Воскресенье, 26 апреля, 2026

Радио

Дранікі на калодзе, вогненнае шоу і святочны салют. У Бабровічах правялі дзень вёскі

“Ёсць на свеце такія мясціны, што на картах вялікіх не знойдзеш. Па-асобнаму неба здаецца там сінім, па-асобнаму пахнуць там вішні…”, – такімі словамі у мінулую суботу распачаўся дзень вёскі ў Бабровічах.

Што ў вёсцы ладзіцца свята, было чуваць здалёк: гучала музыка, чуліся звонкія галасы і дзіцячы смех. А якія водары віталі ў паветры!

Каля святочна ўбранай сцэны раскінуліся каларытныя падворкі і тэматычныя пляцоўкі з фотазонамі ўчастковай бальніцы, участка КУП “Камунальнік Калінкавіцкі”, дзіцячага сада і сярэдняй школы.

На свята са сваімі выставамі-пляцоўкамі прыбылі і госці: удзельнікі ваенна-гістарычнага клуба “Калінкавіцка-Мазырскі Пошук” гісторыка-патрыятычнага грамадскага аб’яднання “Будзем помніць”, а таксама супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Для дзетак працавалі атракцыёны і гандлёвыя кропкі са смачнымі ласункамі. Для дарослых арганізатары падрыхтавалі шашлыкі, уху і розныя іншыя прысмакі.

Адкрыццё, як і належыць, было ўрачыстым. З цёплымі словамі да вяскоўцаў звярнулася старшыня Гарочыцкага сельвыканкама Іна Зінавенка, якая пажадала кожнаму моцнага здароўя і дабрабыту, падзякавала за дапамогу і ўзаемаразуменне.

Падзячныя лісты райвыканкама за захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей і гісторыі вёскі ў намінацыі “Патрыёт сваёй краіны” атрымалі Віталь Чакранёў і Сяргей Ткачэнка.

Традыцыйна на свяце ўзгадалі старэйшых жыхароў вёскі – Браніславу Брацішчаву, Антаніну Васільеву, Яўгенію Маслоўскую, Кацярыну Шашолку, Таццяну Садоўскую.

Не забыліся і пра самага маленькага жыхара – Дар’ю Кабзар, якая нарадзілася 16 мая.

Павіншавалі залатых і срэбраных юбіляраў, у тым ліку і сямейныя пары – Аляксея і Надзею Урсакі, Валерыя і Наталлю Маркавых, Міхаіла і Надзею Паўлавых, Аляксандра і Людмілу Мельнікавых, а таксама Галіну Аднаральчык, якая менавіта 10 жніўня, у дзень вёскі, адзначала свой 65-гадовы юбілей.

Асобна віншавалі першакласнікаў, якіх у гэтым навучальным годзе ў Бабровічах сем. Разам са сваёй першай настаўніцай Вольгай Пікун будучыя вучні мясцовай школы выйшлі на сцэну за падарункамі ад сельсавета.

А потым першакласнікаў і іншых дзетак запрасілі прыняць удзел у конкурсе юных мастакоў і размаляваць плошчу перад клубам каляровымі малюнкамі на тэму “Мая радзіма – Беларусь”.

А вось дарослым удзельнікам свята вядучыя прапанавалі прадэманстраваць свае кулінарныя здольнасці ў конкурсе “Вясёлы дранік”, прыгатаваўшы нацыянальную беларускую страву на… калодзе. За званне лепшага кулінара змагаліся дзве каманды – Бабровіцкай участковай бальніцы і сярэдняй школы. Цудоўныя, румяныя і духмяныя дранікі атрымаліся і ў той, і ў другой. Але ж першае месца дасталася медыкам.

А ў конкурсе “Летапіс вёскі ў фотаздымках” пераможцам стаў калектыў дзіцячага сада.

На мерапрыемстве гучала шмат цёплых слоў, было шмат падарункаў, у тым ліку і музычных. Дзякуючы ансамблю “Вечарынка” Бабровіцкага СДК свята вёскі адтрымалася вясёлым і па-сапраўднаму душэўным. Людзі з задавальненнем падпявалі спевакам і выходзілі танцаваць.

Вечарам, калі сцямнела, жыхароў вёскі чакаў сюрпрыз – відовішчнае вогненнае шоу, пасля якога неба над Бабровічамі расквеціў святочны салют.

Вось так цікава і ярка прайшоў святочны дзень у Бабровічах дзякуючы, у тым ліку, спонсарам. Гэта Аляксандр Шапецька, Дзмітрый Пінчук, Пётр Майсюкоў, Алег Воўк, Сяргей Алісейка, Аляксандр Жыгар, Алег Пахар, Руслан Паплавец.

Словам, Бабровічы весела, дружна, усёй вёскай адпачылі ад штодзённых клопатаў. Такое яно вясковае жыццё: працаваць, дык да сёмага поту, а святкаваць, дык шчыра, ад душы.

Баннер Telegram канала