Среда, 22 апреля, 2026

Радио

Старэйшая жнейка Старых Навасёлак Ніна Пархоменка

Старэйшая жнейка Старых Навасёлак Ніна Пархоменка
У красавіку Ніна Пархоменка, старэйшая жыхарка вёскі Старыя Навасёлкі, сустрэла сваю дзевяноста другую вясну. Нягледзячы на паважаны ўзрост, Ніна Данілаўна яшчэ сама завіхаецца па хаце, сажае і ходзіць палоць агарод, на градах у яе не знойдзеш ні травінкі. А 16 ліпеня жанчына самастойна завітала на свята вёскі, куды яе запрасілі як старэйшую жыхарку населенага пункта. На пытанне ад гарадскіх культработнікаў, якія прыехалі на свята, што ж трэба рабіць, каб пражыць столькі гадоў і захаваць ясны розум і запас бадзёрасці, Ніна Данілаўна ўсміхнулася і адказала: – Не ленавацца, дзеткі, не журыцца, а рабіць і працаваць. Жыццё жанчыны не было ўсыпана кветкамі. Давялося ёй адчуць на сабе і холад, і голад. Асабліва, калі ў вёску прыйшлі немцы. Хаваліся ад іх у лесе. Яшчэ дзяўчынкай яна пайшла на працу ў саўгас. Там для ўсіх хапала работы – і старым, і малым. Жанчыны і дзяўчаты вывозілі ўгнаенне, раскідвалі яго па палях, нарыхтоўвалі корм для жывёлы, касілі, палолі, жалі ўручную сярпамі, грэблі сена і складвалі яго ў стагі. Мужчын пасля вайны ў вёсцы было мала. Таму жанчыны не цураліся аніякай работы. Да самай пенсіі Ніна Данілаўна працавала ў паляводчай брыгадзе. З мужам Уладзімірам Пархоменка, які быў у саўгасе будаўніком, нарадзілі і выгадавалі дваіх сыноў і дачку. Пабудавалі дом, трымалі вялікую гаспадарку, апрацоўвалі соткі зямлі. Старажылы вёскі, якія даўно ведаюць Ніну Пархоменка, кажуць, што яна вельмі добра ткала і прыгожа вышывала. У яе ўмелых руках ніткі і тканіна пераўтвараліся ў прыгожыя рэчы. – Працавала ад усходу сонейка да самай апоўначы. Так хацелася ўсё паспець, болей зрабіць. Шыла і пры лучыне, і пры газавай лямпе. А як радавалася, калі нарэшце з’явілася электрычнае святло! – дзеліцца ўспамінамі доўгажыхарка, якая сёння з’яўляецца сапраўдным носьбітам народных традыцый вёскі. З пачаткам жніва менавіта Ніне Пархоменка давяраюць зажынаць першы сноп. З сярпом і песняй ідзе яна по полю і акуратна зразае каласок за каласком. Гасцей Ніна Данілаўна сустракае блінамі, якія пячэ ў печы, і частуе малочным аўсяным кісялём – традыцыйнай мясцовай стравай. Ну а хто для доўгажыхаркі самыя дарагія госці, можна здагадацца з першай спробы. Зразумела, гэта яе дзеці, шасцёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў. Сёння Ніне Данілаўне не сорамна за іх. Дзеці і ўнукі не пакідаюць яе сам насам з праблемамі і цяжкасцямі, клапоцяцца, тэлефануюць і наведваюць па магчымасці. І яна вельмі радуецца, калі ўся сям’я збіраецца разам. Таццяна КАПІТАН.
Баннер Telegram канала