Пятница, 24 апреля, 2026

Радио

Аднавім лясное багацце разам

У ліку тых, хто не застаецца абыякавым і клапоціцца пра навакольны свет – вучні і педагогі Малааўцюкоўскай сярэдняй школы. Аднымі з першых у раёне яны далучыліся да акцыі “Дай лесу новае жыцце”.

У каторы раз акцыя аб’яднала малааўцюкоўскіх настаўнікаў, школьнікаў і іх бацькоў, якія разам дружна папрацавалі на спецыяльна размеркаванай тэрыторыі. Як адзначаюць удзельнікі акцыі, многія з іх ужо навучыліся правільна выбіраць прыдатныя для нашага рэгіёну дрэвы, саджаць іх так, каб яны прыжыліся і добра раслі.

– Клопат пра навакольнае асяроддзе з'яўляецца для нас адным з галоўных прыярытэтаў, расказвае педагог Галіна Века. – Таму мы па традыцыі і з вялікім задавальненнем прымаем удзел у маштабнай акцыі "Дай лесу новае жыццё!" Мы лічым, што гэта выдатная магчымасць унесці свой уклад у аднаўленне лясоў, якія з'яўляюцца лёгкімі нашай планеты, домам для многіх жывёл і раслін, а таксама крыніцай натхнення і радасці для ўсіх нас.

У школе распавядаюць, што у рамках дзеяння акцыі, для вучняў рознага ўзросту праводзяцца тэматычныя ўрокі, прысвечаныя важнасці лясоў і ахове прыроды. Акрамя таго для іх арганізоўваюцца разнастайныя віктарыны і квэсты, конкурсы малюнкаў і рамёстваў па тэме "Лес – наш дом". Карацей кажучы, тут імкнуцца да таго, каб дзеці маглі больш даведацца пра прыроду і навучыліся клапаціцца пра яе.

Асобную увагу ў школе надаюць збору макулатуры. Уся сабраная папера адпраўляецца для апрацоўкі, а выручка –  на падтрымку акцыі "Дай лесу новае жыцце". Яшчэ адзін напрамак – інфармацыйная кампанія. Рэгулярна вучні і настаўнікі распаўсюджваюць для жыхароў свайго населеннага пункта інфармацыю пра важнасць лясоў і пра тое, як кожны з нас можа спрыяць іх захаванню. Плакаты, лістоўкі таксама размяшчаюцца на школьным сайце і ў сацыяльных сетках установы адукацыі.

– Удзел у акцыі "Дай лесу новае жыццё" – для мяне гэта не проста пасадка дрэў, – падзялілася вучаніца школы Анастасія Карабейнікава.  Гэта больш пра пачуццё адказнасці за навакольнае асяроддзе, пра нашу экалагічную свядомасць і разуменне важнасці павагі да прыроды. Гэта ўклад у будучыню нашай планеты. Няхай будзе больш зялёных лясоў, чыстага паветра і здаровай экасістэмы! Далучайцеся да нас!

Баннер Telegram канала