Воскресенье, 26 апреля, 2026

Радио

Дзе шукаць папараць-кветку і што чакае яе ўладальніка? Гэта высвятлялі ў суботу жыхары і госці горада

Дзе шукаць папараць-кветку і што чакае яе ўладальніка? Гэта высвятлялі ў суботу жыхары і госці горада, якія зазірнулі ў парк культуры і адпачынку на Купалле – адно з найстарадаўнейшых, таямнічых і рамантычных народных святаў, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі. Выпадае яно ў ноч з 6 на 7 ліпеня.  

Як верылі нашы продкі, звяры, птушкі і нават дрэвы ў гэту ноч могуць размаўляць, рэкі свецяцца асаблівым прывідным святлом, агонь валодае неймавернай ачышчальнай сілай і вылечвае ад хвароб, а ў поўнач зацвітае папараць-кветка – хто яе знойдзе, атрымае здольнасць бачыць схаваныя ў зямлі скарбы і разумець мову жывёл. Шукаць таямнічую кветку трэбна ў гушчары лесу. Пра гэта і многае іншае жыхары і госці горада даведаліся падчас цікавай праграмы “Купалле”, падрыхтаванай супрацоўнікамі раённага Дома культуры, раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, творчымі калектывамі Шыіцкага і Антонаўскага сельскіх клубаў, вакальным ансамблем “Чапурушкі”. Гледачы з задавальненнем удзельнічалі ў шматлікіх гульнях і конкурсах, танцавалі і спявалі купальскія песні, плялі вянкі.

Дарэчы, вянок з кветак і травы – адзін з галоўных атрыбутаў Купалля. Яго можна было набыць у “Купальскай лаўцы”, а таксама паспрабаваць сплесці самому. На дапамогу кожнаму жадаючаму прыходзілі супрацоўніцы Калінкавіцкага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. Не абышлося і без традыцыйнай купальскай варажбы. Калі пачало змяркацца, дзяўчаты разам з Купалінкай рушылі да возера, каб пусціць вянкі на ваду. Лічыцца: паплыве вянок – замуж хутка рыхтуйся, да берага прыб’е – незамужняй быць альбо нарачоны разлюбіў. Некалі мая бабуля-нябожчыца казала, каб вянок паплыў, плесці яго трэба, укладваючы душу.

Кульмінацыяй свята стала запальванне вогнішча, ля якога гледачы з задавальненнем фатаграфаваліся і жадалі адзін аднаму, каб наперадзе нас чакалі толькі радасць і шчасце, а ўсе нягоды згарэлі ў яркім купальскім полымі. Хай так яно і будзе!

Баннер Telegram канала