Сэрцу мілая старонка. Дзень вёскі адсвяткавалі ў Зеляночах




















































Канец верасня для вяскоўцаў – час заканчэння збору ўраджаю. Пакуль стаіць добрае надвор’е, трэба паспець сабраць з палёў і садоў шматлікія дары зямелькі-маці, назапасіць і захаваць іх на зіму. Але ж часам трэба і адпачываць: усю работу за адзін дзень усё роўна не пераробіш.
Такім днём адпачынку для жыхароў вёскі Зеляночы, а таксама суседніх з ёю Блажкоў і Убалаці стала апошняя субота верасня. На пляцоўцы каля Зеляночскага сельскага Дома культуры адбылося народнае гулянне “Сэрцу мілая старонка”, прысвечанае святу адразу трох вёсак.
Каля святочнай сцэны былі разгорнуты выставы народных рамёстваў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, працавалі гандлёвыя кропкі з прысмакамі, ласункамі, цацкамі і рознымі прыемнымі дробязямі для дзяцей.
З надвор’ем вяскоўцам пашанцавала: дожджык вырашыў паліць іх агароды толькі ўвечары, а вось удзень, калі праходзіла свята, ярка свяціла цёплае сонейка, часам было нават спякотна.
На Дзень вёскі сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, іх дзеці і ўнукі, але завіталі і ганаровыя госці – старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Красюк, лідар раённай арганізацыі ветэранаў Мікалай Буцэнка. Сваю выставу прывезлі і ўдзельнікі ваенна-гістарычнага клуба “Калінкавіцка-Мазырскі Пошук” і грамадскага аб’яднання “Будзем помніць”.
Па традыцыі прывітальным словам адкрыў свята старшыня сельвыканкама Анатоль Палазнік, які пажадаў усім вяскоўцам дабрабыту і моцнага здароўя.
Юрый Красюк, у сваю чаргу, назваў вёску адной вялікай дружнай сям’ёй, у якой агульныя мэты і клопаты, выказаў удзячнасць вяскоўцам за іх працу і пажадаў, каб у гэтай вялікай, працавітай сям’і заўсёды жылі шчасце, мір і павага адзін да аднаго.
Потым пачалася цырымонія ўзнагароджвання. Падзячныя лісты райсавета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці сельсавета з рук Юрыя Красюка атрымалі Галіна Піліпейка, Таццяна Спірыдонава, Ганна Кулага, Алена Салук, Сяргей і Алена Якаўлевы, Васіль Ціхіня, Леанід Чарнякоў, Жанна Салук, Таццяна Процка.
Падзячныя лісты сельсавета і падарункі прымалі сацыяльныя работнікі, якія штодзень клапоцяцца пра сталых вяскоўцаў – Наталля Змушка, Жанна Скробат, Ірына Малянок і настаўнік Зеляночскай базавай школы Віктар Змушка.
Асобным блокам святочнай праграмы стала віншаванне вяскоўцаў, якія ў гэтым годзе адзначаюць юбілейныя даты ад 50 да 85 гадоў, як, напрыклад, Зінаіда Струкава.
Персанальна павіншавалі доўгажыхарку вёскі Зеляночы Кацярыну Баян, якой хутка споўніцца 96 гадоў. На жаль, на свяце не змаглі прысутнічаць доўгажыхаркі з Убалаці – 100-гадовая Яўгенія Садоўская і 95-гадовая Ганна Салук.
У ліку старэйшых жыхароў вёскі Зеляночы вядучыя таксама назвалі Яўгена Ціхіню, Уладзіміра Процка, Яўгенію Процка, Лідзію Мельнічэнка, Таісію Салук.
А потым прыйшла чарга маленькіх вяскоўцаў. Героямі свята сталі першакласнікі, павіншаваць якіх і ўручыць падарункі выйшла вялізная раставая лялька-зайка. Сюрпрыз атрымаўся: дзеткі былі ў захапленні.
Пад апладысменты аднавяскоўцаў на сцэну запрасілі сямейную пару Процка, якая ўлетку адзначыла 65 гадоў сумеснага жыцця. Уладзімір Сямёнавіч і Яўгенія Філіпаўна выхавалі трох сыноў, дачакаліся 6 унукаў і 2 праўнукаў.
Па добрай традыцыі аб’явілі на свяце і гаспадароў лепшых падворкаў. У гэтым годзе пераможцамі конкурсу сталі Ірына Далба і сямейная пара Уладзіміра і Валянціны Чэкулаевых. Ім старшыня сельвыканкама ўручыў шыльдачкі “Лепшы падворак” і памятныя падарункі.
Цудоўныя музычныя віншаванні ўсім удзельнікам свята падрыхтавалі калектывы мастацкай самадзейнасці Зеляночскага і Залатушскага СДК. На працягу ўсёй праграмы ўдзельнікі свята з задавальненнем пляскалі ім ў далоні і падпявалі.
Пасля ўрачыстай часткі свята працягнуў канцэрт артыстаў з Залатухі. Потым была яшчэ і дыскатэка. А ў 20 гадзін вечара неба над Зеляночамі асвяціў святочны салют.