Четверг, 23 апреля, 2026

Радио

На базе Малааўцюкоўскай СШ прайшоў занальны этап абласнога конкурса маладзёжных фальклорных калектываў “Шануйце спадчыну сваю”

На базе Малааўцюкоўскай СШ прайшоў занальны этап абласнога конкурса маладзёжных фальклорных калектываў “Шануйце спадчыну сваю”
З мэтай падтрымаць народную творчасць і захаваць рэгіянальную традыцыйную мастацкую культуру на Гомельшчыне ўжо больш як за два дзясяткі гадоў праходзіць абласны конкурс маладзёжных фальклорных калектываў “Шануйце спадчыну сваю”. Яго занальны этап сабраў на базе Малааўцюкоўскай СШ удзельнікаў з Калінкавіцкага, Мазырскага, Брагінскага, Лельчыцкага, Жыткавіцкага, Хойніцкага, Ельскага і Акцябрскага раёнаў. Наш раён прадстаўляў калектыў “Зараначка”, у складзе якога – старшакласнікі Малааўцюкоўскай СШ. Да конкурсу іх падрыхтавала дырэктар установы адукацыі Алена Жыгар. Рабяты выйшлі на сцэну з вясёлай пастаноўкай “Аўцюкоўскі кірмаш”. Самабытная гаворка і жарты, народныя касцюмы і адпаведныя дэкарацыі надалі выступленню своесаблівы мясцовы каларыт. Яскравыя нумары падрыхтавалі і ўдзельнікі з іншых раёнаў. Гледзячы на юных артыстаў, што ўдала ўжыліся ў свае ролі, члены журы адзначылі: “Існуе стэрэатып, што фальклор – гэта мастацтва нашых бабуль. Але канкурсанты даказваюць адваротнае. Кранае кожнае выступленне. Сваім запалам і энергетыкай, шчырасцю і прыгажосцю маладыя выканаўцы даносяць да гледача закладзеныя ў народнай культуры душу і духоўнасць”. Падвядзенне вынікаў конкурсу запланавана на канец года. Лера ЛАПКО.
Баннер Telegram канала