У засені Брасаўскіх алей” – пад такой назвай у Брасаўскім раёне Бранскай вобласці прайшоў Міжнародны мастацкі пленэр. Ён быў прысвечаны імператарскаму Дому Раманавых, памяці вялікага князя Міхаіла Раманава і Святых Царскіх пакутнікаў.
Сярод мастакоў, якія працавалі на пленэры, быў і наш зямляк, ураджэнец вёскі Шыічы, член Беларускага саюза мастакоў Анатоль Отчык.
Удзельнікаў пленэра віталі прадстаўнікі выканаўчай і занакадаўчай улад Бранскай вобласці, кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднага саюза выкладчыкаў-мастакоў у Бранскай вобласці, заслужаны мастак Расійскай Федэрацыі Уладзімір Волкаў, благачынны Брасаўскай царкоўнай акругі протаіерэй Уладзімір Сафронаў.
На пленэры Анатоль Отчык працаваў побач з мастакамі з Браншчыны, Арла, Смаленска, Белгарада. Падчас мерапрыемства Анатоль Уладзіміравіч напісаў некалькі эцюдаў з выявамі храмаў, што знаходзяцца ў наваколлі. Гэта храм свяціцеля Васілія Вялікага ў Брасава, храм у імя святых Новапакутнікаў і Іспаведнікаў Расійскіх у пасёлку Локаць, крыніца Касмы і Даміана на хутары Халмецкі, а таксама фантан у сядзібе вялікага князя Міхаіла Раманава.
Пленэр праходзіў з 24 па 29 ліпеня. Чатыры дні працягвалася захапляльнае падарожжа на хвалях творчасці ў атмасферы дабразычлівасці і сяброўства. А завяршылася яно справаздачнай выставай у Лакоцкім доме культуры.
На закрыцці пленэра гучалі словы ўдзячнасці як ад імя кіраўніцтва Брасаўскага раёна і прадстаўнікоў мясцовага духавенства, так і ад мастакоў. З падзякай за прыём і стварэнне асаблівых умоў для творчасці выказаўся таксама і Анатоль Отчык.
Дарэчы, падчас гэтай творчай паездкі старшыня Бранскай абласной Думы Валянцін Суббат узнагародзіў Анатоля Отчыка рэгіянальным ордэнам Дружбы народаў за значны асабісты ўклад і плённую працу па ўмацаванні міжнацыянальнага міру, сяброўства і супрацоўніцтва. Анатоль Уладзіміравіч атрымаў ордэн за нумарам 4, а за нумарам 1 такім жа ордэнам быў адзначаны губернатар Гомельскай вобласці Іван Крупко. У адказ наш зямляк перадаў у дар Бранскай абласной Думе сваю карціну “Пад мірным небам”.











