Пятница, 17 апреля, 2026

Радио

Новыя рэтра-аўтамабілі ад калінкавіцкага рэстаўратара

Новыя рэтра-аўтамабілі ад калінкавіцкага рэстаўратара
бичан копия Няўрымслівасць і фантазія адзінага ў Калінкавіцкім раёне рэстаўратара мота- і аўтамабільнай тэхнікі Станіслава Бічана сапраўды не маюць мяжы. З юных гадоў захоплены гэтай справай калінкаівчанін сабраў з аўтэнтычных дэталяў мноства веласіпедаў, мапедаў, матацыклаў і аўтамабіляў савецкай і замежнай вытворчасці. І вось днямі калекцыю адрэстаўраваных ім мадэляў папоўнілі дзве легкавушкі — СМЗ С-3А і ГАЗ-21 “Волга”. Першы з названых — двухмесны чатырохколавы аўтамабіль з матацыклетным рухавіком, выпуск якога некалі быў наладжаны на заводзе ў Серпухаве Маскоўскай вобласці. Па сутнасці гэта матарызаваная інвалідная каляска, атрымаўшая ў народзе назву “інвалідка”. Рэканструкцыя гэтай мадэлі заняла два гады. Столькі ж часу пашло і на тое, каб фактычна з нуля сабраць аўтамабіль ГАЗ-21 “Волга” 1959 года (другая серыя).            Па словах Станіслава, дэталі для рэтра-тэхнікі давялося шукаць па ўсёй Беларусі. Геаграфія паставак уключае Мінск, Гомель, Гродна, Бабруск і іншыя гарады. Асабліва давялося папрацаваць над прывядзеннем ў належны стан салонаў гэтых аўтамабіляў. Зараз мадэлі поўнасцю адпавядаюць сваім арыгіналам, зробленым некалькі дзесяцігоддзяў таму і пераліваюцца свежай фарбай. Былыя мадэлі аўтатэхнікі Станіслаў пасля завяршэння рэканструкцыі аддаваў ў прыватныя музеі рэспублікі, а на гэты раз вырашыў адступіць ад уласнага прынцыпу і пакінуў машыны для ўласнага карыстання.      У далейшым майстар запланаваў рэканструкцыю серыі матацыклаў савецкай вытворчасці.    Да чытачоў газеты ён звяртаецца з просьбай: калі ў вас ёсць непатрэбныя дэталі ад старой вела-, мота-і аўтатэхнікі, патэлефануйце, калі ласка, па тэлефонах 8(029) 237 – 50 – 27, альбо 8(029) 662 – 93 – 24. Цімафей КЛІМЯНОК. Фота аўтара.
Баннер Telegram канала