У кожнай вёскі нашага раёна – свая непаўторная гісторыя, якую пішуць яе жыхары. А ў кожнага чалавека – свой лёс, свае радасці і беды, але святло і чысціня душы дапамагаюць нам змагацца з рознымі жыццёвымі цяжкасцямі.
У вёсцы Бярозаўка, у хаце на ўзгорку, насупраць якой бусел збудаваў на слупе сабе гняздо і вяртаецца ў яго штогод, жыве Ніна Цырулік. Не адно дзесяцігоддзе свайго жыцця яна прысвяціла народнаму фальклорнаму ансамблю “Бярозаўскія пералівы”, ездзіла з ім у Ляскавічы, Столін і ў другія кропкі нашай краіны, дзе праходзілі значныя музычныя святы і фестывалі.
У канцы мінулага года ў Бярозаўку прыязджала здымачная група тэлеканала “Беларусь-3”, каб зняць пра бярозаўскіх артыстаў адну з цыкла тэлеперадач “Наперад у мінулае”. Завіталі тады тэлежурналісты і да Ніны Канстанцінаўны, як да носьбіткі фальклору і захавальніцы народных культурных традыцый гэтай вёскі. Трэба адзначыць, што ў Ніны Цырулік атрымалася здзівіць гарадскіх гасцей аўтэнтычным выкананнем старажытных народных песен, якія яна пераняла яшчэ ў дзяцінстве ад сваёй маці.
– Тэлевізараў тады ж не было, як навогул і электрычнасці. Маці доўгімі зімовымі вечарамі прала кудзелю і вышывала пры лучыне. І заўсёды пры гэтых занятках спявала. Песня сапраўды ў працы спрыяе, я ў гэтым асабіста пераканалася. Памятаю, едзем мы брыгадай на луг сена грэбці на бартавой грузавой машыне – спяваем усю дарогу ажно да самай Прыпяці. Асфальту на дарозе не было, пясок, таму ехалі доўга. На лузе пад Канатопам цэлы дзень працуем і спяваем. Назад едзем стомленыя, ледзь ускочым на тую машыну і усё роўна спяваем. А вечарам, як вольная часіна, яшчэ і на вячорках збіраліся, і зноў спявалі, – дзеліцца ўспамінамі Ніна Цырулік і працягвае: – Тут у Бярозаўцы ўсе мае карані. Бацька быў адсюль і маці. І мужык мой быў тутэйшы. Нарадзілася я ў Старой Бярозаўцы, якая ўнізу побач з Новай была. А мой Сцяпан недалека адсюль жыў, на гарэ. Шматдзетныя сем’і ў нас былі, жылі бедна. У маіх бацькоў было пяць дзяцей, і ўсе дзеўкі. А яго маці ўвогуле адна шасцярых дзяцей узгадавала: іх бацька загінуў на вайне. Сцяпан быў шостым, самым малодшым. Нам пашанцавала: наш бацька вярнуўся з фронту жывым. Ён быў афіцэрам. Меў і узнагароды.
У архіўных дадзеных мы знайшлі звесткі пра бацьку Ніны Канстанцінаўны. Там гаворыцца, што лейтэнант Кавальчук Канстанцін Кузьміч 1910 г.н. быў у радах Чырвонай Арміі з 1939 года, узнагароджаны Ордэнам Чырвонай зоркі, медалём “За Перамогу над Германіяй” і ордэнам Вялікай Айчыннай вайны.
Пасля вайны Канстанцін Кавальчук працаваў загадчыкам сельскага клуба ў Старой Бярозаўцы. Яго жонка Наталля Фёдараўна – у калгаснай брыгадзе.
– І ў мірны час, як афіцэра, бацьку часта забіралі на ваенныя зборы. А яшчэ ён займаўся з мясцовымі хлопцамі, рыхтаваў іх да армейскай службы, навучаў ваеннай падрыхтоўцы, – расказала Ніна Цырулік. – Бацька ў нас быў добры, паважалі яго ў вёсцы. Дома тожа быў гаспадаром, хаця і злаваўся калі-нікалі на маці, што пяць дзевак яму нарадзіла і ні аднаго сына (усміхаецца). Адукацыі ў мяне сем класаў. Далей бацька ў школу мяне не пусціў: две старэйшыя сястры паехалі ў горад вучыцца, а нас малодшых аставілі дома дапамагаць. Пайшла я працаваць ў калгас. У брыгаду хадзіла, кароў даіла.
Калі Ніна пайшла замуж за Сцяпана Цыруліка, яе бацька ахвяраваў маладым бычка, каб хоць трохі разжыліся.
Пасля вяселля Сцяпана Цыруліка прызвалі на тэрміновую службу. Пакуль ён служыў у Германіі, жонка нарадзіла двойню – хлопчыкаў Алега і Сяргея. Маладога бацьку адправілі дадому. Паціху абжываліся.
Сцяпан Сямёнавіч каля дзесяці гадоў працаваў у канторы Госстраха, потым больш за дваццаць гадоў – на складзе ў калгасе. Ніна Канстанцінаўна некаторы час была рабочай на гаспадарцы ў Юравіцкім дзіцячым доме, садзіла лес, потым даіла кароў на ферме.
У іх нарадзіліся яшчэ сын Віця і дзве дачкі – Наталля і Насця.
Двух сваіх дзяцей – Алега і Насцю – Ніна Цырулік перажыла. Таму былі ў яе жыцці перыяды, калі яна доўгі час не спявала.
Няма ўжо побач і Сцяпана Сямёнавіча. Хутка будзе два гады, як засталася ўдавою. Галоўнае багацце жанчыны сёння – шэсць унукаў і тры праўнукі.
Дачка Наталля, што жыве ў Мазыры, наведвае маці даволі часта. Віктар абаснаваўся ў Светлагорску. Сяргей заехаў сама далёка – жыве на Украіне, пад Адэсай.
Двойчы на тыдзень да Ніны Цырулік прыходзіць сацыяльны работнік – дапамае зрабіць тую работу, што жанчыне ўжо не па сілам. Але ж большасць спраў Ніна Канстанцінаўна стараецца рабіць сама.
Уся хата Ніны Цырулік у вышыванках. Вышытыя накідкі, навалкі, сурвэткі, фартушкі, саматканыя посцілкі – усё гэта зроблена яе працавітымі рукамі.
– Я і вязаць люблю, – кажа 82-гадовая жанчына. – Ужо даўно не вышываю, а вязаць і сёння вяжу. Напрыклад, вось такія тапкі-шкарпэткі, каб ногі не мерзлі. Усіх родзічаў ужо імі запяспечыла (смяецца). І вам зараз падару. Які вы носіце памер?.. Без працы сядзець сумна і нудна. Ды і варушыцца трэба ў маім узросце, бо як сядзеш, так можна ўжо і не падняцца. Вось таму і варушуся. Зарадку раніцай раблю. Даўленне, бывае, скача, па жмені парашкоў п’ю, але ж як ад агарода ў вёсцы адмовіцца? Сею ўжо мала, усяго патроху. На палове сотак – бульба, на другой – гарбузы. На градах – крыху агародніны. Добра, што дзеці дапамагаюць. З гаспадаркі ў мяне зараз толькі куры, тры коцікі і сабачка. Вось так і баўлю час: курэй выходжу пасвіць, хрэну вунь накапала, буду драць – хутка ж Вялікдзень. А потым і грады пачнуцца. Адным словам, няма часу сумаваць.










