Святая, як хлеб, вёсачка мая. Жыхары Кротава адзначылі Дзень вёскі





“Тут асаблівае паветра самы смачны хлеб. Тут пахне сенам і травой. Тут людзі добрыя жывуць і вельмі ветлівыя. Жанчыны тут самыя лепшыя. У гэтых краях жыве прыгажосць, няма мітусні, клопатаў гарадскіх, усё ідзе сваёй чаргой. Тут жыве працавіты народ. Тут дабро ў кожнай хаце жыве!” – такімі словамі распачала ўрачыстую частку Дня вёскі Кротаў, які сабраў мясцовых жыхароў і гасцей вёскі ў перадапошнюю жнівеньскую суботу, вядучая мерапрыемства Валянціна Лаўда.
На свяце ўшаноўвалі старажылаў і самых маленькіх жыхароў, юбіляраў, гаспадароў лепшых падворкаў, шматдзетных бацькоў.
Адкрываючы святочную праграму старшыня Капліцкага сельвыканкама Генадзь Кавальчук выказаў словы падзякі ўсім, хто знайшоў час і магчымасць прыехаць на сваю малую радзіму. “Родная зямля дае нам сілы, зараджае энергіяй, дапамагае справіцца з жыццёвымі цяжкасцямі і перашкодамі”, – адзначыў ён.
Сёлета наша краіна адзначае 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Многія жыхары тады яшчэ шматлюднага Кротава пайшлі на фронт альбо ў партызанскія атрады. У тыле засталіся жанчыны і дзеці. Яны аралі, сеялі і чакалі родных, з надзеяй і страхам паглядалі на паштальёна. Многія жыхары Кротава не вярнуліся з той страшнай вайны, але іх імёны і успаміны пра іх навекі жывыя. Памяць загінуўшых воінаў ушанавалі хвілінай маўчання.
Свята прадоўжылася віншаваннем доўгажыхароў. Падарункі з рук старшыні сельвыканкама атрымалі Яўгенія Стрэльчанка, Ганна Стрэльчанка, Вольга Цімохава, Вольга Смякалава, Марыя Цімохава. Тым, хто з-за ўзросту не змог прыйсці на ўрачыстасць, падарункі перадалі праз сваякоў.
Самы маленькі жыхар Кротава на сённяшні дзень – Максім Гарай, якому споўніўся адзін гадок. Для яго сельвыканкам таксама падрыхтаваў падарунак.
А затым віншавалі юбіляраў, у тым ліку пары, якія адзначылі юбілеі сумеснага жыцця, і шматдзетныя сем’і.
Асобных слоў падзякі заслужылі сапраўдныя патрыёткі, актывісткі, неабыякавыя да лёсу сваёй малой радзімы – памочнік старшыні сельсавета па вёсцы Кротаў Надзея Стрэльчанка і мясцовая жыхарка Галіна Шынкарчук, якая таксама была адзначана ў намінацыі “Лепшы падворак”.
Не засталіся ўбаку аддзел адукацыі і РУПС “Белпошта”, якія вырашылі павіншаваць сваіх ветэранаў працы і перадалі падарункі для Паліны Стрэльчанка і Наталлі Манько.
Былі на свяце і цудоўныя музычныя падарункі ад удзельніц калектыву мастацкай самадзейнасці Шыіцкага СДК. Шмат цудоўных песень прагучала на Дні вёскі ў іх выкананні.
Усе удзельнікі свята маглі не толькі падпяваць артыстам і танцаваць, але і пачаставацца кашай, юшкай, шашлыкамі. А спонсарамі Дня вёскі выступілі ўраджэнцы Кротава Андрэй Макушынскі і Ігар Стрэльчанка, які сёння жыве ў Мінску.
У той жнівеньскі дзень святы таксама прайшлі ў Даманавічах, Азарычах, Каплічах. Не часта яны ладзяцца ў вёсках, бо вясковыя жыхары больш прывыклі да працы, чым да гулянняў. Але, калі такая хвіліна выпадае, то адпачываюць шчыра і весела.