Тут жыве працавіты народ. Тут дабро ў кожнай хаце жыве. Навасёлкі адзначылі Дзень вёскі























У кожнай вёсцы існуюць свае непаўторныя традыцыі. У жыхароў Старых і Новых Навасёлак такая традыцыя – штогод збірацца на Дзень вёскі, якая замацавалася і набыла размах, дзякуючы знакамітаму ўраджэнцу Новых Навасёлак Міхаілу Супруновічу, старшыні Савета дырэктараў холдынгу “БелГАЗаўтасервіс”, афіцыйнага дылеру гандлёвай маркі ГАЗ у Беларусі.
Міхаіл Андрэевіч шмат чаго зрабіў для сваёй малой радзімы – усталяваў помнік землякам – удзельнікам і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, а таксама тым, хто не вярнуўся дадому з франтоў; арганізаваў пасадку Сквера землякоў каля помніка, а таксама выдаў некалькі кніг, прысвечаных сваёй малой радзіме і яе працавітым жыхарам.
З усіх вёсак нашага раёна, мабыць, толькі жыхары Навасёлак могуць пахваліцца, што амаль штогод да іх на свята прыязджае сталічны артыст Сяргей Славянскі, з якім ужо знаёмы кожны вясковец.
Завітаў Сяргей Славянскі ў Навасёлкі і ў гэтым годзе. Сёлета на сустрэчы землякоў было і шмат іншых прыемных сюрпрызаў. Але лепш раскажам аб усім па парадку.
Адкрыццё і ўрачыстая частка свята былі прызначаны на 15.00 гадзін дня, але пляцоўка перад Навасёлкаўскім сельскім клубам-бібліятэкай ажыла значна раней.
Традыцыйна свята вёскі пачалося з прывітальнага слова старшыні Капліцкага сельвыканкама Генадзя Кавальчука:
– У кожнага чалавека ёсць свая малая радзіма, месца, дзе ён нарадзіўся і правёў дзяцінства. І яго забыць немагчыма. Для вас, дарагія землякі, гэта вёскі Старыя і Новыя Навасёлкі, дзе жывуць людзі, якія ўмеюць працаваць і тварыць. Менавіта яны – галоўнае багацце нашай роднай зямлі, яны пішуць яе гісторыю, праслаўляюць яе і ўпрыгожваюць дзеля нашага мірнага неба і дабрабыту.
Генадзь Віктаравіч адзначыў, што для вяскоўцаў сустрэча землякоў – цудоўная магчымасць пабачыцца, і выказаў шчырыя словы падзякі загадчыку сельскага клуба-бібліятэкі Наталлі Раманішка за вялікую работу, праведзеную па арганізацыі свята, а таксама спонсару свята, ганароваму земляку, жыхару Новых Навасёлак Міхаілу Супруновічу. Старшыня сельвыканкама выказаў упэўненасць у тым, што пакуль людзі вось так збіраюцца разам – вёска будзе жыць.
Урачыстая частка мерапрыемства працягнулася віншаваннямі. У адрас вяскоўцаў было сказана шмат цёплых слоў падзякі за іх спагадлівасць, дабрыню, працавітасць і душэўную цеплыню.
Сёлета асаблівую ўвагу на свяце надалі працаўнікам галоўнай галіны эканомікі – сельскай гаспадаркі. Ветэранаў труда аграпрамысловага комплексу адзначылі каштоўнымі падарункамі. Пад апладысменты аднавяскоўцаў на святочную сцэну запрасілі трактарыстаў Пятра Раманішку, Мікалая Шынкарэнку, Рыгора Савіцкага; вадзіцеляў Леаніда Зайцава, Валерыя Вараб’я, Аляксея Шэлега, Мікалая Шынкарэнку, Уладзіміра Радзько; паляводаў Людмілу Супруновіч, Анастасію Шынкарэнка, Наталлю Дземідовіч, Ніну Пархоменка; даярак, жывёлаводаў і цялятніц Вольгу Лапушка, Наталлю Пінчук, Таццяну Салаўянчык, Вольгу Лаўда, Наталлю Пайграй, Ганну Папок, Валянціну Сцепановіч, Ганну Радзько, Зінаіду Камыш, Вольгу Лашук, Любоў Шынкарэнка, Любоў Савіцкую, Яўгенію Кундас, Мікалая Лашука, Анатоля Дземідзенка, Яўгенію Кундас, Васіля Лапушку, Вольгу Данільчанка, Яўгенію Лашук, Міхаіла Лаўду, Вольгу Макушынскую, Уладзіміра Раманішку, Івана Камыша і Мікалая Пінчука.
Вядучая святочнай праграмы Віялета Бельская не скупілася на цёплыя словы – яны знайшліся для кожнага, хто падымаўся на сцэну.
З пажаданнямі дабрабыту, міра і моцнага здароўя да вяскоўцаў звярнулася госця мерапрыемства, ураджэнка вёскі, а сёння намеснік старшыні Мазырскага райвыканкама Алена Каленік (Білас), якая кожны год прыязджае на свята роднай вёскі і не з пустымі рукамі, а з карыснымі падарункамі для яе маленькіх жыхароў.
Выбралі на свяце і гаспадароў лепшых падворкаў. У гэтым годзе пераможцамі конкурсу і ўладальнікамі шыльды “Лепшы падворак” у Старых Навасёлках сталі Валерый і Галіна Варабей, а ў Новых Навасёлках – вадзіцель школьнага аўтобуса Пётр Дземідовіч.
Прыгожую музычную праграму падчас правядзення ўрачыстай часткі забяспечыў калектыў мастацкай самадзейнасці Капліцкага Дома культуры.
Непадалёку ад сцэны размясцілася пляцоўка ваенна-патрыятычнага клуба “Калінкавіцка-Мазырскі Пошук”, удзельнікі якога прапанавалі вяскоўцам і гасцям свята пазнаёміцца з іх экспазіцыяй.
Дарэчы, трэба адзначыць, што разам з клубам “Пошук” на свята ў Навасёлкі прыбылі госці з Калінінграда – сям’я Заранок, якія з’яўляюцца нашчадкамі перасяленцаў з Вялікіх Аўцюкоў. Яны прыехалі на малую радзіму сваіх продкаў, а заадно вырашылі пазнаёміцца з культурай і традыцыямі нашага раёна і з радасцю прынялі запрашэнне пашукавікоў.
На свяце рацавала тэматычная пляцоўка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, а таксама дзіцячыя атракцыёны і гандлёвая кропка кафэ “Алые паруса”.
Цудоўным падарункам дзецям ад спонсара стала гульнявая праграма “Холлі” з рознакаляровымі фарбамі ад Zebra loft.
Калі ўсе словы падзякі былі сказаны, а падарункі ўручаны, пачаліся танцы. У госці да навасёлкаўцаў завітаў добра знаёмы ім сталічны артыст Сяргей Славянскі. Скакалі і дарослыя, і дзеці, народ весяліўся ад душы. Песні і смех было чуваць далёка за межамі вёскі. Вяскоўцы гулялі дацямна.
Таццяна КАПІТАН.