Воскресенье, 26 апреля, 2026

Радио

ВЕРАНІКА – ТАЯ, ШТО НЯСЕ ПЕРАМОГУ

У рамках ХХІІІ Нацыянальнага фестываля беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2024” прайшоў Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Яго ўдзельніцай стала наша зямлячка Вераніка Высоцкая. З песняй “Поле горкіх палыноў” Вераніка атрымала Гран-пры фестываля і званне лаўрэата.

Шлях Веранікі на эстраду пачынаўся ў Калінкавічах. У дзевяцігадовым узросце дзяўчынка са шматдзетнай сям’і ўпершыню пераступіла парог дзіцячай музычнай школы мастацтваў. Вераніка тады спявала ў вакальным ансамблі “Новае пакаленне” і звярнула на сябе ўвагу выкладчыка па вакалу Галіны Новік. Галіна Сцяпанаўна ўспамінае, як пачала сольна займацца са здольнай, кемлівай і дасціпнай дзяўчынкай, як тая рабіла першыя самастойныя крокі на сцэне ў гарадскіх і раённых канцэртах. А потым спрабавала свае сілы ў творчых конкурсах, у тым ліку і міжнародных. На адным з іх Вераніка заняла першае месца.

Так да яе прыйшоў першы значны поспех, акрыленая якім яна пачала працаваць над сабой яшчэ больш. Вынікам гэтых старанняў сталі новыя творчыя поспехі і перамогі ў розных конкурсах і на фестывалях. Адна з перамог у чарговым міжнародным конкурсе прынесла Вераніцы Высоцкай прысуджэнне спецыяльнай прэміі спецыяльнага фонда Прэзідэнта Республікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

У 2020 годзе Вераніка закончыла Калінкавіцкую дзіцячую музычную школу мастацтваў і паступіла ў Мінскі дзяржаўны коледж мастацтваў і стала навучэнкай аддзялення эстрадна-джазавага вакалу. І падчас вучобы дзяўчына працягвала ўдзельнічаць у творчых конкурсах і фестывалях. Так, у 2022 годзе Вераніка Высоцкая заваявала Гран-пры ў намінацыі “Эстрадны вакал. Салісты” ХІ рэспубліканскага творчага конкурсу “Маладыя таленты Беларусі”. Вясной мінулага года яна атрымала Гран-пры Х адкрытага конкурса юных выканаўцай эстраднай песні ў Маладзечне, а восенню заваявала першае месца на ХХ республіканскім конкурсе эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд”. За час вучобы ў коледжы мастацтваў двойчы станавілася прэзідэнцкай стыпендыяткай.

У цяперашні час дзяўчына здае дзяржаўныя экзамены. Мяркуючы па адзнаках, Вераніка атрымае “чырвоны” дыплом. Пажадаем ёй плённай працы і новых творчых перамог. А яны абавязкова будуць. Нездарма ж яе імя азначае “тая, што нясе перамогу”.

 

Аляксандр Века.

Баннер Telegram канала