Среда, 22 апреля, 2026

Радио

Паліна Лапацік і Любоў Зайцава – дыпламанты XI рэгіянальнага  фестываля “Грай, гармонік!”

Паліна Лапацік і Любоў Зайцава – дыпламанты XI рэгіянальнага  фестываля “Грай, гармонік!”
гар4 Сёння, бадай, ніхто  дакладна не скажа, хто з’яўляецца аўтарам гармоніка. Існуе меркаванне, што ён упершыню выраблены ў Германіі. Па другой версіі, – гэта  вынаходніцтва рускіх майстроў. Па трэцяй, – з другой паловы XIX стагоддзя гармонік лічыцца народным інструментам татар. Але, як бы там не было, а гармонік сапраўды незвычайны музычны інструмент, які набыў у народзе вялікую папулярнасць.  У канцы лета 1941 года, напрыклад, для ўзняцця баявога духу чырвонаармейцаў на фронт было накіравана 12 тыс. гармонікаў, а ўжо восенню таго ж года адпаведна Дырэктывы Наркамата Абароны больш 60 тыс. У гонар гэтага славутага інструмента на Ельшчыне  ў 1995 годзе заснавалі фестываль “Грай, гармонік!”, які з 2000 года атрымаў статус рэгіянальнага, і з цягам часу стаў сапраўдным музычным брэндам Ельскага раёна. Вось і 14 жніўня ў Ельску у чарговы раз адбыўся XI рэгіянальны  фестываль “Грай, гармонік!” У ранейшыя гады на гэты фестываль, які кожны раз набываў  усё большую маштабнасць, прыязджалі госці з суседніх краін – Расіі ды Украіны. Сёлета з-за  пандэміі каронавіруса фестываль адбыўся без удзелу замежных делегацый. Ды нягледзячы на гэта, шэсце, з якога традыцыйна пачыналася свята, атрымалася масавым і яркім. Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося ў гарадскім скверы на летняй эстрадзе. Адкрыў яго прывітальным словам  да гасцей і ўдзельнікаў старшыня Ельскага райвыканкама Віктар Замосцік, які спачатку павіншаваў усіх з Мядовым Спасам, а затым пажадаў прыемнага адпачынку і заслужаных перамог. Непасрэдны ўдзел у конкурснай праграме прынялі больш 250 чалавек, у тым ліку і прадстаўнікі Калінкавіцкага раёна. Асноўным патрабаванннем для усіх выступоўцаў было адно – толькі жывы гук, ніякай фонаграмы. Забягаючы наперад, скажам, што прадстаўнікі нашага раёна бліскуча выступілі на гэтым фестывалі. гар1 гар3 Выступленні  культарганізатара Бярозаўскага сельскага Дома культуры Паліны Лапацік і самадзейнай артысткі Вялікааўцюкоўскага клуба Любові Зайцавай  удастоены спецыяльных Дыпломаў фестывалю за высокае выканаўчае майстэрства, захаванне і папулярызацыю народнай культуры. Дыпломам фестывалю адзначаны і Калінкавіцкі падворак. Традыцыйна на фестывалі прысутнічала мноства рамеснікаў з розных куткоў Гомельшчыны. Шумелі і частавалі гасцей і ўдзельнікаў фестывалю гандлёвыя рады, у ліку якіх быў і Калінкавіцкі мясакамбінат. Вялікае раздолле для гульняў і розных забаў на свяце было адведзена і юным ельчукам, для асалоды якіх працаваў дзіцячы гарадок. Як расказалі мне самі ельчукі, яны любяць і з нецярпеннем штогод чакаюць свой фестываль, бо «Грай, гармонік!” ператвараецца  са звычайнага музычнага свята ў сапраўднае свята горада, якое вядзе рэй адразу ж на некалькіх пляцоўках адначасова. Пераможцай XI рэгіянальнага  фестывалю “Грай, гармонік!” стаў творчы калектыў з Веткі. Святлана НАДЗЕЖДІНА.
Баннер Telegram канала