Воскресенье, 26 апреля, 2026

Радио

Імператрыца з фрэйлінамі і танцуючы мядзведзь. Жыхары Буды, Вішара і Смалянкі святкавалі Дзень вёскі

У суботу 3 жніўня на пляцоўцы каля сельскага клуба ў Будзе жыхары і ўраджэнцы вёсак Буда, Вішар і Смалянка сабраліся на Дзень вёскі. Удзельнікі свята цудоўна правялі час у нефармальнай абстаноўцы і павесяліліся ад душы.

За штодзённымі клопатамі і справамі вяскоўцам рэдка выпадае магчымасць сабрацца разам, па-сапраўднаму адчуць сябе землякамі. А тут такая нагода! На свята з’ехаліся госці і ўраджэнцы вёскі не толькі з розных куточкаў Беларусі, а і нават з Санкт-Пецярбурга і Масквы.

–Я штогод прыязджаю на малую радзіму ўлетку, – расказала ўраджэнка Буды, а зараз жыхарка расійскага Піцера, Ганна Гаркуша. – Свой адпачынак так разлічваю, каб абавязкова патрапіць на свята вёскі. У гэтым годзе дваццаць сяброў і родзічаў з сабой прывезла! Ірына Варажун, напрыклад, прыехала з Масквы. А Таццяна Хіхол жыве не так далёка, яна з Брагіна. Я вам вось што скажу: вёска жыве дзякуючы такім падзеям, і нашай Віорыцы.

Віорыка Яўсеенка – загадчыца сельскага клуба і памочніца старшыні сельвыканкама па вёсках Буда, Вішар і Смалянка. Яна ж – нязменны арганізатар свята вёскі.

Урачыстая цырымонія пачалася прывітальным словам старшыні Дудзіцкага сельвыканкама Алены Савіцкай, якая пажадала кожнаму жыхару дабрабыту і вялікага шчасця, падзякавала за дапамогу і ўзаемаразуменне.

Сёння ў Будзе пражывае каля 190 жыхароў. У Смалянцы – два дзясяткі чалавек, калі не лічыць некалькіх дзясяткаў дачнікаў. А жыхароў Вішара можна па пальцаў на адной рукі злічыць. Для вяскоўцаў у вядучых свята Вікторыі Змушка і Іны Бельскай з раённага Дома культуры знайшліся шчырыя цёплыя словы.

Асобных жыхароў вёсак адзначылі падзячнымі лістамі. Першай падзяку атрымала гаспадыня свята – памочніца старшыні сельвыканкама Віорыка Яўсеенка.

Пад апладысменты аднавяскоўцаў падарункі і кветкі выконваючы абавязкі дырэктара СУП “Дудзічы-Агра” Дзмітрый Раманцоў уручыў сямейным парам – Сяргею і Наталлі Чыжык, Сяргею і Алене Лаеўскім, стаж якіх у сельскай гаспадарцы складае больш за 20 гадоў.

Па традыцыі на свяце ўзгадалі старажылаў і самых маленькіх, а таксама юбіляраў. Падарунак ад сельвыканкама перадалі старэйшай жыхарцы Буды 90-гадовай Ніне Шарай. Уручылі падарунак і самай малодшай жыхарцы вёскі Паліне Савянковай, якая нарадзілася ў дзень Міра – 21 верасня.

Затым старшыня сельвыканкама Алена Савіцкая павіншавала і ўручыла падарункі першакласнікам – Дар’і Коршак і Захару Каваленку, якія ў гэтым годзе сядуць за парту ў Дудзіцкай школе.

Адзначылі на свяце і юбіляраў гэтага года – Андрэя Цурко, Алега Аўдзеенку, Тамару Пеўневу, Рыгора Лаеўскага, Уладзіміра Лаеўскага, Васіля Заранка і Ніну Шарай.

Пераняла цырымонію ўзнагароджання Віорыка Яўсеенка, якая ўручыла падарункі сваім памочнікам – Вячаславу Скрыпчанка, Юрыю Улінічу, Уладзіміру Сілічу, Андрэю Кірыянкову і Наталлі Змушка, якія заўсёды дапамагаюць ёй у добраўпарадкаванні вёскі і навядзенні парадку.

Цырымонію ўзнагароджання суправаджалі вакальныя нумары. У гэты дзень добры настрой удзельнікам свята дарылі вакальны ансамбль “Альва”, Марыя Грыгарыца, Іна Бельская, Вольга Вялікая, Дар’я Драган з РДК і Ала Ніканчук з Булавак. Увесь канцэрт гледачы і слушачы з задавальненнем апладзіравалі артыстам, а некаторыя не вытрымалі і пусціліся ў скокі.

І дзеці, і дарослыя спрабавалі свае шанцы ў бяспройгрышных латарэях, некаторыя выйгралі галоўныя прызы – пеўня і кроліка.

Недалёка ад латарэі размясцілася палявая кухня, дзе можна было пачаставацца наварыстай юшкай і шашлыкамі.

Нямала гледачоў сабрала і экспазіцыя ўдзельнікаў ваенна-гістарычнага клуба “Калінкавіцка-Мазырскі Пошук”.

На свята нават завітала імператрыца з фрэйлінамі, а з імі – вялізны белы танцуючы мядзведзь, якога адразу акружылі дзеці. Словам, паглядзець там было на што. Народ святкаваў і гуляў ад душы.

Пасля ўрачыстай часткі пачалася дыскатэка з конкурснай праграмай. А калі сцямнела, неба над Будай расквеціў святочны салют.

 


Баннер Telegram канала