Четверг, 23 апреля, 2026

Радио

Дзень вёскі ў Навасёлках: традыцыі, адзінства і зорныя госці

Кожная наша вёска можа пахваліцца сваімі традыцыямі. Навасёлкі і Новыя Навасёлкі – не выключэнне. Штогод іх жыхары збіраюцца разам, каб адсвяткаваць Дзень вёскі. Гэтая добрая традыцыя зарадзілася дзякуючы ўраджэнцу Новых Навасёлак Міхаілу Супруновічу, старшыні Савета дырэктараў холдынгу “Белгазаўтасэрвіс”, афіцыйнаму дылеру гандлёвай маркі ГАЗ у Беларусі.

Міхаіл Андрэевіч не пакідае без увагі сваю малую радзіму і землякоў, у тым ліку аказваючы спонсарскую падтрымку на свята вёскі. Дзякуючы яго ўдзелу, жыхары Навасёлак могуць пахваліцца тым, што да іх свята некалькі гадоў запар прыязджаў сталічны артыст Сяргей Славянскі, які стаў ужо добрым знаёмым для кожнага вяскоўца.

А вось сёлета на свята вёскі, якое адбылося ў мінулую суботу, узняць настрой вяскоўцаў і шматлікіх гасцей у Навасёлкі завітала папулярная беларуская спявачка ЗінаіДа Фурор. Але гэта быў не адзіны прыемны сюрпрыз на сустрэчы землякоў. Лепш аб усім па парадку.

Адкрыццё і ўрачыстая частка свята былі прызначаны на 15 гадзін дня, але пляцоўка перад сельскім клубам-бібліятэкай ажыла значна раней. Тут для самых маленькіх жыхароў дзякуючы цудоўнаму падарунку ад спонсара прайшоў фестываль фарбаў з гульнявой праграмай “Холлі” ад Zebra loft.

Працавалі дзіцячыя атракцыёны, тэматычныя пляцоўкі, выставы народных умельцаў і продаж упрыгожванняў ручной работы. Гасцей таксама чакалі буфет з пачастункамі і міні-кафэ «Зебра», а таксама рыбная юшка і салдацкая каша.

Ураджэнка вёскі Алена Каленік (Білас), сёння яна намеснік старшыні Мазырскага райвыканкама, штогод радуе маленькіх жыхароў роднай вёскі карыснымі падарункамі. На гэты раз гэта былі сокі для ўсіх юных удзельнікаў свята.

Непадалёк ад сцэны размясцілася ваенна-патрыятычная пляцоўка калінкавіцкіх пошукавікаў, якія прапанавалі вяскоўцам і гасцям свята пазнаёміцца з іх экспазіцыяй. Трэба адзначыць, яна выклікала вялікую цікавасць і карысталася папулярнасцю.

Традыцыйна ўрачыстая частка свята пачалася з прывітальнага слова старшыні Капліцкага сельвыканкама Генадзя Кавальчука:

– У кожнага чалавека ёсць свая малая радзіма – месца, дзе ён нарадзіўся і правёў дзяцінства. І забыць яго немагчыма. Для вас, дарагія землякі, гэта вёскі Навасёлкі і Новыя Навасёлкі, дзе жывуць людзі, якія ўмеюць працаваць і тварыць. Менавіта вы – галоўнае багацце нашай роднай зямлі. Вы пішаце яе гісторыю, праслаўляеце і ўпрыгожваеце яе дзеля нашага мірнага неба і дабрабыту.

Генадзь Віктаравіч падкрэсліў, што сустрэча землякоў – заўсёды выдатная магчымасць для вяскоўцаў пабачыцца. Ён выказаў словы падзякі загадчыку сельскага клуба-бібліятэкі Наталлі Раманішцы за работу па арганізацыі свята, а таксама спонсару ўрачыстасці, ганароваму земляку Міхаілу Супруновічу. Старшыня сельвыканкама выказаў упэўненасць: пакуль людзі будуць вось так збірацца разам, вёска будзе жыць.

Урачыстая частка працягнулася цёплымі віншаваннямі. Вяскоўцы пачулі шмат слоў падзякі за іх дабрыню, працавітасць і душэўную цеплыню. Вядучая святочнай праграмы Віялета Бельская не скупілася на цёплыя словы, яны знайшліся для кожнага, хто падымаўся на сцэну.

Асабліва адзначылі доўгажыхароў і старажылаў: Мікалая Шынкарэнку, Наталлю Дземідовіч, Яўгенію Пінчук, Валянціну Ус, Вольгу Раманішка, Валянціну Сцепановіч, Тамару Верас.

Не забыліся і пра юбіляраў, якія ў гэтым годзе святкуюць дні нараджэння і гадавіны вяселляў. Асобныя віншаванні прагучалі ў адрас шматдзетных сем'яў: Трышчанкавых, Герасіменка, Карымавых, Лаўда, Волкавых.

Выбралі на свяце і гаспадароў лепшых падворкаў. У гэтым годзе пераможцамі конкурсу і ўладальнікамі шыльды “Лепшы падворак” у Навасёлках сталі Валянціна і Леанід Зайцавы, а ў Новых Навасёлках – Валянціна і Віктар Данільчанка.

Ветэранам працы і тым, хто працягвае працаваць сёння ў гаспадарцы, перадалі ўзнагароды і падарункі аддзел культуры, ТЦСАН, Белпошта, ЦРБ, аддзел адукацыі, лясная гаспадарка, бібліятэчная сетка.

Прыгожую музычную праграму падчас правядзення ўрачыстай часткі забяспечыў калектыў мастацкай самадзейнасці Савіцкага Дома культуры.

Калі ўсе словы падзякі былі сказаныя, а падарункі ўручаныя, пачаліся танцы. Пад песні сталічнай зоркі ЗінаіДы Фурор скакалі і дарослыя, і дзеці. Вяскоўцы гулялі дацямна.

Дзень вёскі ў Навасёлках у чарговы раз пацвердзіў, што такія сустрэчы – гэта не проста свята, а магчымасць умацаваць сувязі паміж пакаленнямі, адчуць яднанне і гонар за сваю малую радзіму. Дзякуючы падтрымцы такіх людзей, як Міхаіл Супруновіч, і нястомнай працы арганізатараў, падобныя мерапрыемствы заўсёды становяцца яркімі, доўгачаканымі і запамінальнымі падзеямі ў жыцці вяскоўцаў.

Баннер Telegram канала