Воскресенье, 26 апреля, 2026

Радио

Адзначылі лепшыя сем’і, актыўных чытачоў і працавітых гаспадароў Як у Прудку святкавалі Дзень вёскі


Марафон святаў вёсак, якія традыцыйна праходзяць у сельскіх населеных пунктах раёна ўлетку, працягнуў Дзень вёскі Прудок Юравіцкага сельсавета. Сімвалічна, што ён
прайшоў напярэдадні дзяржаўнага свята –
Дня народнага адзінства.
У мінулую суботу к 14.00 гадзінам дня на пляцоўцы каля сельскага клуба сабраліся вяскоўцы і госці свята, у ліку якіх былі старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Красюк, старшыня Юравіцкага сельсавета дэпутатаў Галіна Трасцянок, дырэктар ААТ “Прудокскае” Сяргей Ярасевіч.
Юрый Красюк ад кіраўніцтва райвыканкама і райсавета дэпутатаў павіншаваў жыхароў вёскі з надыходзячым Днём народнага адзінства, выказаў вяскоўцам удзячнасць за іх працу на карысць сваёй малой радзімы, раёна і краіны, пажадаў усім моцнага здароўя, мірнага неба і сямейнага дабрабыту.
Пасля прывітальнага слова Юрый Фёдаравіч прыступіў да цырымоніі ўзнагароджання.
За шматгадовую добрасумленную працу ў галіне сельскай гаспадаркі і актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці сельвыканкама Па-дзячным лістом райвыканкама ўзнагароджаны кіраўнік ААТ “Прудокскае” Сяргей Ярасевіч.
За захаванне сямейных каштоўнасцей, выхаванне ў дзяцей павагі да роднай зямлі Падзячнымі лістамі райвыканкама былі адзначаны сем’і Тадэуша і Святланы Стэфановіч, Андрэя і Алены Варабей, а таксама Людміла Севярынчык.
Падзячныя лісты райсавета дэпутатаў атрымалі Васіль Гаркуша, Таццяна Юркова, Людміла Сіраш, Таццяна Сіраш, Людміла Мальчук.
Падзячныя лісты Юравіцкага сельсавета дэпутатаў уручылі Галіне Буцэнка, Уладзіміру Сакалову, творчаму калектыву Прудокскага сельскага клуба “Прудаўчанка”.
Цырымонію ўзнагароджання працягнула старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Галіна Капітан, якая ўручыла падарункі самым старэйшым і самым маленькім жыхарам вёскі – 86-гадовай Валянціне Пільчанка, Юрыю Язерскаму і Мікіце Сініцкаму, якія нарадзіліся 21 мая і 18 ліпеня.
Старшыня сельвыканкама Галіна Трасцянок уручыла падарункі тым вяскоўцам, якія сёлета адзначаюць юбілейныя вясельныя даты, у тым ліку залатым юбілярам Мікалаю і Галіне Сіраш, а таксама юбілярам гэтага года і першакласнікам.
Падзякі ад сельсавета і сімвалічныя падарункі на свяце вёскі атрымалі і гаспадары лепшых падворкаў – Уладзімір Міцкевіч, Уладзімір і Ніна Гарыст, Андрэй і Алена Варабей, Васіль і Вера Гаркуша.
Загадчыца сельскага клуба Зінаіда Касабуцкая назвала імёны і ўручыла падарункі лепшым чытачам бібліятэкі – Веры Новік, Надзеі Леўкавец і Вользе Горват.
Вялікай цікавасцю у удзельнікаў свята карысталіся выставы мясцовых народных умельцаў, фотавыстава “Якімі маладымі мы былі”, выстава-продаж сувеніраў ад Юравіцкага СДК.
На працягу ўсёй святочнай праграмы добры настрой і творчыя нумары вяскоўцам дарылі мастацкія калектывы Юравіцкага Дома культуры і Прудокскага сельскага клуба. Для дзетак працавалі атракцыёны і гандлёвая кропка з цацкамі і салодкімі прысмакамі. Усе без выключэння госці свята маглі пачаставацца наварыстай юшкай і беляшамі. А фінальным акордам Дня вёскі стала святочная дыскатэка.


Баннер Telegram канала