Четверг, 23 апреля, 2026

Радио

Мора ўсмешак, вясёлы настрой, яркія эмоцыі

Свята вёскі, свята роднага і мілага кутка – менавіта такімі словамі дала старт святочнаму мерапрыемству, Дню вёскі Буда, вядучая, загадчыца мясцовага сельскага клуба Віёрыка Яўсеенка.
У кожнага з нас ёсць такі куток, пры адным успаміне пра які, раптам абрываецца нешта ў грудзях, усплываюць у памяці карцінкі з дзяцінства ці юнацтва. Вёска Буда для многіх – маленькая радзіма, месца, дзе ён ці яна нарадзіліся і выраслі.
Пачалі свята з душэўнага фільма пра вёску, які зняла і змантавала Віёрыка Сцяпанаўна.
– Жыхары нашай вёскі могуць па праву ганарыцца сваёй гісторыяй і дасягненнямі, верыць у будучыню, ствараць лепшае ўласнай працай. Хай жа ў гэтым мілым кутку зямлі заўсёды пануе мір і дабрабыт, згода і ўзаемадапамога, – адзначыла Віёрыка Яўсеенка.
Шмат цёплых слоў у адрас жыхароў вёскі сказала і старшыня Дудзіцкага сельсавета Алена Савіцкая:
– Дзень вёскі – адно з самых любімых святаў. Гэта свята ветэранаў, чыёй працай яна зменьвалася. Свята тых, хто і сёння памнажае яе славу. І, вядома ж, свята маладога пакалення, каму яшчэ толькі трэба будзе пераняць эстафету адказнасці за лёс сваёй малой радзімы.
У гэты цудоўны дзень было сказана шмат цёплых слоў, шчырых пажаданняў, успомнілі і адзначылі ўсіх жыхароў, хто мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, удзельнічае ў жыцці вёскі, а таксама тых, хто проста неабыякавы да лёсу населенага пункта. Менавіта яны атрымалі Падзякі з рук старшыні сельсавета.
Асаблівыя словы прагучалі ў адрас старажылаў, паважаных на сяле людзей Івана Ліхашапкі і Варвары Ісаевай.
Кожны гаспадар імкнецца, каб у яго доме быў парадак і ўтульнасць, а ў двары – чысціня і прыгажосць. Вось і ў Буде ёсць такія людзі. Двор Ганны Барысенкі вельмі прыгожы, асабліва летам. Але такім ён стаў не сам па сабе, а дзякуючы намаганням гаспадыні. Паглядзіш на сядзібу – вока не адвесці: усё стракаціць морам кветак. Стаіш і любуешся, не ў сілах ад захаплення знайсці словы. Праца Ганны Барысенкі была адзначана на Дне вёскі.
Якое свята без песень і танцаў? Добры настрой сельскім жыхарам і гасцям дарылі будскія артысты.

Асаблівай папулярнасцю карысталася экспазіцыя пошукаўцаў РАС ДТСААФ. Моладзь і дзеці, ды і дарослыя таксама, з задавальненнем фатаграфаваліся са зброяй і ў ваеннай форме.

Акрамя таго, на пляцоўцы каля мясцовага Дома культуры быў арганізаваны святочны гандаль. Усе жадаючыя маглі не толькі купіць марозіва ці салодкую вату, але і набыць розныя сувеніры.
Да арганізацыі ўрачыстасці падышлі з усёй адказнасцю, не забыўшыся ўлічыць прысутнасць на ім людзей розных узроставых катэгорый. І пакуль дзеці даследавалі гульнявыя пляцоўкі, дарослыя частаваліся юшкай і шашлыком.

У гэты летні, цёплы, святочны вечар гуляла ўся вёска. Мора ўсмешак, вясёлы настрой, яркія эмоцыі, танцы, песні – свята сапраўды атрымалася.
Вось такія святочныя дні мернага сельскага жыцця ўразаюцца ў памяць і надоўга застаюцца ва ўспамінах. Выдатна, што яны бываюць у гісторыі невялікай вёсачкі!

Баннер Telegram канала