Суббота, 2 мая, 2026

Радио

Свята, якое аб’ядноўвае: жыхары Залатухі адзначылі Дзень вёскі

У мінулую суботу жыхары вёскі Залатуха сабраліся разам на свята сваёй малой радзімы. У паветры віталі водары салодкай ваты, папкорна і шашлыкоў. На святочнай пляцоўцы былі аформлены выставы вырабаў народных майстроў, Залатушскай школы, сям’і Герашчанка. Сцэну ўпрыгожылі жывымі кветкамі і зелянінай. Усе гэтыя сімвалы свята стваралі добры настрой. Як і песні, што гучалі са святочнай сцэны ў выкананні артыстаў Залатушскага і Зеляноцкага СДК.

Павіншаваць жыхароў і гасцей вёскі, пажадаць ім добрага здароўя, дабрабыту і поспехаў, на свята завітаў старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Красюк. З цёплымі словамі да вяскоўцаў звярнулася і старшыня Чкалаўскага сельвыканкама Ларыса Брэль.

Перад урачыстай часткай жыхары і госці вёскі, прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання сабраліся каля брацкай магілы і хвілінай маўчання памянулі землякоў, якія загінулі у гады Вялікай Айчыннай вайны. Ветэран педагагічнай працы, гісторык-краявед Паўліна Дзяціна расказала, што 160 жыхароў Залатухі не вярнуліся з вайны, 59 землякоў вярнуліся пераможцамі. У 1966 годзе залатушцы ўстанавілі ў цэнтры вёскі абеліск у гонар загінуўчых на франтах Вялікай Айчынный вайны аднавяскоўцаў. Пошукавікі пярвічнай арганізацыі ДТСААФ, якіх вяскоўцы запрасілі на свята, далі трохразовы ружэйны залп у гонар загінуўшых. Да абеліска ўсклалі жывыя кветкі.

Святочная частка пачалася з цырымоніі ўзнагароджання жыхароў вёскі ў розных намінацыях. І распачаў яе старшыня райсавета дэпутатаў. Юрый Красюк выканаў пачэсную місію – уручыў Падзячныя лісты райсавета дэпутатаў старшыні Чкалаўскага сельвыканкама Ларысе Брэль, загадчыку Залатушскага СДК Ганне Сохар, культарганізатару СДК Эдуарду Кавальчуку, выконваючай абавязкі дырэктара філіяла АСП “Залатая Дуброва” Алене Лаўшук, загадчыку Залатушскага дзіцячага сада Наталлі Пінчук.

Падзячныя лісты Чкалаўскага сельвыканкама атрымалі бібліятэкар Надзея Жура, памошнік старшыні сельвыканкама Людміла Борсук, рабочы Пётр Старушэнка, прыбіральшчыца Залатушскага СДК Тамара Белая, санітарка Залатушскага ФАПа Людміла Шульга, а таксама актывісты вёскі Дзмітрый Брэль і Любоў Канцавая.

На свяце павіншавалі старэйшых жыхароў Залатухі – 93-гадовую Яўгенію Брэль і 92-гадовую Марыю Сівак, а таксама самых малодшых жыхароў – маленькіх залатушцаў Яўгенію і Мірона, што нарадзіліся за апошні год.

На мерапрыемстве прагучала шмат цёплых і шчырых слоў у адрас тых жыхароў, хто шмат гадоў аддаў плённай працы ў калгасе “Залатая Дуброва”, а сёння знаходзіцца на заслужаным адпачынку – Яўгеніі Брэль, Варвары Кавальчук, Тамары Жук, Міхаіла Лаўшука, Любові Сохар, Віктара Сівака, Аляксандра Брэля, Людмілы Борсук, Валянціны Каленікавай, Кацярыны Барысавай, Лідзіі Брэль, Тамары Белай, Марыі Будавай, Марыі Брэль.

Асобна на свяце ўшанавалі тых, хто сёння носіць пачэснае званне хлебароба – Канстанціна Захаранку, Сяргея Рыбака, Івана Жука, Мікалая Брэля, Аляксандра Брэля, Аляксандра Дзейкуна, Сяргея Попчанку.

Знайшліся добрыя словы і для даярак, і для жывёлаводаў, якія штодзённа ўпрыгожваюць родную зямлю руплівай самаадданай працай. Гэта Ганна Худзенка, Алена Рыбак, Ірына Алісейка, Святлана Рыбак, Анастасія Кузьміна, Наталля Брэль, Ларыса Герашчанка, Віктар Скуіньш, Руслан Скуіньш, Дзмітрый Барысаў.

Павіншавалі на свяце настаўнікаў і ветэранаў педагагічнай працы, будучых першакласнікаў, якіх у Залатусе ў будучым навучальным годзе будзе чатыры, юбіляраў, медыцынскіх і сацыяльных работнікаў, працаўнікоў дзіцячага садка, пошты і гандлю, маладых аднавяскоўцаў, якія сёння праходзяць тэрміновую службу ва Ўзброенных Сілах Рэспублікі Беларусь, а іх бацькам выказалі словы падзякі за выхаванне сыноў.

Праз пекла Афганскай вайны прайшлі шэсць жыхароў Залатухі. Усе яны з годнасцю выканалі свой воінскі абавязак, праявілі мужнасць і гераізм. Для віншавання землякоў на сцэну запрасілі воіна-інтэрнацыяналіста Міхаіла Дзейкуна, які прыехаў на свята роднай вёскі з расійскагаЧалябінску.

Гэты год Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб’яўлены Годам добраупарадкавання і навядзення парадку на зямлі. І сапраўды, не было б на зямлі чысціні і прыгажосці, каб не чалавечыя рукі. Заўсёды ўтульна і прыгожа на падворках маладой мнагадзетнай сям’і Сяргея і Ганны Герашчанка, а таксама Надзеі Жура, там квітнеюць клумбы і радуюць вочы малыя архітэктурныя формы. Гэтыя гаспадары і сталі пераможцамі конкурса “Лепшы падворак”.

На свяце прагучала шмат добрых слоў і цудоўных песень. Для дзетак працавалі атракцыёны і гандлёвыя кропкі з цацкамі. Пошукавікі арганізавалі выставу ваеннай амуніцыі, якая зацікавіла гасцей усіх узростаў без выключэння, а таксама частавалі ўдзельнікаў свята салдацкай кашай.

Ну а вечарам, калі пачало змяркацца, неба над Залатухай асвяціў прыгожы святочны салют – падарунак землякам ад Міхаіла Брэля.

Свята вёскі Залатуха стала сапраўдным прызнаннем у любові да месца, дзе яго ўдзельнікі нарадзіліся і выраслі, да людзей, якія заўсёды побач. Кожны адчуў сябе часткай вялікай і дружнай сям’і.

Баннер Telegram канала