Суббота, 25 апреля, 2026

Радио

Этап абласнога фестывалю "Шануйце спадчыну сваю" прайшоў у Малааўцюкоўскай сярэдняй школе

Занальны этап абласнога фестывалю фальклорных калектываў "Шануйце спадчыну сваю" прайшоў у Малааўцюкоўскай сярэдняй школе. Ужо шмат гадоў гэты конкурс дапамагае захаваць традыцыйную мастацкую культуру рэгіёна і падтрымаць народную творчасць. Самабытныя элементы і нацыянальны каларыт, традыцыйныя касцюмы і інструменты, яркія дэкарацыі – трэба аддаць належнае, канкурсанты падышлі да выступленя з поўнай аддачай. Удзельнікі паказвалі свае таленты ў песеннай і харэаграфічнай творчасці, інструментальнай музыцы, ансамблевым выкананні, выступалі з народнай прозай, разыгрывалі дзіцячы фальклор і народныя абрады. Усяго ў гэты дзень на сцэну ўстановы адукацыі выйшлі юныя артысты з сямі раёнаў Гомельшчыны: Ельскага, Жыткавіцкага, Калінкавіцкага, Мазырскага, Нараўлянскага, Акцябрскага і Хойніцкага. Наш раён прадставілі калектывы Даманавіцкай і Малааўцюкоўскай школ, а таксама выхаванцы вакальнай студыі "Маэстра" цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Юныя аўцюкоўцы прадставілі свой фальклорны калектыў "Зараначка" і прадэманстравалі на суд журы абрад "Сватаўство па-аўцюкоўску", даманавіцкія школьнікі выступілі з танцам "Мітусь", а навучэнцы цэнтра творчасці паказалі гледачам абрад "Перанос свячы", які па сёняшні дзень існуе ў жыхароў вёскі Навінкі. Трэба сказаць, што сваім энтузіязмам, энергетыкай, шчырасцю і прыгажосцю маладыя выканаўцы змаглі данесці да ўсіх прысутных у зале закладзеныя ў народнай культуры душу і духоўнасць. Сваімі нумарамі яны ўпэўнілі ўсіх, што шануюць і захоўваюць традыцыі сваіх рэгіёнаў, паказалі, што зберажэнне нашай спадчыны — гэта не што іншае як выхаванне патрыёта і грамадзяніна сваёй Радзімы. Падвядзенне вынікаў фестываля-конкурсу запланавана на канец года.
Баннер Telegram канала