адбываліся на гэтым месцы ў сакавіку 1944 года. Нізкі паклон тым, хто назаўсёды застаўся тут, так і не дачакаўся вызвалення. Іх памяць мы, дзеці ХХІ стагоддзя, ушанавалі хвілінай маўчання.
Я ўпэўнена, што экскурсія па комплексе “Аперацыя “Багратыён” і мемарыяле вязням Азарыцкага лагера смерці застанецца назаўжды ў маёй памяці і ў памяці маіх школьных сяброў. Такое нельга забыць, гэта треба помніць, каб не паўтарылася. І давайце ўсе разам захоўваць памяць пра мінулае і імкнуцца да міру і гармоніі ў цяперашнім жыцці.
Вялікае дзякуй за паездку нашым настаўнікам, а таксама кіраўніцтву філіяла №13 ААТ “Гомельаблаўтатранс”, асабліва вадзіцелю прадпрыемства Сяргею Парфёнаву.










