Четверг, 23 апреля, 2026

Радио

З любоўю да людзей і роднай зямлі. Даманавічы адсвяткавалі дзень вёскі

У мінулую суботу марафон святкавання дзён вёсак, які традыцыйна стартаваў у сярэдзіне лета, дабраўся і да аграгарадка Даманавічы. «З любоўю да людзей і да роднай зямлі», – пад такой назвай прайшло у аграгарадку свята малой радзімы.

На галоўнай вуліцы, дзе размясціліся выставы дэкаратыўна-прыкладных вырабаў народных умельцаў, гандлёвыя кропкі і мінікафэ з пачастункамі, а таксама на пляцоўцы перад Домам культуры, дзе непасрэдна праходзіла свята, «яблыку не было, дзе ўпасці». На дзень вёскі прыйшлі не толькі мясцовыя жыхары: паз’язджаліся з розных гарадоў дзеці і ўнукі вяскоўцаў, прыехалі родзічы і сябры. Былі заўважаны ў Даманавічах і жыхары райцэнтра: кажуць, даведаліся, што тут будзе вельмі цікава і прыехалі паглядзець, канцэрты паслухаць.

Вялікай папулярнасцю сярод удзельнікаў свята карысталася выставаМузей у чамадане” і амуніцыя хімабароны, якія на сваёй тэматычнай пляцоўцы выставілі калінкавіцкія пошукавікі.

Традыцыйна свята вёскі пачалося з ўрачыстай часткі. З прывітальным словам да землякоў звярнулася старшыня сельвыканкама Лілія Ражкова, якая выказала ўдзячнасць жыхарам, якія сваёй працай і талентамі праслаўляюць родны край, пажадала ўсім дабрабыту, доўгіх гадоў жыцця, моцнага здароўя, утульнасці і пяшчоты дома, бязвоблачнага і чыстага неба, міру на роднай зямлі.

У год 80-годдзя Вялікай Перамогі ўзгадалі тых, хто падараваў нашчадкам мірнае неба над галавой. На жаль, на тэрыторыі Даманавіцкага сельсавета ў жывых не засталося ніводнага ветэрана вайны, але памяць пра іх будзе жыць у сэрцах землякоў вечна.

Жудасныя старонкі ваеннай гісторыі звязаны і з генацыдам беларускага народа. Многіх жыхароў сельсавета гвалтоўна адправілі ў Азарыцкі лагер смерці. Мы можам толькі здагадвацца пра тыя жахі, якія ім давялося перажыць у няволі. Сёння некаторыя з былых вязняў – Еўдакія Новік, Ганна Літошык, Марыя Гарбун – жывуць у аграгарадку, і яны – жывы напамін пра стойкасць чалавечага духу, пра тое, чаго ніколі не павінна паўтарыцца.

І сёння трывожыць сэрцы людзей рэха афганскай вайны. У Даманавічах таксама ёсць воіны, якія з гонарам выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак. Гэта Міхаіл Башак, Аляксандр Зайцаў, Анатолій Анучкін, Алег Лаўда, Мікалай Лабанок, Сяргей Мятлушка.

Памятнымі падарункамі на свяце адзначылі самых маленькіх жыхароў аграгарадка, дзетак, якія ў гэтым годзе пойдуць у першы клас, а таксама юных таленавітых ўдзельніц харэаграфічнага ансамбля “Верасок”.

Павіншавалі сямейныя пары, якія сёлета адзначылі залатое вяселле – Вольгу і Мікалая Дулубаў, Кацярыну і Аляксандра Такарскіх.

Па традыцыі не забыліся на свяце і пра юбіляраў, якім споўнілася ад 55 гадоў да 90, як напрыклад, Мікалаю Лук’янаву. Узгадалі доўгажыхароў – Анэлю Нікіціну (98 гадоў), Матрону Войтаву (93 года) і Анастасію Тозік (90 гадоў).

На свяце вёскі з гонарам зачыталі імёны юнакоў, якія сёння нясуць воінскую службу, абараняючы нашу Радзіму. Гэта Ягор Сцепанееў, Аляксандр Конеў, Аляксандр Сакалоў, Кірыл Ачакоўскі, Дзяніс Далба, Васіль Брэзіцкі і Раман Грышан. Апошні з іх, дарэчы, прысутнічаў на свяце. Раман праходзіць службу ў 120-й асобнай механізаванай брыгадзе. Падзячны ліст за добрасумленную службу, падпісаны камандзірам батальёна, са сцэны зачытала старшыня сельвыканкама Лілія Ражкова.

Падзячным лістом райсавета дэпутатаў за добрасумленную і шматгадовую працу, актыўную грамадзянскую пазіцыю пад апладысменты аднавяскоўцаў узнагародзілі загадчыка Халодніцкага сельскага клуба-бібліятэкі Ніну Гвоздзь, намесніка дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Надзею Грышан і настаўніка школы мастацтваў Таццяну Паддубную.

Адзначылі падарункамі і гаспадароў лепшых падворкаў – Таццяну і Мікалая Міронавых з аграгарадка Даманавічы, Наталлю і Аляксандра Івановых з вёскі Халоднікі, Ларысу і Мікалая Сцепанеевых з вёскі Авангард.

Вялізную падзяку вядучыя выказалі спонсарам свята – Сяргею і Ніне Абрамавым, Аляксандру Башаку і Віталію Башаку.

На працягу ўсёй урачыстай цырымоніі музычнымі нумарамі вяскоўцаў радавалі Марыя Грыгарыца, калектывы мастацкай самадзейнасці Дудзіцкага і Даманавіцкага сельскіх дамоў культуры, юныя таленты з Даманавіцкай школы, якія займаюцца ў харэаграфічным ансамблі пад кіраўніцтвам Таццяны Паддубнай, а таксама кавер-група “Крэда” з Мазыра.

Было чым заняцца на свяце і самым маленькім: прыехалі атракцыёны і батуты, гандлёвыя палаткі з цацкамі.

Прыемным сюрпрызам для ўсіх удзельнікаў дня вёскі стала відовішчнае вогненнае шоу. А калі сцямнела, неба над Даманавічамі яркімі фарбамі расквеціў каляровы салют у гонар малой радзімы і ўсіх яе жыхароў.

Баннер Telegram канала